Верныя традыцыям: з 19 верасня 1939 года пачынае адлік гісторыя аддзела ўнутраных спраў

245

ГІСТОРЫЯ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама пачынае адлік з 19 верасня 1939 года, калі загадам народнага камісара ўнутраных спраў БССР малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Пётр Бур’ян быў прызначаны часова выконваючым абавязкі па пасадзе начальніка Мядзельскага раённага аддзялення УНКУС па Вілейскай вобласці.

На той час у аддзяленні неслі службу 33 супрацоўнікі. З іх 20 — аператыўна-начальніцкага складу і 13 міліцыянераў. Асноўным сродкам перамя­шчэння па раёне былі коні і веласіпеды.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны аддзел міліцыі прыняў меры па эвакуацыі асабовага складу. Аднак многія работнікі ўступілі ў рады Чырвонай Арміі, пайшлі ў партызанскія атрады. Пасля вызвалення Беларусі міліцыянеры заняліся выяўленнем і знішчэннем банд, якія хаваліся па лясах. Пры выкананні воінскага і службовага абавязку загінулі 17 супрацоўнікаў.

Пасля ліквідацыі Свірскага і Кры­віцкага раёнаў і далучэння значнай часткі іх тэрыторый да Мядзельскага колькасць асабовага складу аддзела павялічылася. Сярод супрацоўнікаў каля 30% складалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Верныя традыцыям: з 19 верасня 1939 года пачынае адлік гісторыя аддзела ўнутраных спраў Верныя традыцыям: з 19 верасня 1939 года пачынае адлік гісторыя аддзела ўнутраных спраў

 

 

За перыяд з 1941-га па 2015 год Мя­дзельскую раённую міліцыю ўзначальвалі 20 кіраўнікоў. 21-м па ліку з’яўляецца палкоўнік міліцыі Андрэй Мініч, які з лютага 2016 года працуе на пасадзе начальніка райаддзела.

За гады існавання раённага аддзела ўнутраных спраў з яго сцен выйшла цэлая плеяда супрацоўнікаў, якія ў розны час займалі і цяпер займаюць кіраўніцкія пасады ў органах унутраных спраў вобласці і краіны.

Сёння работнікі РАУС — гэта зла­джаны калектыў, які надзейна стаіць на ахове грамадства і дзяржавы, уносіць годны ўклад у захаванне спакою жыхароў рэгіёну і з’яўляецца гарантам яго стабільнага развіцця.

Задачы, якія на сучасным этапе стаяць перад органамі ўнутраных спраў, напружаныя і адказныя. Гэта ахова і забеспячэнне грамадскага парадку, прафілактыка правапарушэнняў і злачыннасці, у тым ліку ў сферы эканамічнай бяспекі, наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, высокіх тэхналогій, абарона жыцця, правоў і законных інтарэсаў усіх катэгорый грамадзян і, найперш, непаўналетніх, пажылых.

Насельніцтва ацэньвае дзейнасць аддзела ўнутраных спраў райвыканкама паводле работы канкрэтных людзей у пагонах, з якімі сустракаецца, па дапамогу да якіх звяртаецца. А таму ад кожнага супрацоўніка патрабуецца прафесіяналізм, кампетэнтнасць, высокая маральная культура, уменне працаваць з улікам патрабаванняў часу.

З нагоды даты хачу адрасаваць словы асаблівай удзячнасці ветэранам органаў унутраных спраў за веды, вопыт, якім дзеляцца з моладдзю. А ўсяму асабоваму складу, іх родным і блізкім жадаю моцнага здароўя, шчасця, міру і дабра. Няхай і надалей наша няпростая, але вельмі важная і патрэбная праца садзейнічае захаванню спакою і стабільнасці ў грамадстве, на нашай Мядзельшчыне.

Руслан СКВАРЦОЎ, намеснік начальніка АУС райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, падпалкоўнік міліцыі.

На асноўным здымку: супрацоўнікі і ветэраны РАУС разам з гасцямі на сёлетнім святкаванні Дня беларускай міліцыі.