Госці сцвярджаюць: установы адукацыі азёрнага краю маюць сваю разыначку

620

НА працягу двух дзён, 24 і 25 верасня бягучага года, на Мядзельшчыне праходзіў абласны семінар для маладых дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яго тэма — “Планаванне і рэалізацыя стратэгічных мэт дзейнасці ўстаноў адукацыі”.
Праводзілася мерапрыемства ў рамках работы абласнога клуба “Малады дырэктар”.

Знаёмства гасцей з рэгіёнам пачалося з прэзентацыі сістэмы адукацыі раёна, якую правяла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра. Святлана Мікалаеўна спынілася практычна на ўсіх накірунках дзейнасці ўстаноў галіны, іх поспехах і дасягненнях. Закранула развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, аснашчэнне сучасным абсталяваннем, кваліфікацыйны ўзровень работнікаў. Не абышла ўвагай якасць адукацыйнага працэсу. У тым ліку агучыла поспехі вучняў у алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях, па выніках цэнтралі­заванага тэсціравання, у робататэхніцы і гэтак далей.

Праграма семінара была досыць насычаная. У першы дзень госці наведалі карцінную галерэю нашага славутага земляка, мастака-графіка Васіля Шаранговіча. Пабывалі ў трох установах адукацыі. Так, у Нарацкай СШ №2 яны пазнаёміліся з прыярытэтнымі накірункамі рэалізацыі стратэгічных мэт у дзейнасці школы. На прыкладзе Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа даведаліся, як ва ўмовах вучэбна-педагагічнага комплексу забяспечваецца даступнасць адукацыі для дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці. У Старлыгскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські гасцей цікавіла фінансава-гаспадарчая дзейнасць, пачынаючы ад планавання да бізнес-стратэгіі.

Госці сцвярджаюць: установы адукацыі азёрнага краю маюць сваю разыначку

Госці сцвярджаюць: установы адукацыі азёрнага краю маюць сваю разыначку

Госці сцвярджаюць: установы адукацыі азёрнага краю маюць сваю разыначку

Наступны дзень удзель­нікі абласнога клуба “Малады дырэктар” правялі ў сценах гімназіі-інтэрната горада Мядзела. Тут яны даведаліся, як актуальныя накірункі адукацыйнага працэсу рэалізоўваюцца на практыцы. А тлумачэнні давалі дырэктар установы Ірына Азарка, гімназісты, таленавітыя педагогі Людміла Шчалкунова, Алена Самуленкава і Вячаслаў Саўчык. Безумоўна, незабыўныя ўражанні пакінула ў гасцей знаёмства з музеем айчыннай вылічальнай тэхнікі. І асабліва выступленне вучняў гімназіі, якія нядаўна вярнуліся з рэспубліканскіх спаборніцтваў па робататэхніцы. Ды і як можна было застацца безуважным, калі на вачах прысутных гімназісты ўмела і ўпэўнена кіравалі робатам LEGO, які на гульнявой пляцоўцы хутка і дакладна выконваў патрэбныя аперацыі.

Госці сцвярджаюць: установы адукацыі азёрнага краю маюць сваю разыначку

 

Прайшоў і “круглы стол” з удзелам гасцей і кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна. Прысвячаўся ён тэме “Праблемы і перспектывы развіцця клубнага руху”. А завяршылася мерапрыемства наведваннем экскур­сійна-турыстычнага комплексу “Аптэкарскі сад”.

Пацікавілася ў некаторых гасцей уражаннямі, якія ў іх пакінула наведванне ўстаноў адукацыі Мя­дзельшчыны.

Госці сцвярджаюць: установы адукацыі азёрнага краю маюць сваю разыначкуСвятлана АДАМОВІЧ, намеснік начальніка Цэнтра развіцця дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:
— Гэта быў планавы семінар для кіраўнікоў устаноў адукацыі сталічнага рэгіёна са стажам работы да пяці год. Дарэчы, усе яны з’яўляюцца членамі абласнога клуба “Малады дырэктар”. Асабіста я неаднаразова была на Мядзельшчыне. Што мне тут найбольш падабаецца? Гэта тое, што ўсе ўстановы адукацыі маюць свой почырк, свой стыль. Кіраўнікі — перспектыўныя. Яны працуюць мэтанакіравана: ставяць задачы і да іх імкнуцца. Адсюль і станоўчыя вынікі. Прычым у самых актуальных, перадавых сферах адукацыі. Мне вельмі хацелася, каб маладыя дырэктары з Мінскай вобласці пабачылі разыначку ў дзейнасці самых розных — вялікіх і не вельмі — устаноў на Мядзельшчыне, штосьці станоўчае для сябе перанялі. Задаволена, што за два дні работы так і было. Усё, што планавалася, дасягнута. Зачаравала многіх і прыгажосць вашых чароўных мясцін, якія, безумоўна, натхняюць на плённую працу.

Станіслаў ВОЙНІЧ, дырэктар Аталезскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна:
— Вельмі спадабаліся ўстановы адукацыі, дзе давялося пабываць. У кожнай — высокі ўзровень адукацыйнага працэсу, добрая матэрыяльна-тэхнічная база, працуюць таленавітыя людзі. Быў прыемна здзіўлены, што ў прыгожым Нарачанскім краі столькі станоўчага, перадавога назіраецца і ў галіне адукацыі.

Таццяна КУДЗІНА, дырэктар Негарэльскай СШ №1 Дзяржынскага раёна:
— За два дні работы семі­нара былі паказаны розныя ўстановы адукацыі — і невялічкія сельскія, і больш буйныя гарадскія. Спадабалася, што ўсе маюць ня­дрэнную матэрыяльную базу, якая пастаянна паляпшаецца. Для кожнай установы характэрна сістэмнасць у рабоце. А яшчэ адчуваецца камандная праца калектываў, што вельмі важна. Калі б давялося ацэньваць установы, дзе пабывалі, я кожнай дала б першае месца.

Анатолій АТРАХОВІЧ, дырэктар Літвянскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа Уздзенскага раёна:
— У рамках дзейнасці абласнога клуба “Малады дырэктар” мы наведваем многія рэгіёны Міншчыны, вывучаем, пераймаем у сваіх калег вопыт работы. Рады знаёмству з Мядзельшчынай і сістэмай адукацыі раёна. Мяне асабіста больш цікавілі сельскія школы, хоць шмат станоўчага ўбачыў і ў гарадскіх. Кінулася ў вочы кампетэнтнасць кіраўнікоў устаноў адукацыі. Спадабалася, што ва ўсіх маюцца свае, адметныя накірункі работы, якія ўдасканальваюцца. Тлумачу гэта індывідуальным падыходам да кожнай установы кіраўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме. Удумлівая сумесная праца і дае вынікі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.