Калі ўчыніцца бойка

221

Калі ўчыніцца бойкаМАБЫЦЬ, ніхто не будзе аспрэчваць тое, што няма нічога больш ганебнага для ваеннаслужачага, чым прымяненне насілля ў адносінах да таварыша. Паколькі, прычыняючы шкоду здароўю, а часам і жыццю свайго калегі, ён яшчэ і прыніжае сябе, асэнсавана ставячы гонар і годнасць абаронцы Айчыны ў адзін шэраг са зладзеямі і хуліганамі. Пры гэтым наносіцца шкода і воінскім праваадносінам, падрываецца іх аснова — воінскае сяброўства, аслабляецца дысцыпліна і баяздольнасць падраздзяленняў.

Забыўшыся пра гэта, не зважаючы на рэгулярнае інфармаванне салдат пра адказнасць, якую яны нясуць за супрацьпраўныя дзеянні, радавы Б. адной з часцей Мінскага гарнізона ўчыніў злачынства.

Як устаноўлена судовым следствам, Б., праяўляючы незадаволенасць рэакцыяй на выказаную ім заўвагу радавому Л., які не знаходзіцца з ім у адносінах падпарадкаванасці, і жадаючы паказаць сваю ўяўную перавагу, у будынку казармы на пастраенні ў прысутнасці таварышаў па службе ўдарыў Л. у грудзі, прычыніўшы пабоі.Прыгаворам Мінскага міжгарнізоннага ваеннага суда радавому Б. прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на два месяцы з утрыманнем на гаўптвахце ваеннай камендатуры. Пры гэтым Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь за дадзенае злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Хочацца нагадаць, што яшчэ ў Артыкуле воінскім з кароткімі тлумачэннямі 1715 года было запісана наступнае адносна аналагічнага злачынства: “Ежели учинится драка, хотя никто умерщвлен или поранен не будет, то рядового через полк гонять шпицрутен, и сверх того иметь виноватый у обиженного просить о прощении пред судом. Кто с сердцов и злости кого тростью или иным чем ударит и побьет, оный руки своея лишиться”. Дарэчы, шпіцруцены — доўгія гнуткія драўляныя палкі для цялесных пакаранняў.

Не зважаючы на штогадовае зніжэнне ўзроўню воінскіх злачынстваў з прымяненнем насілля, асобныя выпадкі яшчэ маюць месца. Па такіх фактах праводзіцца расследаванне, вінаватыя нясуць заслужанае пакаранне. Спадзяюся, што справядлівы прыгавор суда стане добрым урокам у жыцці гэтага і іншых ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Хочацца верыць, што гэты прыклад будзе садзейнічаць таксама станаўленню законапаслухмянасці ў маладых грамадзян нашай краіны.

В. АЛЕЙНІК.

Старшы памочнік Мінскага міжгарнізоннага ваеннага пракурора, маёр юстыцыі.