Хто са школьнікаў раёна паедзе на абласны этап алімпіяды?

581

У РАЁННЫМ этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах удзельнічалі 144 вучні з 14-ці ўстаноў адукацыі. Найбольш — з гімназіі-інтэрната Мядзела (46), Нарацкай СШ №2 (26), Мядзельскай СШ №1 імя Ула­дзіміра Дубоўкі (23). Пераможцамі прызнаны 87, будзе ўручана па 30 дыпломаў І і ІІ ступеняў, 27 — ІІІ ступені. Пра гэта паведаміла метадыст Мядзельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Мар’яна Буйчонак.

На абласны этап запрошаны 20 вучняў. 12 з іх — гімназісты. Так, у гімназіі-інтэрнаце вучацца ўсе вартыя абласнога этапа знаўцы матэматыкі: дзевяцікласнікі Дзяніс Барыеў і Віталій Мінкоўскі, дзесяцікласнікі Павел Бярняк і Арцемій Месяц, адзінаццацікласнік Ула­дзіслаў Роўда. З гэтай жа ўстановы адукацыі і будучыя ўдзельнікі абласнога этапа па фізіцы (Максім Куцкевіч з 9 класа і Данііл Кімстач з 11-га), інфарматыцы (Андрэй Маліноўскі з 11-га), хіміі (Уладзіслаў Пагуда з 10-га), беларускай мове і літаратуры (Ілона Кур’яновіч з 10 класа), рускай мове і літаратуры (Варвара Месяц з 10-га і Маргарыта Януковіч з 11 класа).

А вось запрошаныя на абласны этап алімпіяды па іншых прадметах вучацца ў розных установах. Аматары біялогіі — у Нарацкай СШ №2 (дзесяцікласніца Ангеліна Леўчанка, адзінаццацікласніцы Аляксандра Харашэй і Элін Місуна) і Мядзельскім ВПК яслі-сад-СШ (адзінаццацікласніца Ксенія Трухановіч). На алімпіяду па гісторыі на вобласць паедзе вучань 11 класа Мя­дзельскага ВПК яслі-сад-СШ Уладзіслаў Шылько. Па геаграфіі — дзевяцікласнік Нарацкай СШ №2 Дзяніс Дзевялтоўскі. Магчымасць паказаць абласному журы бліскучае веданне іспанскай мовы будзе ў адзінаццаці­класніцы Віялеты Філімоненкі з Нарацкай СШ №1. А здзівіць майстэрствам — у васьмікласніцы з Мядзель­скай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Марыі Новак, якая будзе ўдзельнічаць на алімпіядзе па абслуговай працы.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц