У перыяд з 5 па 9 мая праходзіла рэспубліканская патрыятычная акцыя «Дзякуй за Перамогу!». Сотні хлопчыкаў і дзяўчынак з чырвона-зялёнымі гальштукамі на шыі і значкамі ГА «БРСМ» у гэтыя дні аказвалі дадатковую ўвагу ўсім, каму цяперашняе пакаленне грамадзян Беларусі абавязана сваім мірным жыццём. Калі на зборы савета піянерскай дружыны мы даведаліся ад педагога-арганізатара Кацярыны Віктараўны Якубоўскай пра такую акцыю, адразу ж вырашылі прыняць у ёй удзел.
Як вядома, сімвалам патрыятычнай акцыі «Дзякуй за Перамогу!» стала чырвоная зорка. Дык вось, 12 штук іх зрабілі з ДВП на ўроках працоўнага навучання пад кіраўніцтвам настаўніка Віктара Уладзіміравіча Кавальчука нашы хлопчыкі і пафарбавалі ў чырвоны колер. А 20 наклеек з выявай зоркі і назвай акцыі школе перадала першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Галіна Міхайлаўна Красоўская.
Напярэдадні свята акцыя стартавала ў нашай навучальнай установе. Падчас яе каля 40 вучняў — членаў грамадскіх аб’яднанняў «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» і «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жонак памерлых удзельнікаў вайны, вязняў канцлагераў. Школьнікі не толькі прывіталі паважаных людзей добрымі словамі, уручылі паштоўкі з віншаваннямі, але і прымацавалі на дамы, дзе яны жывуць, пунсовыя зоркі. Яны — сімвал таго, што мы ведаем і памятаем пра іх подзвігі ў гады суровых для нашай краіны выпрабаванняў. Тым, хто пражывае ў кватэрах, прымацавалі да ўваходных дзвярэй спецыяльныя наклейкі. Такія спатканні дапамаглі нам зразумець, як патрэбна ўдзельнікам вайны і ўвогуле людзям, якія вынеслі на сваіх плячах падчас яе няпростыя выпрабаванні, звычайная чалавечая ўвага. А таму лічым сваім абавязкам дапамагаць названай катэгорыі грамадзян і надалей.
Кацярына ЭРКАБАЕВА.
Старшыня савета піянерскай дружыны ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Мядзел».