За тры дні на дарогах вобласці загінулі чатыры пешаходы

256

ДЗВЕ страшныя трагедыі адбыліся на дарогах вобласці гэтымі выхаднымі.

У суботу прыкладна ў 22:30 у Вілейцы 22-гадовы жыхар Вілейскага раёна на легкавым аўтамабілі Volvo S70 збіў дваіх непаўналетніх пешаходаў. Яны перабягалі дарогу перад аўтамабілем у зоне бачнасці пешаходнага перахода. Святлоадбівальнымі элементамі абазначаны не былі. 16-гадовая дзяўчына ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерла на месцы, 17-гадовы хлопец шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, вадзіцель на момант аварыі быў цвярозы.

У нядзелю легкавік насмерць збіў пешахода ў Мінскім раёне. Паводле папярэдніх звестак, прыкладна ў 19:00 26-гадовы вадзіцель “Рэно Меган” на тэрыторыі Міханавіцкага сельсавета здзейсніў наезд на 47-гадовага жыхара Гомельскай вобласці, які перабягаў дарогу. Флікера ў мужчыны не было.

Гэтых і падобных трагедый магло б і не здарыцца. Калі б усе пераходзілі дарогу ва ўстаноўленых для гэтага месцах, а пры адсутнасці пешаходнага перахода ў зоне бачнасці — пераканаўшыся, што гэта бяспечна. Калі б у цёмны час сутак абазначалі сябе флікерамі. Калі б заўсёды ўважлівымі і пільнымі былі вадзіцелі. Калі б… На жаль, не мае ўмоўнага ладу не толькі гісторыя, але амаль усё ў жыцці. Шчырыя спачуванні родным загінуўшых.

— Восень, светлавы дзень скарачаецца, бачнасць на дарогах пагаршаецца, — канстатуе часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка аддзялення ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Бародзіч. — Таму трэба быць уважлівымі ўсім: і вадзіцелям, і пешаходам. Асабліва ў цёмны час сутак. Пешаходам трэба пераходзіць дарогу ва ўстаноўленых правіламі месцах, а ў цёмны час сутак абавязкова абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.

...Толькі што стала вядома, што ўчора (у панядзелак, 31 кастрычніка) у вобласці ў выніку ДТЗ загінулі яшчэ два чалавекі. У Нясвіжскім раёне ў 21:30 жанчына-вадзіцель на аўтамабілі “Рэно Сцэнік” насмерць збіла падлетка 2008 года нараджэння, які ішоў пасярод дарогі. Флікера ў яго не было. У Уздзенскім раёне ў 22:30 вадзіцель 1982 года нараджэння ажыццявіў наезд на мужчыну, які ляжаў на праезнай частцы. Святлоадбівальнымі элементамі ён абазначаны не быў.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, БЕЛТА.