Ці правамерная адмова дырэктара?

254

Ці правамерная адмова дырэктара?Я была асуджана за крадзеж. Ці магу ўладкавацца на работу прадаўцом у магазін? Калі нядаўна звярнулася з такой просьбай да дырэктара магазіна, ён мне адмовіў. Ці правамернае такое рашэнне? Як я магу абараніць свае правы?

Марыя.

За адказам на гэта пытанне звярнуліся да адваката юрыдычнай кансультацыі раёна Андрэя САВАСЦЯНА. А пачулі наступнае:

— У адпаведнасці з артыкулам 12 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь права заключаць і касаваць працоўныя дагаворы з работнікамі належыць наймальніку.У звароце не ўказана, ці была пагашана альбо знята Ваша судзімасць, а таксама ці прымянялася ў адносінах да Вас пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць адпаведныя пасады альбо займацца адпаведнай дзейнасцю, што мае істотнае значэнне для адказу на пастаўленае пытанне.

У выпадку пагашэння альбо зняцця судзімасці Вы з’яўляецеся асобай, якая не мае судзімасці.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” і артыкулам 16 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па патрабаванні грамадзяніна наймальнік (дырэктар) абавязаны паведаміць аб матывах адмовы ў прыёме на работу ў пісьмовай форме. Адпаведна Вам патрэбна пісьмова звярнуцца да наймальніка (дырэктара) з просьбай матываваць адмову аб прыёме на работу ў пісьмовай форме.

Адмова аб заключэнні працоўнага дагавора можа быць абскарджана ў судзе.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: нагадваем, што і надалей свае пытанні можна накіроўваць па пошце на адрас рэдакцыі газеты ці дасылаць іх на электронны адрас выдання.