Как прошел «День знаний» в Мядельском УПК ясли-сад-средняя школа

262

Как прошел "День знаний" в Мядельском УПК ясли-сад-средняя школа1 верасня ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца Дзень ведаў. Закончыліся летнія канікулы, і пералівісты школьны званок зноўку абвяшчае пра пачатак новага навучальнага года. Для кагосьці гэта першая прыступка на шляху ў Краіну ведаў, для некага — другая, трэцяя, чацвёртая… А для адзінаццацікласнікаў — апошняя…

Ажыўлена было з самай раніцы ў першую суботу верасня і ў дворыку Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. Сюды на ўрачыстую лінейку спяшаліся разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі па-святочнаму апранутыя, з букетамі кветак у руках хлопчыкі і дзяўчынкі. Ва ўсіх — прыўзняты настрой. Свецяцца дабрынёй твары ў педагогаў. Настаўнікі рады бачыць сваіх вучняў — прыгожымі, здаровымі, поўнымі сіл і энергіі, гатовымі да чарговага паходу па веды. У цэнтры ўвагі, вядома, першакласнікі, якіх па традыцыі заводзяць на лінейку, прысвечаную новаму навучальнаму году, адзінаццацікласнікі. З імі — першая настаўніца Валянціна Малько і выхавальнік Тамара Мацкевіч.
Урачыстасць аб’яўляецца адкрытай. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. У гэты ж самы час падымаецца Дзяржаўны сцяг нашай краіны. Гэта пачэсная місія даручана выдатнікам вучобы, вучням 11 класа Адэліі Савіцкай і Уладзіславу Ткачэнку.
Вядучыя — Алёна Камінская і Валерый Рамашоў — прадстаўляюць гасцей свята: галоўнага спецыяліста ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алену Яцыну, начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўгена Сіняўскага і начальніка каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Мядзела Канстанціна Ляха.
Слова даецца дырэктару ўстановы адукацыі Людміле Семяновіч. Людміла Станіславаўна звяртаецца да настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў. Шчыра ўсіх віншуе з пачаткам новага навучальнага года. Яна гаворыць аб важным прызначэнні ў жыцці чалавека школы, якая не толькі дае грунтоўныя і трывалыя веды, але і выхоўвае грамадзяніна і патрыёта сваёй Айчыны. Прагучалі з вуснаў прамоўцы і пажаданні: настаўнікам — невычэрпных творчых сіл, мудрасці, цярпення, першакласнікам — каб кожны ўрок стаў адкрыццём новага і невядомага, усім вучням — поспехаў і задавальнення ад дасягнутых вынікаў, а выпускнікам — яшчэ і знайсці сваю дарогу ў жыцці. Бацькоў жа педагогі жадаюць бачыць сябрамі сваіх дзяцей, каб яны дапамагалі, падтрымлівалі.

Как прошел "День знаний" в Мядельском УПК ясли-сад-средняя школа
Першы званок новага навучальнага года ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі давалі першакласнікі Леанід Гіль і Аліса Падбярэзская.

Прыемным момантам лінейкі стала ўзнагароджанне граматамі вучняў, якія вызначыліся ў мінулым навучальным годзе. У ліку выдатнікаў вучобы — былыя дзевяцікласнікі Алёна Камінская, Яніна Шаўчэнка, Ксенія Ляонава, дзесяцікласнікі Уладзіслаў Ткачэнка, Паліна Гапонік і Адэлія Савіцкая. Дыпломам трэцяй ступені адзначана пераможца дыстанцыйнай алімпіяды па вучэбным прадмеце “хімія” Кацярына Сергіенка. Пасведчанні ўдзельнікаў конкурсу “Сініца-2018” атрымалі Ксенія Ляонава і Паліна Цімановіч.
З Днём ведаў павіншавала прысутных таксама Алена Яцына, якая ўручыла граматы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама дворнікам Мікалаю Карабейніку, Аляксандру Клечку і кладаўшчыцы Алене Ананьевай. Яны ўсе адзначаны за добрасумленную працу ў сістэме адукацыі азёрнага краю і прафесіяналізм. Атрымала грамату і каманда ясляў-сада-сярэдняй школы — пераможца раённай спартакіяды сярод школьнікаў у групе “А”.
Пад гукі мелодыі “Вучаць у школе” на сцэну падымаюцца першакласнікі. Яны ў вершаванай форме запэўніваюць усіх, што гатовы адправіцца ў падарожжа па веды і спадзяюцца, што школа стане для іх другім родным домам. Дзіцячыя галасы гучаць вельмі шчыра, пранікнёна. Слухаючы іх, сапраўды верыш, што хлопчыкі і дзяўчынкі не падвядуць старэйшых і стануць гонарам установы адукацыі, куды прыйшлі вучыцца. Потым адзінаццацікласнікі ўручылі першакласнікам кнігу “Беларусь — мая Радзіма” — падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Ад імя бацькоў самых меншых вучняў выступіла Яўгенія Крывенькая. Яўгенія Іванаўна пажадала, каб вучоба была для першакласнікаў прыемным заняткам. Выказала ўпэўненасць, што з дапамогай настаўнікаў дзеткі змогуць хутка стаць сапраўднымі школьнікамі. А што датычыць бацькоў, то яны заўсёды гатовы падтрымліваць сваіх дзяцей і дапамагаць ім.

Как прошел "День знаний" в Мядельском УПК ясли-сад-средняя школа
Настаўніцай для 1 «Б» класса стала Святлана Аўдзеенка.

Шчыра віталі ўдзельнікі ўрачыстай лінейкі маладога спецыяліста — настаўніка англійскай мовы Святлану Матошку. Разам з пажаданнямі поспехаў у самастойнай працоўнай дзейнасці атрымала Святлана Пятроўна букет кветак.
Нарэшце настаў самы доўгачаканы момант урачыстасці: зазвінеў першы ў гэтым навучальным годзе званок. Яго перазвон абвясціў усім, што лета закончылася і пачалася школьная пара. Дарэчы, гонар даць яго выпаў вучням 1 класа Ангеліне Жэчка і 11-га — Віктару Варановічу.
Лінейка абвяшчаецца закрытай. Першымі па традыцыі пакідаюць яе першакласнікі. Услед за імі пад мелодыю песні “Дарогай дабрыні” разыходзяцца і астатнія школьнікі. Свята працягваецца ў будынку школы, дзе вучняў чакаюць інтэрактыўная пляцоўка, прысвечаная Году малой радзімы, спартыўная зала, трэнінгі ў псіхолага, кансультацыі ў сацыяльнага педагога.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.