Быць гімназістам ганарова!

200

Як вядома, з 2005 года ў раёне функцыянуе навучальная ўстанова новага тыпу — гімназія-інтэрнат. Вось і пацікавілася ў начальніка аддзела адукацыі райвыканкама І. В. РАГОЎСКАЙ, на якіх умовах, пачынаючы з наступнага навучальнага года, будзе ажыццяўляцца прыём у яе вучняў?

— Асноўнымі дакументамі, у адпаведнасці з якімі будзе весціся набор вучняў у гімназію-інтэрнат, з’яўляюцца: Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2011 года і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі № 15 ад 6 студзеня 2012 года «Аб некаторых пытаннях прыёму асоб у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі-каледжы мастацтва». Пункт 4 артыкула 159 названага Кодэкса якраз і тлумачыць, што прыём асоб для атрымання базавай і сярэдняй адукацыі ў пералі­чаныя вышэй навучальныя ўстановы ажыццяўляецца па конкурсе на аснове ўступных іспытаў. Вучні, якія атрымалі базавую адукацыю ў гімназіі-інтэрнаце і жадаюць прадоўжыць навучанне на 3-яй ступені ў гэтай жа ўстанове, пяройдуць у наступны клас без здачы ўступных іспытаў. Пералік, тэрміны і парадак арганізацыі апошніх вызначаюцца статутам гімназіі-інтэрната і праводзяцца ў адпаведнасці з пісьмом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь аб завяршэнні адпаведнага навучальнага года і правя­дзенні выпускных экзаменаў у агульнаадукацыйных установах.

— Ірына Валянцінаўна, скажыце, калі ласка, ці чакаецца штосьці новае ў правядзенні ўступных іспытаў у новым навучальным годзе?

— У папярэднія гады залічэнне ў гімназію-інтэрнат праводзілася на агульных умовах для ўсіх, хто здаў уступныя іспыты. У наступным навучальным го­дзе па-за конкурсу пры ўмове атрымання на ўступных іспытах адзнак не менш шасці балаў у названую навучальную ўстанову для атрымання базавай, сярэдняй адукацыі ў парадку перавагі будуць залічвацца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў; дзеці са шмат­дзетных сем’яў; дзеці, якія пражываюць у населеных пунктах з колькасцю жыхароў менш за 20 тысяч чалавек. А паколькі ўсе населеныя пункты на Мя­дзельшчыне маюць указаную колькасць пражываючых, то ў нас на першы план выходзяць два вышэй названыя параметры. Пераважным правам падчас залічэння навучэнцаў пры аднолькавай колькасці балаў за ўступныя іспыты будуць карыстацца асобы з больш высокім сярэднім балам па выніковай атэстацыі за год вучобы, які папярэднічаў году прыёму.

— Якія дакументы патрэбна прад’яўляць для ўдзелу ва ўступных іспытах у гімназію-інтэрнат?

— Асобы, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе для атрымання базавай, сярэдняй адукацыі ў гімназіі-інтэрнаце, па­вінны падаць у прыёмную камі­сію названай установы наступныя дакументы: заяву бацькоў альбо законных прадстаўнікоў вучня; копію пасведчання  аб нараджэнні ці  іншы дакумент, які сведчыць асобу, медыцын­скую даведку аб стане здароўя. Акрамя таго, неабходна прад’явіць дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры прыёме. А тыя, хто паступае ў 10-ы клас, прадастаўляюць таксама пасведчанне аб атрыманні базавай адукацыі.

— Ірына Валянцінаўна, якія ўступныя экзамены трэба здаць вучням, каб прадоўжыць далейшае навучанне ў гімназіі-інтэрнаце?

— Пры паступленні ў 5-ы клас неабходна здаць іспыты па беларускай і рускай мовах у форме дыктанта, а па матэматыцы — пісьмовую кантрольную работу. Пры паступленні ў 6-ы і наступныя класы, акрамя названых вышэй іспытаў, будзе яшчэ адзін — па замежнай мове. Усе ўступныя іспыты пройдуць у першай дэкадзе чэрвеня. Па іх выніках будзе аформлены пратакол рашэння прыёмнай камісіі гім­назіі-інтэрната, а не пазней 10 чэрвеня — і загад аб залічэнні вучняў у названую  ўстанову.

— Цікава, колькі вучняў мо­жа рэальна прыняць гімназія-інтэрнат у 2012-2013 навучальным годзе?

— Згодна са статутам, гімназія-інтэрнат г. Мядзел у кожнай паралелі можа мець адзін клас з колькасцю вучняў да 20 чалавек. Такім чынам, да 1 верасня 2012 года ёсць магчымасць прыняць у 5-ы клас 20, у 7-ы і 11-ы — па два вучні і ў 10-ы — аднаго вучня.

— Ірына Валянцінаўна, скажыце, калі ласка, калі змогуць жадаючыя вучыцца ў гімназіі-інтэрнаце і іх бацькі бліжэй па­знаёміцца з гэтай установай?

— Для больш падрабязнага знаёмства з гімназіяй-інтэрнатам плануецца правядзенне 11 красавіка бягучага года Дня адчыненых дзвярэй. Пачатак мерапрыемства ў 18 гадзін.

— Жадаючыя прадоўжыць навучанне ва ўстанове новага тыпу, вядома, знойдуцца. Толь­кі вось ці маюць яны магчымасць атрымаць дадатковую падрыхтоўку, якая, безумоўна, дапаможа ім лепш здаць уступныя іспыты?

— Як вядома, многія ўстановы адукацыі раёна аказваюць дадатковыя платныя адукацыйныя паслугі. У гімназіі-інтэрнаце г. Мя­дзел плануецца з 4 лютага 2012 года пачаць правядзенне платных дадатковых заняткаў для вучняў 4-ых класаў, якія збіраюцца паступаць сюды вучыцца ў 5-ы клас. Праводзіцца яны будуць па суботах з 10 да 12 гадзін. Дысцыпліны наступныя — беларуская, руская мовы, матэматыка. Двойчы ў месяц з жадаючымі заняткі будзе праводзіць і педагог-псіхолаг. Дарэчы, на  арганізацыйным сходзе, які адбудзецца ў гэты ж дзень, 4 лютага, у 9.30 можна бу­дзе атрымаць больш падрабязную інфармацыю наконт аказання дадзенага віду адукацыйных паслуг.

— А дзе яшчэ можна атрымаць інфармацыю наконт паступлення ў гімназію-інэрнат?

— Такой інфармацыяй валодае таксама адміністрацыя кожнай установы адукацыі Мя­дзель­шчыны. А таму падрабязную кансультацыю па ўсіх цікавячых пытаннях, якія датычаць парадку паступлення, правя­дзення ўступных іспытаў, прадастаўлення ў гэтай сувязі дадатковых адукацыйных паслуг, можна атрымаць і па месцы цяперашняй вучобы школьнікаў, якія жадаюць стаць гімназістамі. У сваю чаргу, зазначу, што і я аса­біста, а таксама адміністрацыя, педкалектыў гімназіі-інтэрната г. Мя­дзел бу­дзем рады бачыць у сценах названай установы талена­вітых дзяцей з розных куточкаў нашага сінявокага Нарачанскага краю.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.