Калектыў творцаў і аднадумцаў

162

Калектыў творцаў і аднадумцаўКАЛІ ступаеш на тэрыторыю Занарацкай СШ, адразу адчуваеш добразычлівую атмасферу, якая пануе навокал. Яна зыходзіць ад людзей, якія тут працуюць і свае сэрцы аддаюць дзецям. Дзякуючы неабыякавым настаўнікам пад кіраўніцтвам мудрага дырэктара ствараецца ўтульнасць на калідорах і ў класных пакоях. Тут гасцінныя, прывет¬лівыя вучні, якія паказваюць адпаведныя поспехі ў вучобе, спорце і культурным жыцці, умеюць сябраваць, паважаюць дарослых, выхоўваюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы. А школьнае жыццё, увогуле, цікавае і змястоўнае, насычанае карыснымі справамі і знаходкамі. З размовы з дырэктарам школы Г. І. Варанец, яе намеснікамі В. А. Роліч, Н. Г. Жыхар даведалася, што калектыў занарацкіх настаўнікаў фарміраваўся не адзін дзясятак год. Ён сталы, хоць перыядычна папаўняецца новымі кадрамі, са сваімі традыцыямі. Гэта калектыў творцаў і аднадумцаў, усе члены якога асобы таленавітыя, майстры абранай справы. Далёка не ў кожнай школе столькі працуе мужчын, як тут. Усе яны ўласным прыкладам натхняюць дзяцей, вядуць за сабой. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя А. М. Жыхар і Ч. С. Вярбіцкі не ўяўляюць свайго жыцця без спорту. Яны не толькі выдатна рыхтуюць вучнёўскія каманды на спаборніцтвы рознага ўзроўню, дзе, як хлопцы, так і дзяўчаты, выступаюць даволі вынікова, але і самі адстойваюць не толькі гонар школы, але і раёна на спартыўных мерапрыемствах. Да таго ж, Часлаў Станіслававіч — майстар на ўсе рукі: робіць мэблю, займаецца пчалярствам, іграе на гітары і губным гармоніку, выдатна спявае. Творчая натура і Аляксандр Мікалаевіч. Ён піша вершы, з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Медуніца”, створанага пры цэнтральнай бібліятэцы імя М. Танка. Яго сяброўка па пяры — настаўніца пачатковых класаў А. К. Кот. Ала Канстанцінаўна таксама чалавек творчы, шчыры, нераўнадушны. Яна не толькі выдатны настаўнік, але і шые з дзецьмі мяккія і тэатральныя цацкі, любіць расліны, жывёл, адказвае за прышкольны ўчастак, дзе пастаянна падтрымлівае выключны парадак. Настаўнік геаграфіі і працоўнага навучання П. М. Лашук — мясцовы філосаф, мудры, разважлівы, акуратны, стрыманы. Ён таксама майстар на ўсе рукі. Нездарма дзеці цягнуцца да яго. Настаўнік фізікі і інфарматыкі Э. Э. Памецька — сапраўдны камп’ютарны ас. Любая работа спорыцца ў яго працавітых руках. Ён аднолькава добра і ўрокі выкладае, і трактар водзіць, і спявае.

Усё жыццё прысвяціла школе, вучням настаўніца замежнай мовы В. Б. Пляшак. На дастаткова высокім узроўні выкладае свой прадмет настаўніца рускай мовы і літаратуры В. М. Стома. І той факт, што яе вучаніца васьмікласніца Дар’я Грыбоўская летась стала пераможцай раённай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, гэта даказвае. Творча працуе і выхавальнік групы падоўжанага дня І. П. Вербіловіч. Залог поспеху калектыву ў многім залежыць ад адміністрацыі, якая накіроўвае яго работу. На месцы тут і прафгрупорг А. М. Рослік, якая працуе ў адным рэчышчы з кіраўніцтвам установы і клапоціцца пра педагогаў: іх жыццё, быт, заняткі ў вольны час.

Ёсць ва ўстанове і дынастыя настаўнікаў. Яе пачынальнікамі былі Фаіна Аляксандраўна і Пётр Пятровіч Барысевічы. Іх справу прадоўжыла дачка Алена Пятроўна Жарская, а зараз яе дачка — Неллі Аляксандраўна Жарская, якая выкладае беларускую мову і літаратуру.

А колькі цікавых мерапрыемстваў на рахунку дзяцей і дарослых. Гэта і розныя сумесныя спартыўныя спаборніцтвы паміж настаўнікамі і вучнямі, вучнямі і былымі выпускнікамі, і міні-марафон на 4,2 кіламетра, і традыцыйны футбольны турнір з пераходным кубкам і медалямі ў гонар атрада спецыяльнага прызначэння “Баявы”, які змагаўся з захопнікамі ў нарачанскіх лясах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён праводзіцца на працягу 8 гадоў і даўно выйшаў за межы школы. Дарэчы, гэта мерапрыемства мае не толькі спартыўную, але і патрыятычную накіраванасць. Ініцыятарам яго правядзення выступіў у свой час удзельнік спецатрада “Баявы” М. І. Падшываленка, які з’яўляецца даўнім сябрам школы. Ён жа падараваў навучальнай установе пераходны кубак для турніру, а таксама медалі, мячы. У Дзень пажылых людзей стартаваў у школе дабрачынны марафон “Крылы анёла”. Падчас яго дзеці ўручалі папяровага анёлка састарэлым грамадзянам, пражываючым на вуліцы Кастрычніцкай, і такім чынам атулялі іх сваёй увагай. А напярэдадні Дня настаўніка так віталі са святам педагогаў-пенсіянераў. Добра зарэкамендаваў сябе і вучнёўскі валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”. Яго ўдзельнікі дапамагаюць нямоглым пажылым людзям. Наведваюцца яны і да былой настаўніцы школы Алены Іванаўны Сачок, якая жыве ў Сідаравічах, не забываюць яе, падтрымліваюць.

Асаблівасць школы — навучанне ў ёй 33 дзяцей, якія выхоўваюцца ў 12-ці прыёмных сем’ях і Доме сямейнага тыпу Ж. С. Кавальскай. Мясцовыя дзеці адносяцца да прыёмных прыязна і добразычліва, не ставяць сябе вышэй іх. У гэтым таксама заслуга настаўнікаў школы.

Шмат ва ўстанове і добрых традыцый, якія прыжыліся і сталі адметнай часткай жыцця дружнага калектыву прафесіяналаў. Адна з іх — прапаганда здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і настаўнікаў. Пры школе нават рэсурсны цэнтр працуе па рабоце ў дадзеным накірунку. Ці ўзяць апошні званок, на якім выпускнікі пакідаюць у альбоме свае фотаздымкі і подпісы для гісторыі навучальнай установы. Падабаецца ўсім і цырымонія ўзнагароджання на гэтым свяце вучняў, якія вызначыліся ў розных сферах школьнага жыцця. Асобна варта сказаць пра цесную непарыўную сувязь з настаўнікамі-пенсіянерамі. Яны — галоўныя памочнікі і дарадцы сённяшніх педагогаў. Іх можна часта сустрэць у школе як жаданых гасцей і ў будні, і ў святы. Хочацца, каб так было заўсёды, каб прэстыж настаўніцкай прафесіі з кожным годам рос. Каб і новыя пакаленні занарацкіх педагогаў былі любімымі і паважанымі сярод вучняў і іх бацькоў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: калектыў настаўнікаў Занарацкай СШ.

Фота Ігната Лубнеўскага.