З адной хаты кралі пяць разоў

354

Улетку адбылося некалькі крадзяжоў з дома у вёсцы Старая Свірскага сельсавета. Па прыбыцці на дачу гаспадар звярнуўся ў міліцыю.

Падчас следча-пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку хутка ўстанавілі двух жыхароў раёна. Як аказалася, у адзін і той жа дом на працягу амаль месяца яны пранікалі пяць разоў. Бралі ўсё падрад: у тым ліку ліхтарык, талеркі, кубак, відэльцы, дроцікі, кабель. Амаль усе скрадзеныя рэчы знайшлі па месцы жыхарства і вярнулі ўладальніку.

Узбуджана крымінальная справа па часці 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж, учынены паўторна, альбо групай асоб, альбо з пранікненнем у жыллё». Такія дзеянні могуць карацца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух год, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох год, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін, паведаміў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, падпалкоўнік міліцыі Руслан Скварцоў.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com