«Хата з матчынай душой»

395

Пад такой назвай прайшло ў Мя­дзельскай сярэдняй школе №1 імя У. М. Дубоўкі фальклорнае свята. Рыхтаваліся да яго вучні 9 «Б» класа разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры В. У. Ермаковіч загадзя. Напачатку юнакі і дзяўчаты выпытвалі ў сваіх бабуль і дзядуляў, а таксама прабабуль і прадзядуляў пра тое, як яны некалі праводзілі свой вольны час, у якія гульні гулялі, якімі рамёствамі займаліся, што рабілі на вячорках. Адпаведную інфармацыю адшуквалі таксама ў інтэрнэце, розных літаратурных выданнях. Пасля ўсе сабраныя звесткі пад кіраўніцтвам педагога абагульнялі, групавалі, каб атрымаць больш поўнае ўяўленне пра тагачаснае жыццё і звычаі сялян. Многія старшакласнікі прыносілі з дому рэчы, якія маглі  далучыць іх да культурнай спадчыны мінулай пары.

І вось нарэшце ўсё гатова. Памяшканне стылізавана пад беларускую хату. На покуці вісяць аб­разы, упрыгожаныя ручнікамі. Ля ўваходу знаходзіцца печ. На сценах развешаны тканыя пос­цілкі, вышыванкі, ручнікі. На стале, на падлозе стаяць рэчы хатняга ўжытку: дзяжа, бойка, прасніца, калаўрот, качалка, ка­шы, збаны, гарлачы, лапці, вырабы з саломкі… Дзеці і госці, а гэта настаўнікі беларускай мовы і літаратуры навучальных устаноў Мядзельшчыны, рассаджваюцца за сталом. Гучаць словы песні Ю. Семянякі і У. Карызны «Люблю цябе, Белая Русь», якія змяняюць радкі верша Р. Барадуліна «Матчына хата». І пачынаецца цікавае падарожжа па краіне нашых продкаў. А бярэ яно свой адлік з вясковай сядзібы, якая ўяўляе сабой спадчыну: і зробленую рукамі чалавека,  і духоўную, што прыйшла з мінулага ў дзень сённяшні і якую трэба зберагчы для нашчадкаў.

— Родны куточак, бацькоўская хата,

Колькі там ласкі, дабра, чысціні!

Маці з парога дзяцей сустракае,

Мрояцца думкі аб гэтым у сны, —

чытае Валянціна  Уладзіміраўна. Педагога дапаўняюць вучні, якія знаёмяць  прысутных з асаблівасцямі  інтэр’ера сялянскай хаты і рэчамі, якія знаходзяцца ў ёй. Пачынаецца аповед з прызначэння печы, да якой здаўна адносіліся як да жывой істоты і ў прысутнасці якой нават не ўжывалі грубыя, непрыстойныя словы. Да яе дакраналіся, каб «быў лад», калі ехалі да дзяўчыны ў сваты, у яе прасілі дапамогі і ў доме будучай нявесты. І гэта невыпадкова, бо падпечак лічыўся месцам знаходжання добрага духа — дамавіка, галоўным абавязкам якога быў клопат пра дабрабыт сям’і.

Не менш важнае значэнне надавалася здаўна і парогу. Меркавалі, што там жылі душы продкаў, якія маглі паўплываць на здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з людзь­мі. Нездарма, адпраўляючыся ў далёкую дарогу, садзіліся перад парогам, каб не наклікаць спрэчак, непаразумення. Забаранялася вітацца праз парог. Нельга бы­ло і на яго станавіцца.

Ганаровым месцам лічыўся і покуць. Увогуле гэта быў своеасаблівы куточак храма ў хаце: уверсе віселі абразы з выявамі Ісуса Хрыста і святых, якія маўклівай малітваю асвячалі хату і яе жыхароў. Яны ўпрыгожваліся ўзорнымі ручнікамі — набажнікамі, галінкамі асвечанай вярбы, пучкамі жытнёвых каласоў і лугавых траў. За абразамі захоўвалі таксама бутэлечку са свянцонай вадой, лекі ад розных хвароб. Да столі часам  падвешваўся саламяны павук. Продкі верылі, што ён прыносіць у дом шчасце.

Далей размова пайшла пра посуд: гліняныя збаны, гарлачы, глякі, а таксама пра людзей, якія іх выраблялі — ганчароў. Гэта дзякуючы іх умелым рукам на верхнім дыску ганчарнага кола ажывала гліна, пераўтвараючыся ў гаршчкі ці іншыя пасудзіны, якія прасушвалі і абпальвалі на моцным агні, каб станавіліся трывалымі і не баяліся вады.

У кожным двары было шмат кашоў. Плялі іх нават дзеці, пасучы кароў, з лазовых дубцоў ці хваёвых карэньчыкаў з дапамогай ножыка-сцізорыка. Выкарыстоўваліся таксама карабы, сплеценыя з дубу, бяросты, лазы ці саломы то ў выглядзе бочачкі, то гаршчка, у залежнасці ад выдумкі і фантазіі. Былі яшчэ і вярэнькі — круглыя ці прадаўгаватыя каробкі — лубяныя, берасцяныя, лазовыя з вечкамі  ці без іх, з адной альбо дзвюма ручкамі. У іх пераносілі на плячах вяскоўцы прадукты і гародніну. Дарэчы, кашы і сёння выкарыстоўваюцца пад­-
час збору ўраджаю. З імі і ў лес бегаюць, калі год багаты на грыбы. А вось карабы засталіся ў казках.

З даўніх часоў, як паведалі вучні, вызначалася выключная роля хлеба ў жыцці чалавека. Людзі цанілі не толькі колас, але і сцябло. Гэта быў добры і танны матэрыял, з якога плялі карзіны, посуд, цацкі, упрыгожванні і шмат чаго іншага. Акрамя саломы, для пляцення шырока выкарыстоўвалі лазу — галлё вінаграду і вярбовых кустоў, а таксама лыка. З палосак кары маладых лісцёвых дрэў, пераважна ліпы, з бяросты ці пянькі — канапляных вяровачак — на драўлянай калодцы ра­білі лапці. У петлі-вушкі, якія былі па баках, зацягваліся аборы — вераўчаныя ці раменныя шнуркі: імі прывязвалі старадаўні абутак да ног. Падэшву для трываласці падпляталі тым жа лыкам, пянькою, зрэдку падшывалі скураю. А на ногі накручваліся палатняныя анучы, зі­мой — суконкі, каб было цяплей. І сёння лапці «скрыпяць» у казках. І не абутак вінаваты, а чалавек, калі з яго, недарэкі, смяюцца: «Лапаць ты!».

Ішла на свяце таксама размова пра рэчы, упрыгожаныя вышыўкай. Характэрныя прыёмы гэтага рамяства, арыгінальныя ўзоры сапраўды беражліва захоўваліся і развіваліся, асабліва ва ўпрыгожанні адзення і шматлікіх рэчаў хатняга ўжытку. З пакалення ў пакаленне перадаваліся навыкі майстэрства і адмысловыя рэчы — ручнікі, абрусы, сурвэткі, дываны, вышытыя крыжам і гладдзю. Матэрыялам для іх служылі шарсцяныя, шаўковыя і льняныя тканіны. Напрыклад, для вырабу апошняй прымянялі лён, які сеялі, палолі, рвалі, слалі, мялі, трапалі, часалі, а атрыманы кужаль пралі, ніткі бялілі, фарбавалі…

А яшчэ беларускія майстры ўпрыгожвалі сцены дамоў, мэблю, шкатулкі, куфры роспісам. Радзей распісвалі посцілкі, шкло, посуд. Вокны прыбіраліся выцінанкамі. Выкарыстоўваліся таксама папяровыя ажурныя фіранкі, сурвэткі, абажуры, пано. У тыя часы  ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла дачку, бабуля — унучку. Не ўсе ведалі, што некалі прасніцу рабілі з суцэльнага дрэва, з густам аздаблялі: выразалі на лопасці фігуркі жывёл, птушак, лісцікі, пялёсткі, розныя ўзоры. З ёй дзяўчаты ха­дзілі на вячоркі, дзе пралі, левай рукой выцягваючы з воўны ці ку­дзелі валаконцы, а правай круцілі верацяно, навіваючы на яго нітку, і спявалі песні, прыпеўкі.   А ў канцы зімы жанчыны пачыналі снаваць кросны, на якіх ткалася ўсё — ад грубага срэб’я да тонкага кужалю. І сёння ў некаторых вясковых хатах можна ўбачыць куфар, дзе ляжыць сапраўдны скарб — прыгожыя кашулі і фартушкі, посцілкі і абрусы… Такія абновы каштоўныя: у іх укладзена натхненне, душа таленавітых майстрых. Сатканае палатно вымачвалі, выбівалі пранікам, адбельвалі. Нават прыгажуня-дзяўчына лічылася беспасажніцай, калі не мела кужэльнага палатна — чыстага, белага, мяккага. А вось ручнікі выкарыстоў­валі яшчэ і ў беларускіх абрадах. Іх дарылі родзічам маладога. На яго станавіліся маладыя ў час вянчання. Дарэчы, і зараз самых паважаных гасцей сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках. А ўзорныя посцілкі сталі ткаць значна  пазней, чым ручнікі і абрусы, бо ложкі ўвайшлі ў быт сялян вельмі позна. Аднак мастацкае аздабленне іх вельмі высокае. І сёння яны могуць смела сусед­нічаць з сучаснымі дыванамі.

Вось так, пакрысе, і ажыццяўлялася дзякуючы сумесным намаганням педагога і вучняў падарожжа ў гістарычнае мінулае нашага беларускага народа. Прычым аповед пра жыццё і звычаі сялян суправаджаўся песнямі і вершаванымі радкамі. Патрэбна было вучням адгадаць загадкі. Праводзіўся і конкурс лепшых знаўцаў прыказак і прымавак па тэме вандроўкі. Акрамя таго, дэманстраваліся прадметы побыту, тагачаснае адзенне, абутак, падзелкі мясцовых майстроў.

«Мэта, якая ставілася напярэдадні фальклорнага свята настаўнікам перад дзецьмі, дасягнута, — гаварылі ў адзін голас педагогі, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. — Дзевяцікласнікі змаглі не толькі атрымаць уяўленне пра беларускую хату, але і далучыцца да багатай культурнай спадчыны свайго народа і зразумець, як важна ведаць сваё мінулае і даражыць ім». Дарэчы, гэта не адзінае мерапрыемства, якое прайшло ў сценах Мядзельскай сярэдняй школы імя У. М. Дубоўкі, прысвечанае грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню. Названая тэма ўвогуле займае значнае месца ў працы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Уладзіміраўны Ермаковіч. Яна справядліва лічыць, што ў народа, які не ведае гісторыі сваёй краіны, няма перспектывы. А таму пастаянна настойліва раіць сваім вучням: «Часцей азірайцеся, сябры, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці — у хаце з матчынай душой, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню».

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: падчас фальклорнага свята ў Мядзельскай СШ №1 імя У. М. Дубоўкі.