Чэрлідынг: раённы і абласны этапы

184

cheerleadingУпершыню прайшоў раённы этап конкурсу піянерскіх каманд па чэрлідынгу. Мяркую, у многіх узнікне пытанне: «Што гэта такое?». Чэрлідынг — арганізаваная група падтрымкі каманд розных відаў спорту. Галоўная задача — заахвоціць балельшчыкаў, каб яны актыўна падтрым­лівалі любімую каманду. Аднак, ужо даўно чэрлідынг стаў больш чым звычайнае выступленне прыгожых дзяўчат. Па ім праводзяць спаборніцтвы, нават міжнародныя. Удзельнікі такіх груп падтрымкі танцуюць, выконваюць акрабатычныя элементы, будуюць піраміды.

Арганізатарамі конкурсу «Піянерскія іскры» сталі аддзелы адукацыі, па справах моладзі, райкам БРСМ. У новым конкурсе прынялі ўдзел тры каманды: з Мядзельскай СШ №1, гімназіі-інтэрната, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна. У кожнай камандзе павінна было быць не менш за 12 чалавек.

Перамаглі гімна­зісты. Журы вызначыла іх выступленне як найбольш зладжанае і артыстычнае, сінхроннае. Удала ўпляталі ў яго дзяўчаты піянерскія лозунгі.

Прадстаўнікі гімназіі-інтэрната абаранялі гонар раёна на абласным этапе. Прайшоў ён у Смалявічах. Перамагла ў ім каманда «Рамантыкі» са  Слуцкага раёна. Нямала каманд абышлі і нашы дзяўчаты. Вядома, набылі і новы вопыт у чэрлідынгу.

В. Аляксандраў.