Хлопец знік у Мінску, назаўтра аб’явіўся ў Баярнавічах — на дапамогу прыйшоў участковы

827

ЖЫХАР вёскі Баярнавічы (гэта ў Занарацкім сельсавеце) 8 студзеня паведаміў у міліцыю, што да яго басанож прыходзіў невядомы хлопец, які паводзіў сябе неадэкватна. Гаспадар даў яму боты, і той сышоў (як высветлілася потым, пакінуўшы боты на ганку). На месца здарэння выехаў старшы ўчаст­ковы інспектар Раман Іванец.

У двары на снезе ўбачыў сляды, па якіх хлопца і адшукалі ў пуні. Той трызніў і амаль
не мог рухацца: ногі былі абмарожаны. Інспектар выклікаў “хуткую”. Праз групу “ВКонтакте” пошукавага атрада “Анёл” знайшоў падобнага па прыкметах чалавека, які напярэдадні знік у Мінску. Патэлефанаваў яго бацькам і даслаў ім фота маладога чалавека, на якім яны пазналі сына. Хлопца шпіта­лізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы.

Пра гэта расказаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Яўген Якімец.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.