Каманда «Матрыкс»перамагла ў чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях

215

img_jpg

У гімназіі-інтэрнаце Мядзела адбыўся фінал V раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школь­нікаў. У ім прынялі ўдзел 19 каманд устаноў адукацыі раёна. Што цікава, гуляла і зборная каманда бацькоў юных знаўцаў.

Напачатку каманды пры­ві­талі адзін аднаго дэвізамі, якія адпавядалі сутнасці назвы каманды. А потым пача­ліся гульні. Было іх тры: «Ме­дыяазбука», «Тройка» і «Што? Дзе?Калі?».

У выніку трэцяе месца ў агульным заліку чэмпіянату заняла каманда «Піраміда» сярэдняй школы №2 Мядзела, другое —  «Кіндэры з сюрпрызам»  з Камароўскай СШ. Перамагла каманда «Матрыкс» з гімназіі-інтэрната Мядзела. Дарэчы, гімназісты былі лепшымі ва ўсіх трох гульнях.

Пераможцы атрымалі ў падарунак шыкоўныя энцыклапедычныя выданні і былі ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі райвыканкама. Пераходны кубак чэмпіянату і сімвал гульні «Мудрая сава» начальнік аддзела адукацыі Ірына Валянцінаўна Рагоўская ўручыла знаўцам з каманды «Матрыкс». Але без сувеніраў ніхто не за­стаўся: усе ўдзельнікі чэмпіянату атрымалі памятныя юбілейныя значкі.

Падрабязней пра чэмпіянат і яго гісторыю пагутарылі з загадчыцай раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі Ганнай Яўгенаўнай Саўчык:

— Якім атрымаўся фінал юбі­лейнага чэмпіянату?

— Вельмі якасным, цікавым і захапляльным — не толькі для дзяцей, але і бацькоў. Дарослыя з такім азартам уключыліся ў гульню, так перажывалі за свае веды і адказы. Прыемна было бачыць, что каманда бацькоў паказала дастойныя вынікі. Гэта, напэўна, не дзіўна, паколькі капітан каманды — Дзмітрый Мікалаевіч Рушук — у свой час з залатым медалём закончыў СШ №2 Мя­дзела. Ды і іншыя члены каманды вызначаліся ў школьныя гады на інтэлектуальнай ніве.

—     Сёлетні чэмпіянат быў юбілейны. А прыгадайце, як жа ўсё пачыналася?

—     У верасні 2007 года раённы метадычны кабінет аддзела адукацыі райвыканкама распрацаваў Палажэнне аб правядзенні рэгулярнага чэмпіянату раёна па інтэлектуальных гульнях. Накіравана яно было на павышэнне прэстыжу ведаў, актывізацыю інтэлектуальнай дзейнасці навучэнцаў, падтрымку і прапаганду разнастайных форм вольнага часу і самаадукацыі вучняў. Ха­чу ад­значыць, што за гэты час назіраецца станоўчая дынаміка ўдзелу ўстаноў адукацыі ў інтэлектуальным руху. Параўнайце: пачыналі з 8 каманд, а ў гэтым сезоне іх было 19.

— Якія якасці патрэбны дзецям, каб удзельнічаць у інтэлектуальных гульнях?

—     Неабходна мець шырокі навуковы кругагляд, валодаць вялікай адукаванасцю, а таксама хуткасцю, арыгінальнасцю і неардынарнасцю мыслення. А яшчэ трэба быць уваж­лівым, назіральным, мець логіку. Часам самі ж пытанні ўтрымліваюць намёкі на правільны адказ або патрабуюць неардынарна мысліць. Лепшымі становяцца найбольш рознабакова эрудзіраваныя і начытаныя гульцы, бо пытанні адносяцца да зусім розных галін пазнання. Каб каманда была моцнай, трэба сабраць знаўцаў з рознымі стылямі мыслення і, пажадана, каб яны былі спецыялістамі ў розных галінах ведаў.

— Чаму спрыяе ўдзел у інтэлектуальным руху?

— Удзел у падобных інтэлектуальных «баях» садзейнічае развіццю алімпіяднага руху: многія члены каманд з’яўляюцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алім­піяд. Інтэлектуальныя гульні дапамагаюць вучням не толькі назапашваць веды, але і вучаць сабранасці, адказнасці, фарміруюць упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. Раённы чэм­піянат па інтэлектуальных гульнях мае шырокі спектр гульнявых прыёмаў і метадаў, накіраваных на раз­віццё і фарміраванне ў вучняў ведаў, логікі, неардынарнага мыслення, эрудыцыі, слоўнікавага запасу, ініцыятыўнасці і ўмення працаваць у камандзе.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: узнагароду ўручае начальнік аддзела адукацыі Ірына Валянцінаўна Рагоўская.