Гэты зварот у райаддзел унутраных спраў пачаўся з таго, што жыхар Мядзела на гандлёвай пляцоўцы «Куфар» размясціў аб’яву аб продажы курткі. Ацаніў яе ў 50 рублёў. Увечары 19 кастрычніка яму на месенджар WhatsApp прыйшло паведамленне ад імя жанчыны: яна была гатова набыць куртку. Пры гэтым патлумачыла, што хацела б скарыстацца паслугай «Куфар Дастаўка». Для гэтага нібыта трэба скінуць рэквізіты банкаўскай карткі, на якую яна перавядзе грошы. Праз месенджар падзялілася спасылкай, каб увайсці на сайт для афармлення.
Мядзяльчанін перайшоў па ёй: старонка выглядала падобна на сапраўдны сайт «Куфра», але не заўважыў, што адрас быў не kufar.by, а kufar.li. Увёў там рэквізіты банкаўскай карткі і код смс-паведамлення ад банка. Неўзабаве даведаўся, што не ён атрымаў 50, а з яго карткі спісалі 150 рублёў.
Махляры выкарыстоўваць розныя спосабы выманьвання даных карт-рахункаў. Яшчэ адзін распаўсюджаны спосаб падману: званкі нібыта ад службаў бяспекі банкаў. Прадстаўляюцца работнікам банка, просяць паведаміць персанальныя даныя банкаўскай карткі. Пры гэтым кажуць, што быццам з яе староннія асобы збіраліся зняць грошы ці па ёй праведзена падазроная аперацыя. Тэлефануюць з нумароў не Рэспублікі Беларусь, а Польшчы, Літвы, Эстоніі і іншых краін.
Хачу папрасіць жыхароў раёна: каб не стаць ахвярай махляроў, ні ў якім разе не перадавайце рэквізіты банкаўскіх картак староннім асобам, звяртайце ўвагу, з нумароў якіх краін да вас тэлефануюць. Будзьце ўважлівыя ў інтэрнэце, не пераходзьце па спасылках, якія вам прапануюць невядомыя, правярайце, на якіх старонках (дамена by ці іншых) робіцца аплата ці ўводзяцца даныя.
Дзмітрый Антановіч, часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка РАУС.
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 28.10
Фото иллюстративное, из открытых интернет-источников