Крадзяжы грошай з карт-рахункаў працягваюцца: падрабязнасці здарэнняў і як іх не дапусціць

471

ЯК сведчыць статыстыка, крадзяжы грошай з рахункаў грамадзян працягваюцца. Здараецца, што за дзень ажно па некалькі такіх выпадкаў рэгіструецца. І гэта не зважаючы на тое, што і праваахоўнымі органамі, і банкаўскімі работнікамі праводзіцца вялікая работа па папярэджанні такіх сітуацый. У тым ліку і з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі.

— Багатым выдаўся і люты на кіберзлачынствы, — расказвае першы намеснік начальніка РАУС — начальнік крымінальнай міліцыі Дзмітрый Антановіч. — Напрыклад, 10 лютага ў раённым аддзеле ўнутраных спраў зарэгістраваны дзве заявы па факце махлярства, 11-га — таксама дзве… Схемы ашуканства практычна аднолькавыя. Усе званкі паступалі на Viber пацярпелых з іншых дзяржаў. Чалавек, які тэлефанаваў, прадстаўляўся супрацоўнікам банка і прасіў назваць даныя банкаўскай карты. І, як ні дзіўна, іх атрымліваў… Так знікалі з карт-рахунка грошы. А пацярпелы толькі пасля гэтага разумеў, што здарылася непрадбачанае, і спяшаўся ў міліцыю пісаць заяву аб маёмасным уроне, яму прычыненым.

— Якія банкі найчасцей фігуруюць у справах?

— Розныя. Хтосьці прадстаўляецца супрацоўнікам “Белаграпрамбанка”, хто — “Беларусбанка”, а некаторыя — “МТБанка”, “Банку Дабрабыт” ці іншых. Аднак не гэта важна, а тое, што людзі так хутка паддаюцца на ўгаворы незнаёмцаў, — апавядае Дзмітрый Яўгенавіч. — Проста не разумею, чаму яны не ўсведамляюць, што ніводнаму банку іх асабістыя даныя не патрэбны. Што нельга так бяздумна кідацца сваімі персанальнымі звесткамі.

— Ведаеце, — у размову ўключаецца оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Яўген Раткевіч, — размовы з пацярпелымі паказваюць, што яны ў большасці выпадкаў не разумеюць уласных паводзін і нават не могуць растлумачыць толкам, што на самай справе з імі адбылося. Асобныя нават сцвярджаюць, што пазней у іх склалася ўяўленне, быццам бы патрапілі пад уздзеянне гіпнозу… Так гэта ці не, казаць не бяруся. Але тое, што на другім канцы проваду знаходзяцца цудоўныя псіхолагі, бясспрэчна. Яны добра ведаюць, як выклікаць да сябе прыхільнасць у свайго новага суразмоўцы. Падкупляе, як мне здаецца, чалавека і тое, што яму тэлефануюць менавіта з банка…

— Якога ўзросту пацярпелыя?

— Рознага. Ёсць і маладыя, і сярэдняга ўзросту, і пенсіянеры… Праўда, маладзейшых больш, чым пажылых. У першых, напэўна, жыццё больш насычанае. Яны пастаянна спяшаюцца, каб усюды паспець, — працягвае Дзмітрый Антановіч. — А старэйшае пакаленне перад тым, як прыняць рашэнне, усё ўзважвае, пралічвае, чым часта засцерагае сябе ад памылак. Але тым не менш і яно трапляе на кручок да махляроў.

— Напэўна, сумы, якія зніклі з банкаўскіх картак, таксама розныя?

— Безумоўна. Ёсць да ста і звыш ста рублёў, — кажа Яўген Раткевіч. — Некаторыя намнога вышэйшыя — звыш 700, 800 рублёў, пад тысячу, а то і больш…

— Што вы можаце параіць людзям, каб засцерагчы іх ад хітрыкаў махляроў?

— Новае наўрад ці што прыдумаем, а вось пра ўжо добра вядомае яшчэ раз нагадаем, — кажа Дзмітрый Антановіч. — Адразу хачу параіць грамадзянам не быць залішне даверлівымі і такімі неабачлівымі. Ні ў якім разе не трэба паведамляць нікому падрабязную інфармацыю пра ўласныя банкаўскія карткі: пін-коды, кодавыя словы, коды, аднаразовыя паролі і гэтак далей. Трэба асцярожна адносіцца таксама да ўсіх пісьмаў, паведамленняў, дзе размова ідзе пра даныя асабістых рахункаў ці банкаўскіх картак, якія паступаюць у сацыяльныя сеткі ці на мабільныя тэлефоны. Варта памятаць, што, выведаўшы патрэбныя звесткі, кіберзлачынцы шляхам уводу ў камп’ютарную сістэму ілжывай інфармацыі атрымліваюць доступ да вашай банкаўскай карты і пераводзяць з яе грошы на такія рахункі, якія практычна немагчыма адсачыць. Калі вы апынуліся ў такой сітуацыі, лепш спыніце размову і пакладзіце трубку. Пры сумненнях у правільнасці сваіх паводзін звяжыцеся лепш з сервіснай службай банкаўскай установы па нумары, які ўказаны на картцы.

Па меркаванні маіх суразмоўцаў, толькі ўважлівасць і абачлівасць дапамогуць грамадзянам не стаць ахвярамі інтэрнэт-махляроў.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц