Самагоншчыкаў выяўляе беспілотнік

269

Самагоншчыкаў выяўляе беспілотнікУ ПАЧАТКУ кастрычніка супрацоўнікі УУС Мінаблвыканкама і Мінскага абласнога ўпраўлення МНС упершыню прымянілі беспілотны лятальны апарат “Бусел-М” для выяўлення схаваных у лясах падпольных самагонных вытворчасцей. Маніторынг праводзіўся ў Валожынскім раёне, на тэрыторыі Налібоцкай пушчы. З вышыні птушынага палёту здымалася мясцовасць з выкарыстаннем цеплавізара, пры гэтым выява перадавалася на зямлю ў рэжыме рэальнага часу.

Самагонныя апараты, як правіла, старанна маскіруюцца ў глыбіні лесу. Іх вельмі цяжка знаходзіць не толькі з паветра, але і з зямлі. Аднак на экране цеплавізара нават нязначная крыніца цяпла на зямлі выглядае яркай жоўтай плямай. Вопытнае вока аператара хутка вылучае сярод выяў жывёл крыніцы анамальнага цяпла.

Начальнік аддзялення ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Андрэй Амбражэй — ідэйны натхняльнік акцыі — падзяліўся падрабязнасцямі праведзенага мерапрыемства: “У лясным масіве каля вёсак Баркі, Дарагунь і Яцкава Валожынскага раёна заўважылі чатыры падазроныя крыніцы цеплавога выпраменьвання — ад яшчэ цёплых самагонных апаратаў, а таксама характэрныя прыкметы саматужных самагонных працэсаў — пасечаныя дрэвы (на дровы для прапальвання катлоў), пратаптаныя сцяжынкі, вялікія ёмістасці, дровы, павеці і г. д. Рэйд, праведзены па кропках, канкрэтна пазначаных на карце, развеяў сумненні — у лясах былі знойдзены самагонныя вытворчасці. Адыходы самагонаварэння, як гэта прынята ў такіх людзей, выліваліся тут жа на зямлю. А гаспадары аднаго з апаратаў, знойдзенага на беразе ракі Іслач, сістэматычна злівалі тысячы літраў адпрацаванай брагі прама ў раку. У апошнім выпадку рабочы аб’ём апарата склаў каля трох тон брагі, сам агрэгат меў дзевяць металічных ёмістасцей агульнай вагой у некалькі тон”.

Не гледзячы на тое, што дабрацца да самагонных вытворчасцей, схаваных у глыбіні лесу, справа не з простых, у бліжэйшы час з дапамогай спецыяльнай тэхнікі ўсе апараты дэманціруюць, вывязуць і ўтылізуюць. Зараз супрацоўнікі Валожынскага РАУС выяўляюць асоб, якія маюць дачыненне да вырабу самагонных апаратаў і самагону. Акрамя таго, інфармацыя будзе накіравана кіраўніцтву аблвыканкама для прыняцця мер рэагавання да службовых асоб тэрытарыяльных органаў лясной гаспадаркі, дзе былі выяўлены падпольныя вытворчасці. Дарэчы, падчас аблёту лесу каля вёскі Баркі прыбор зарэгістраваў крыніцу цяпла ў гаспадарчай пабудове аднаго з мясцовых жыхароў. У ходзе праверкі ў хляве быў знойдзены самагонны апарат з брагай, які таксама ўтварае цяпло падчас працэсу браджэння. У адносінах да гаспадара складзены адміністрацыйны пратакол, а матэрыялы накіраваны ў суд Валожынскага раёна для прыняцця адпаведнага рашэння.

У бліжэйшы час упраўленнем унутраных спраў запланавана выкарыстанне беспілотніка для выяўлення самагонных вытворчасцей на тэрыторыі Вілейскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Стаўбцоўскага і іншых раёнаў вобласці.

Аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама.