Беражыце грошы

255

Беражыце грошыУ ПРАВААХОЎНЫЯ органы звяртаюцца грамадзяне з заявамі аб знікненні грошай з іх банкаўскіх картак. З пачатку года па вобласці зарэгістравана больш за 150 такіх выпадкаў. У 100% іх пацярпеўшыя самі прадастаўлялі зладзеям магчымасць учыніць крадзеж.

Большасць здзейсненых злачынстваў выглядае так. Грамадзянін губляе картку альбо забывае яе ў банкамаце. Зламыснік, выпадкова заўважыўшы яе, бярэ сабе. А дзякуючы надрапанаму на звароце пін-коду, здымае праз банкамат грошы, якія там ёсць у наяўнасці. Другі варыянт: злачынца крадзе кашалёк, у якім знаходзіцца плацежная картка разам з паперкай з пін-кодам. Затым ідзе у банкамат і здымае грашовыя сродкі. І, нарэшце, трэці, дарэчы, найбольш распаўсюджаны выпадак. Грамадзянін паведамляе пін-код знаёмаму, калегу па працы і нават выпадковай асобе. А зрэдку яшчэ і дае камусьці з іх сваю плацежную картку, каб збегалі ў магазін і разлічыліся за пакупку. Ведаючы, дзе ляжыць картка, а таксама пін-код, з часам нячыстыя на руку асобы потайкі бяруць яе ва ўладальніка, здымаюць грошы і зноў непрыкметна кладуць назад. А той нават і не здагадваецца пра злачынныя дзеянні, ды і прапажу грашовых сродкаў нярэдка заўважае не адразу.

Засцерагчыся ад злачынцаў проста. Трэба толькі выконваць простыя правілы. Ні ў якім разе не запісвайце і не драпайце на картцы пін-код. Не насіце ў кашальку разам з грашыма картку і паперку з напісаным на ёй пін-кодам. У крайнім выпадку ўнясіце яго ў памяць свайго мабільнага тэлефона. А яшчэ лепш запомніце нумар пін-кода сваёй плацежнай карткі. Калі вам гэта зрабіць складана, схадзіце ў банк, напішыце заяву, каб памяняць код на чатыры простыя лічбы, якія вы добра ведаеце, — напрыклад, на дату нараджэння дзіцяці, мужа альбо, скажам, на год пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэта простая аперацыя каштуе толькі 10000 рублёў, аднак яна зможа дапамагчы вам засцерагчы ўласныя грошы ад крадзяжу. Не перадавайце картку для здзяйснення пакупак сябрам, знаёмым, нават сваякам. Калі набіраеце пін-код у банкамаце, рабіце гэта так, каб чалавек, які стаіць у чарзе за вамі, не змог заўважыць лічбы. Пасля таго, як атрымаеце грошы, не забывайце забраць плацежную картку. А калі вы згубілі картку ці яе ў вас укралі, неадкладна тэлефануйце ў банк і блакіруйце яе. Затым звяртайцеся ў міліцыю.

Калі ж вы заўважылі, што з карткі прапалі грошы (нават невялікая сума) альбо на ваш мабільны тэлефон прыходзяць СМС “ад адміністратара банка” з просьбай выслаць пін-код і рэквізіты плацежнай карткі, напрыклад, для “ўзнаўлення рахунку”, смела тэлефануйце па нумары 102. І чым хутчэй вы гэта зробіце, тым больш шансаў у супрацоўнікаў міліцыі высветліць абставіны таго, што адбылося, затрымаць злачынцу і вярнуць грошы.

А. КАБЯК.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС.

А. ФІЛІПЧЫК.

Першы намеснік начальніка РАУС.