“Прышпіліце сябе і пасажыраў!”

233

“Прышпіліце сябе і пасажыраў!”НА ЖАЛЬ, далёка не ўсе вадзіцелі і пасажыры ўсведамляюць тое, што выкарыстанне рамянёў бяспекі дае апошні шанс выжыць у сур’ёзным дарожна-транспартным здарэнні. І ўсялякія спасылкі на тое, што яны выклікаюць дыскамфорт, непераканаўчыя. На практыцы часта адбываецца так, што патрапіўшы ў нязначную аварыю, аўтамабіль выходзіць з яе без сур’ёзных пашкоджанняў, а людзі атрымліваюць траўмы, не сумяшчальныя з жыццём альбо застаюцца інвалідамі. Статыстыка сведчыць, што 80 працэнтаў вадзіцеляў і пасажыраў, якія карысталіся рамянямі бяспекі, у дарожна-транспартных здарэннях не атрымалі ніякіх раненняў.

Для таго ж, хто ігнаруе правілы дарожнага руху, наступствы могуць быць самымі сумнымі. Вось толькі адзін факт. Сярод белага дня вадзіцель, 1975 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем “Міцубісі”, выехаў паблізу вёскі Заямачнае Мінскага раёна на раздзяляльную паласу і перакуліўся. У выніку аварыі атрымаў шматлікія цяжкія траўмы і ў непрытомным стане быў шпіталізаваны. Пацярпела ў іншамарцы і 11-гадовая дзяўчынка-пасажыр. На момант здарэння ніводны з іх не быў прышпілены рамянямі бяспекі. Тут неабходна ўлічваць і наступную акалічнасць. Вытворцы аўтамабіляў, абсталяваных падушкамі бяспекі, сцвярджаюць, што гэтыя ўстройствы эфектыўныя толькі пры выкарыстанні вадзіцелямі і пасажырамі рамянёў бяспекі.

І яшчэ. Ніколі не забывайце, што самы галоўны пасажыр у аўтамабілі — дзіця. Супрацоўнікі ДАІ заўсёды звяртаюць асаблівую ўвагу на іх перавозку, выкарыстанне для малых спецыяльных утрымліваючых устройстваў — дзіцячых аўтакрэслаў. Балазе, іх цяпер хапае ў гандлі розных мадыфікацый. На бяспецы сваіх дзяцей нельга эканоміць!

Асаблівую асцярожнасць за рулём неабходна праяўляць у выхадныя дні, калі колькасць транспарта на аўтадарогах павялічваецца ў некалькі разоў, а надвор’е прыпадносіць “сюрпрызы” ў выглядзе дажджу, ветру і навальніцы. Многія людзі плануюць паездкі за горад разам са сваімі сем’ямі, дзецьмі. Толькі пільная ўвага, прадуманыя дзеянні вадзіцеля і памяркоўная хуткасць транспартных сродкаў — з’яўляюцца гарантыяй бяспекі на дарогах. Паважаныя вадзіцелі і пасажыры, вазьміце для сябе за правіла прышпільвацца рамянямі бяспекі. І тым самым вы захаваеце сабе жыццё і здароўе!

А. КРЫШТАФОВІЧ.

Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС, маёр міліцыі.