РАЁННАЕ свята ўраджаю, якое насіла назву «Зерне поспеху», прайшло на базе сярэдняй школы №2 г. Мядзел. Ля дзвярэй дэлегацыі сустракалі вучні ў народных касцюмах. І каб трапіць на свята, належала адгадаць загадку ці прадоўжыць прымаўку пра працу. Дарэчы, загадкі ў асноўным былі пра гародніну. Адчувалася, што дзеці старанна рыхтаваліся да свята, таму і адказы гучалі правільныя. У фае размясцілася выстава «Асенняя фантазія». А фантазіі дзецям сапраўды не пазычаць. Пры стварэнні кампазіцый выкарыстоўвалася самая звычайная гародніна: кабачкі, бульба, морква, гарбузы, капуста, цыбуля, фасоля і інш. І як тут не назваць асобныя кампазіцыі, якія закранулі душу. Напрыклад, калектыўная работа вучняў 7 класа Старлыгскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа «Пришелец с планеты Овощеландия». А вось на хвілінку спыніліся вожыкі, якія прыслухоўваюцца да навакольных гукаў. Звяркі быццам жывыя. Зрабіла гэту кампазіцыю Марыя Сліжэўская, вучаніца 9 класа Сырмежскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Ды хіба ўсё пералічыш?! Кожная работа вызначаецца арыгінальнасцю, непаўторнасцю, прыгажосцю. Таму членам журы давялося старанна папрацаваць, каб вылучыць для заахвочвання лепшыя работы. Дарэчы, у гэтай справе актыўны ўдзел прымалі і ўдзельнікі свята. Кожнаму з іх выдаваліся спецыяльныя жэтоны, якія патрэбна было палажыць ля той кампазіцыі, якая найлепш спадабалася.
А тым часам у спартыўнай зале разгарнулася выстава-кірмаш асенняга ўраджаю. Паглядзіш — і вочы, як кажуць, разбягаюцца. Кожная дэлегацыя прывезла на кірмаш вырашчаную на прышкольным участку прадукцыю. Адна справа прывезці, а зусім іншая аформіць выставу, прэзентаваць яе. Тут таксама пастараліся дзеці і педагогі. Кампазіцыі не падобныя адна на адну. Хаця для іх складання выкарыста-
на практычна аднолькавая гародніна.
Перш, чым распачаць кірмаш, вядучыя прадставілі журы. Узначаліў яго дырэктар гімназіі-інтэрната г. Мядзел В. П. Клімовіч. Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Рагоўская падкрэсліла, што і вучні, і педагогі школ Мядзельшчыны нядрэнна папрацавалі, каб вырасціць і сабраць важкі ўраджай на прышкольных участках. А пахваліцца сапраўды ёсць чым. Агульнымі намаганнямі вырашчана больш за пяць тон бульбы, амаль тры тоны морквы, звыш трох тон капусты і чатырох — сталовых буракоў. 400 кілаграмаў цыбулі, больш за 200 кілаграмаў фасолі — гэта далёка не поўны пералік той прадукцыі, якая атрымана з прышкольных участкаў і накіравана ў школьныя сталоўкі.
Пачынаецца прадстаўленне. Згодна з праведзенай жараб’ёўкай, кожная дэлегацыя паказвае кароценькае прадстаўленне. Песні, прыпеўкі, вясёлыя мініяцюры. Усё падпарадкавана аднаму — яго вялікасці ўраджаю. На прышкольных участках, бадай, не вырошчвалася такой культуры, якую б не прыгадалі вучні ў сваіх выступленнях. Кожнае таксама вызначаецца арыгінальнасцю, выклікае цікавасць і захапленне.
Наступае самы інтрыгуючы момант — падвядзенне вынікаў і ўзнагарода пераможцаў. Для гэтага ўдзельнікі кірмашу пераходзяць у актавую залу. Вядучая, а гэту ролю выконвала намеснік дырэктара дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Мядзельска-
га раёна» Я. С. Чарняўская, аб’яўляе, што пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў на прышкольных участках праводзіцца эфектыўная работа. Настаўнікі выхоўваюць у хлопчыкаў і дзяўчынак любоў і павагу да працы, вучаць узаемавыручцы і ўзаемадапамозе…
— У намінацыі: «За лепшы прышкольны вучэбна-вопытніцкі ўчастак (па культуры работы на зямлі)» дыпломам узнагароджваецца дзяржаўная ўстанова адукацыі «Старлыгскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», — аб’яўляе Ядвіга Савельеўна.
А вось у намінацыі «Лепшая па вырошчванні гародніны на прышкольным участку» ўзнагароды атрымалі Выгалавіцкая базавая школа, Старлыгскі, Пузыроўскі і Старагабскі вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-сярэдняя школа.
Значная ўвага ў працоўным навучанні і выхаванні школьнікаў надаецца і рабоце на вучэбна-вопытніцкім участку. Дзеці назіраюць за ростам культур, даглядаюць іх. Найлепш гэта работа арганізавана ў Крывічах. Менавіта таму Крывіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа адзначаны ў намінацыі «Лепшы па арганізацыі вучэбна-вопытніцкай і доследнай работы».
Многія школьныя тэрыторыі з ранняй вясны да позняй восені патанаюць у квецені і нагадваюць батанічныя сады. На клумбах красуюцца цюльпаны і ружы, лілеі і рамонкі, гладыёлусы і хрызантэмы, астры і гартэнзіі, петуніі і вяргіні …
— Атрымаць заслужаную ўзнагароду ў намінацыі «За лепшы аддзел кветкава-дэкаратыўных раслін» запрашаем прадстаўнікоў Свірскай сярэдняй школы, — працягвае Я. С. Чарняўская.
Ізноў зала напаўняецца дружнымі апладысментамі. Але на гэтым не закончылася ўшанаванне тых, каго вызначыла журы. Выступленні на кірмашы прадстаўнікоў дэлегацый атрымаліся яскравымі, гучнымі, заклікаючымі. І каб тут былі пакупнікі, то, напэўна, тавар хутка разышоўся б. Таму ў намінацыі «Ярмарка, ярмарка бойкая да яркая!» пераможцам прызнаны Крывіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа. Прадстаўніку гэтай навучальнай установы ўручаецца дыплом першай ступені. Дыпломам другой ступені адзначаны кірмашны калектыў Слабодскай сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча. А вось трэцяе месца з уручэннем адпаведнага дыплома прысуджана калектыву Выгалавіцкай базавай школы. Не абмінула журы арыгінальнасць афармлення і прадстаўленне выстаў. У гэтай намінацыі ўзнагароды атрымалі калектывы Мядзельскіх №1 і №2, Княгінінскай сярэдніх школ.
Нарэшце дайшла чарга даведацца, якую з работ на выставе «Асеннія фантазіі» журы вырашыла адзначыць узнагародамі. Зразумела, у кожную працу было ўкладзена шмат дзіцячай фантазіі. А ў выніку атрымалася проста цудоўна, сапраўдныя шэдэўры. Узнагароду глядацкіх сімпатый атрымлівае праца вучняў Слабодскай сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча пад назвай: «Теперь я вместе с Геной, а он необыкновенный». Сваю кампазіцыю дзеці падрыхтавалі са звычайнага кабачка і бульбы. Але атрымалася цікава і арыгінальна.
Калектывам школ напярэдадні было прапанавана дамашняе заданне па розных намінацыях. А як з ім справіліся, вызначыла журы. У намінацыі «Очей очарованье» за працу «Вожык» перамогу атрымалі вучні з Пузыроў. «У чаканні» — так назвалі сваю работу школьнікі са Старых Габ. Адзначыла журы старанне і вучняў гімназіі-інтэрната г. Мядзел, якія прадставілі на выставу тры работы: «Сентябринка», «Октябринка» и «Ноябринка». «Дары прыроды» — так назвалі сваю работу вучні з Крывічоў. А вось вучні са Сватак работу назвалі «Настальгія». Завяршыла спіс узнагароджаных у гэтай намінацыі праца «Асенняя рапсодыя», якую выканалі хлопчыкі і дзяўчынкі са Старлыг.
У намінацыі «Цветочный вальс» лепшымі прызнаны работы «Асеннія фантазіі» школьнікаў са Свіры, «Райская яблынька» — з Княгініна, «Залаты вянок восені» і «Усмешка восені» — са Слабады, «Жамчужына восені» — з Выгалавічаў, «Асенняя фантазія з руж», якую падрыхтавалі вучні СШ №2 г. Мядзел. Усе яны атрымалі адпаведныя ўзнагароды. Вельмі шмат было на выставе і кірмашы работ, якія выкананы з агародніны. Напрыклад, «Дамавічок» з Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлка. Адзначана работа вучняў Крывіцкай школы, якая называецца «Рыхтуемся да зімы». Па-сапраўднаму здзівілі прысутных вучні Занарацкай школы, якія і кабачкі, і гарбузы ператварылі ў тэхніку. Іх работа «Паровоз» адзначана граматай.
Наступная намінацыя — «Чароўная казка». Тут перамогу святкавалі вучні Нарацкай СШ №2, Старлыгскай школы, калектывы дзіцячых садкоў №3 г. Мядзел і аграгарадка Нарач, дзіцячага садка № 12 з аграгарадка Занарач. У намінацыі «Лясныя дзівосы», дзе былі прадстаўлены кампазіцыі з прыроднага матэрыялу, лепшымі прызнаны работы «Калючая сямейка» (Слабада), «Вожыкі» (Сырмеж), «Домік для мышкі» (Мядзельская СШ №1), «Вожык» (Камарова).
Падчас свята адбылася яшчэ адна вельмі важная падзея ў жыцці вучняў сярэдняй школы №2 г. Мядзел. Пад бурныя апладысменты прысутных 23 чалавекам выконваючая абавязкі другога сакратара райкама ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярына Роліч уручыла членскія білеты.
Колькі святу не працягвацца, але наступае пара развітвацца. З прыўзнятым настроем раз’язджаліся дэлегацыі. Разам з заслужанымі ўзнагародамі яны вязлі дадому мноства незабыўных уражанняў і новых задум.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Таццяны Несцярэнка.