Злачынстваў не дапушчана

306

Злачынстваў не дапушчанаУ гэтым годзе ў нашай вобласці працавала найбольшая па краіне колькасць дзіцячых аздараўленчых летнікаў — больш за 900, у якіх адпачылі каля 15 тысяч чалавек. Для захавання іх бяспекі і добрага адпачынку супрацоўнікі міліцыі правялі значную работу. Як патлумачыў начальнік аддзялення ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама Андрэй Амбражэй: “У выніку прынятых мер не дапушчана незаконных дзеянняў супраць жыцця і здароўя дзяцей, не адзначана нават ніводнага факта крадзяжу мабільных тэлефонаў, якія меліся практычна ў кожнага дзіцяці”.

Акрамя таго, была зроблена значная работа і па выяўленню крадзяжу прадуктаў харчавання са сталовых летнікаў. Усяго было папярэджана больш за 30 такіх злачынстваў, звычайна ў адносінах да повараў. У асобных выпадках па фактах крадзяжоў узбуджаны крымінальныя справы, не дапушчаны ўрон на мільёны рублёў, не кажучы пра тое, што ўкрадзеныя прадукты не прайшлі міма дзіцячага меню.

Да прыкладу, у жніўні падчас праверкі сталовай дзіцячага аздараўленчага лагера “Купалінка”, што каля г. п. Радашковічы Маладзечанскага раёна, выяўлены факт крадзяжу прадуктаў харчавання: мяса свініны і мяса птушкі, бакалейных і малочных вырабаў, садавіны і гародніны супрацоўнікамі сталовай. Прадукты на суму каля 3 млн рублёў складваліся імі ў службовым памяшканні, каб потым вынесці. Аднак, злачынства ўдалося папярэдзіць — злачынцы затрыманы на месцы.

А. ГРАБКО.