Гульні нашага дзяцінства не забыты!

280

p4210233Ваенна-патрыятычнаму выхаванню ў нашай краіне заўсёды надавалася вялікае значэнне. Менавіта высокія грамадзянскія пачуцці, любоў да Радзімы, гатоўнасць абараніць яе ад ненавіс­нага ворага і адыгралі рашаючую ролю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тады на барацьбу з фашызмам падняліся людзі ўсіх узростаў. Поплеч з дарослымі мужнасць, смеласць, вынослівасць праяўлялі дзеці, моладзь. Неўзабаве споўніцца 67 гадоў, як мы жывём пад мірным небам. І, на вялікае шчасце, не ваюем, а толькі гуляем у спартыўна-патрыятычныя гульні, якія бяруць пачатак з далёкіх пасляваенных часоў. Так, у «Зарніцы» з радасцю і захапленнем дэманстравалі веданне азоў ваеннай справы, фізічную загартоўку бабулі і дзядулі, а таксама бацькі сённяшніх школьнікаў. Памятаю, як і сама з аднакласнікамі старанна рыхтавалася да аналагічных спаборніцт­ваў. Развучвалі песні на патрыятычную тэматыку, маршыравалі строем, разбіралі і збіралі аўтамат Калашнікава, трэніраваліся ў стральбе з пнеўматычнай він­тоў­кі… Вельмі хацелася вызначыцца сярод равеснікаў, не падвесці школу, настаўнікаў, сяброў.

Радасна ўдвайне, што традыцыі мінулых гадоў не забыты, а працягваюцца. Толькі цяпер, як мне здаецца, гульні нашага дзяцінства напоўнены дыханнем сённяшняга часу. А таму ў іх новы вобраз і крыху іншая назва — «Зарніца» і «Бастыёны мужнасці». У мінулую суботу суст­рэлі­ся лепшыя каманды школ азёрнага краю на базе СШ №2 г. Мя­дзел. Адкрываючы мера­пры­­емст­ва, вядучая, намес­нік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сваткаў­скай СШ імя М. Танка, А. М. Ру­сак прадставіла прысутным арганізатараў гульняў і для адкрыцця іх запрасіла да мік­рафона намесніка ваеннага камісара раёнаp4210212 маёра В. А. Якушава. Ві­талій Алегавіч адзначыў актыўнасць вучнёўскай моладзі, яе неабыякавасць да гісторыі сваёй краіны, цягу да ведаў, у тым лі­ку і ў ваеннай сферы. Пажадаў удзельнікам поспехаў і ўда­чы і аб’явіў спаборніцтвы адкрытымі. Пра важнасць ваенна-патрыятычнага выхавання для падрастаю­чага пакалення гаварыла начальнік раённага аддзела адукацыі І. В. Рагоўская. З яе вуснаў прагучаў і наказ камандам: няхай пераможа мацнейшая! Затым галоўны суддзя — намеснік ваеннага камісара раёна В. А. Якушаў агучыў праграму і ўмовы правя­дзення спабор­ніцтваў. Адбылося таксама знаёмства і з судзейскай калегіяй.

На гэты раз 6 каманд былі за­дзейнічаны ў «Зарніцы» і 13 — у «Бастыёнах мужнасці». Па дзве дружыны прадставілі на мера­пры­емства гімназія-інтэрнат г. Мя­дзел, Мядзельская №1, Нарацкія №1 і №2, Занарацкая сярэднія школы. Удзельнікі «Зарніцы» спаборнічалі ў конкурсах строю і пес­ні, фізпадрыхтоўкі, на «Старонках гісторыі», стралялі ў ціры з пнеўматычнай вінтоўкі, рашалі білеты па правілах дарожнага руху і займаліся фігурным ва­джэннем веласіпеда. Не толькі мне адной, але і многім балельшчыкам спадабалася, як упэўнена кіраваў двухколым сябрам Ва­дзім Каравацкі з Нарацкай СШ №1. Напэўна таму ён без штрафных балаў выканаў усе прапанаваныя заданні. А колькі лоўкасці, уважлівасці, спрыту давялося прымяніць хлопчыкам і дзяўчынкам у турысцкай эстафеце! З цікавасцю назірала за дзеяннямі на гэтым этапе спаборніцтваў каманды Мядзельскай СШ №1 імя
У. М. Дубоўкі. Выпрабаванні чакалі юных турыстаў і сапраўды няпростыя: неабходна было пера­адолець адрэзак шляху па нацягнутых паралельна вяроўках, прай­сці па бервяну, вызначыць адлегласць па карце і правільна назваць тапаграфічныя знакі, прапаўзці ў баявой пажарнай амуніцыі праз «мышалоўку», вызначыць азімут,  прадэманстраваць уменне вязаць турысцкія вузлы, устанавіць палатку.

Паралельна з «Зарніцай» спаборнічалі ўдзельнікі «Бастыёнаў мужнасці». Яны таксама паказвалі сваю фізічную падрыхтоўку, трапнасць у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дружна маршыравалі строем з песняй. У ціры, напрыклад, давялося пабачыць зладжанае выступленне каманды Будслаўскай СШ у p4210236скла­дзе Дзяніса Грузда, Аляксандра і Кацярыны Хацяновіч, якія «выбілі» адпаведна па 27, 28 і 25 ачкоў. Упэўнена паводзілі сябе на агнявым рубяжы і прадстаўнікі каманды Мя­дзельскай СШ №1 Яўген Малько, Віталія Івашкова і Мак­сім Чарняўскі. Іх вынік таксама нядрэнны: адпаведна 25, 24 і 26 ачкоў. Аднак найбольш эмоцый, бадай, выклікала камбінаваная эстафета, дзе трэба было і палатку правільна і ў вызначаны час устанавіць, і аказаць дапамогу пацярпеўшаму, затым пераскочыць праз роў, трапна кінуць вучэбную гранату, паказаць уменне арыентавацца па карце, вызначыць азімут мясцовасці, правільна надзець і прабегчы ў процівагазах, прапаўзці ў баявой пажарнай аму­ніцыі праз «мышалоўку»… Дарэчы, да вядомых у папярэдніх гульнях этапаў на гэты раз дабавілася і некалькі новых — «шыфроўка», дзе неабходна было назваць слова на ваенную тэматыку, і праверка ведання во­ін­скіх званняў — ад радавога да палкоўніка.

Нарэшце сціхлі баталіі, і ўсе ўдзельнікі, пераап­рануўшыся, зноў застылі ў страі. Слова для падвя­дзен­ня вынікаў прадастаўляецца галоўнаму суд­дзі спаборніцтваў — намесніку ваеннага камісара раёна
В. А. Якушаву. Ён ад­зна­чыў узросшае майстэрства каманд. Падзякаваў усім за ўдзел у гульнях. Затым пачалася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у намінацыях у кожным ві­дзе праграмы як сярод каманд, так і ў індывідуальным заліку. Напрыклад, былі названы лепшымі: камандзірамі атрадаў — Анжаліка Шнітоўская з Нарацкай СШ №1 («Бастыёны мужнасці») і Дар’я Грыбоўская з Занарацкай СШ («Зарніца»), знаўцам правілаў дарожнага руху — Дар’я Пацкевіч з Мядзельскай СШ №1 імя У. М. Дубоўкі («Зарніца»), стралкамі — Анжаліка Шнітоўская з Нарацкай №1 і Аляксандр Хацяновіч з Будслаў­скай СШ («Бастыёны мужнасці»), у «Зарніцы» — Анастасія Балаховіч са Слабодскай СШ імя А. Гурыновіча і Андрэй Бародзіч з Нарацкай №2 СШ. А ў агульнакамандным заліку ў гуль­ні «Зарніца» першае месца занялаp4210280 Мядзель­ская СШ №1 імя У. М. Дубоўкі, другое — Нарацкая №2 і трэцяе — Нарацкая №1 СШ. У «Бастыёнах мужнасці» пераможцам прызнана Будслаўская СШ, другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна Занарацкай СШ і СШ №2 г. Мядзел. Усе, хто вызначыўся, былі адзначаны  дыпломамі, граматамі, прызамі. Напрыканцы мерапрыемства каманды Занарацкай СШ («Бастыёны мужнасці») і Нарацкай №1 СШ («Зарніца»), якія вызначыліся ў конкурсе строю і песні, упэўненым маршавым крокам прайшліся перад удзельнікамі спаборніцтваў, дэманструючы, што яны нездарма прызнаны лепшымі. «Всё, что мы любим, уметь защитить учит «Зарница» — спявалі пад апладысменты прысутных вучні з Занарачы. Словы песні разносіліся па наваколлі. Яны былі так да месца, бо асноўнае прызначэнне  спартыўна-патрыятычных гульняў — вырасціць дастойных грамадзян сваёй Айчыны, гатовых, калі ўзнікне такая неабходнасць, стаць на абарону яе свяшчэнных межаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Рагоўская ўзнагароджвае пераможцу спартыўна-патрыятычнай гуль­ні «Зарніца» — каманду Мядзель­скай СШ №1 імя У. М. Дубоўкі (камандзір Яўген Лушчык); 2. Галоўны суддзя спаборніцтваў намеснік ваеннага камісара раёна В. А. Якушаў уручае грамату Ан­жаліцы Шнітоўскай з  Нарацкай СШ №1у намінацыі «лепшы стралок»; 3. Каманда Будслаўскай СШ — пераможца спартыўна-патрыятычнай гульні «Бастыёны мужнасці»; 4. Сваткаўскія школь­нікі пераадольваюць чарговы этап камбінаванай эстафеты.

Фота Таццяны Несцярэнка.