Княгінінскія дзеці зрабілі падарункі сваімі рукамі

294

pa110103Насычана і адметна праходзіць Тыдзень маці ў школах і дзіцячых садках Мядзель­шчыны. Разнастайнымі мерапрыемствамі насычаны гэтыя кастрычніцкія дні і ў Княгінінскай сярэдняй школе. Як паведаміла педагог-арганізатар Наталля Віктараўна Пуня, пачалося святкаванне з выпуску насценнай газеты, якую падрыхтавалі васьмікласнікі разам са сваім класным кіраўніком Ганнай Уладзіміраўнай Яну­цэвіч. Акрамя таго, вучні пішуць сачыненні пра свайго найдаражэйшага чалавека на свеце, у якіх расказваюць пра пяшчоту і дабрыню матуль, іх залатыя рукі і шчодрыя сэрцы. У рамках Дня здароўя прайшло ў навучальнай установе спартыўнае свята «Тата, мама  і я — спартыўная сям’я». Сямікласнікі пад кіраўніцтвам свайго класнага кіраўніка Алы Аляксандраўны Ізергінай рыхтуюць фотавыставу пад назвай «Мама — сонейка!». Арганізаваны і конкурс малюнкаў «Мая мама — лепшая ў свеце». Усе без выключэння вучні ўдзельнічаюць у акцыі «Дапамажы маме», а пачаткоўцы разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Ірынай Мікалаеўнай Ананьевай, Кацярынай Мікітаўнай Хрыстафоравай і Валянцінай Нес­цераўнай Варонька яшчэ і ў акцыі «Падарунак — маме». Хлопчыкі і дзяўчынкі ўласнымі рукамі рыхтуюць суве­ніры, якія збіраюцца ўручыць на свята матулям.

Завершыцца тыдзень святочнымі праграма­мі: у старшакласнікаў — «Матуліна сэрца — сонейка», якую рыхтуюць вучні 7 класа, а ў пачаткоўцаў — «Асеннія роздумы пра маму» (яе ўдзельнікі вучні 1-4 класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Наталлі Леанідаўны Жукавень).

Як і заўжды не абыдзецца без школьнікаў і канцэртная праграма ў Княгінінскім СДК. Разам з самадзейнымі артыстамі ўстановы культуры вучні таксама
будуць спяваць, дэкламаваць вершы. Парадуюць
удзячных гледачоў і ўдзельнікі літаратурна-драматычнага гуртка пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Міраславы Лявонаўны Броўка,
выступленні якіх пастаянна праходзяць на «ўра».

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: другакласнікі і трэцякласнікі Княгінінскай СШ з падарункамі маме, зробленымі сваімі рукамі.

Фота Аляксандра Высоцкага.