На варце правапарадку

234

На варце правапарадку«Мядзельскі РАУС, аператыўна-дзяжурная служба. Чым мы можам вам дапамагчы?» — чуеце вы ў трубцы тэлефона голас дзяжурнага, набраўшы нумар 102. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так міліцыя пачынаецца з аператыўна-дзяжурнай службы, таму што менавіта сюды сцякаецца ўся інфармацыя аб правапарушэннях і злачынствах.

Тут прымаюць паведамленні і адразу рэагуюць, адпраўляючы ў найкарацейшыя тэрміны на месца здарэння дзяжурны нарад ці следча-аператыўную групу. У апошні час міліцыя стала той службай, якая можа дапамагчы разабрацца ў любой сітуацыі, даць інфармацыю даведачнага характару, падказаць нумар тэлефона службы экстраннай дапамогі. Супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы — сапраўдныя прафесіяналы, якія на грубасць грубасцю не адказваюць, а карэктна і ветліва стараюцца дапамагчы ўсім, хто да іх звяртаецца, у тым ліку і за інфармацыяй даведачнага характару.

Цудоўна, калі людзі разумеюць, што, патэлефанаваўшы ў міліцыю, яны не будуць пакінуты сам-насам з бядой. Аператыўна-дзяжурная служба — твар міліцыі, бо першае, што бачаць людзі, заходзячы ў райаддзел, — яе супрацоўнікі. Сёння гэта працавіты, згуртаваны калектыў, у якім кожны спраўляецца са сваімі абавязкамі на «выдатна». А каб супрацоўнік быў падрыхтаваны да вырашэння любых пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, не дапускаў ніякіх хібаў у рабоце, рэгулярна праводзяцца заняткі па службовай падрыхтоўцы.

А. АТРОШКА.

Старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы РАУС, маёр міліцыі.