Крадзеж дробны, а сорам вялікі: пяцёра школьнікаў укралі ў магазіне прадукты харчавання

540

ПЯЦЁРА школьнікаў (самы старэйшы — 2011 года нараджэння, наймалодшая — 2015-га) укралі ў магазіне прадукты харчавання. Не сказаць, што вельмі шмат — на агульную суму 50 рублёў.

Дзеянні непаўналетніх падпадаюць пад артыкул 11.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапа­рушэннях (“Дробны крадзеж”), але дзеці яшчэ не дасягнулі 14-ці год — узросту, з якога наступае адміністрацыйная адказнасць за такое правапарушэнне. Значыць, адказнасць нясуць бацькі — гэта прадугледжвае частка 1 артыкула 10.3 таго ж

Кодэкса (“Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”). Як вынік — тых і іншых выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, дзе давялося даваць малапрыемныя тлумачэнні. Дзеці шчыра каяліся і абяцалі, што такога больш не здарыцца. Сорамна было і бацькам. Урэшце, тым, можна сказаць, і абышлося — камісія абмежавалася папярэджаннем. Дзецям — пра недапушчальнасць супрацьпраўных учынкаў, дарослым — аб адказнасці за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў. Школе рэкамендавана правесці шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. Хочацца верыць, што для ўсіх гэта сітуацыя стала добрым урокам.

На жаль, выпадкі, калі дзеці крадуць, не адзінкавыя. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Мая Семяновіч падзялілася занепакоенасцю: не ўсе бацькі ўдзяляюць дастаткова ўвагі сваім непаўналетнім нашчадкам. А хто ж, калі не тата і мама, найперш павінен растлумачыць, што добра, а што дрэнна? Дзеці ж (як бы пафасна гэта ні гучала) — сапраўды наша будучыня. У маштабах і ўсёй краіны, і сваёй сям’і.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com