У міліцыю пайшоў бы. Хто мяне навучыць?

173

Унук вучыцца ў 11 класе, хоча паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. А я хвалююся. Па-першае, быць міліцыянерам небяспечна. Па-другое, чула, што да кандыдатаў на службу ў органах унутраных спраў прад’яўляюцца высокія патрабаванні — раптам яго не возьмуць? Ды і вучыцца ў акадэміі, напэўна, цяжка? Хацелася б загадзя ведаць больш падрабязнасцей: каго бяруць на службу ў міліцыю, як паступіць у Акадэмію, ці цяжка вучыцца.

З тэлефанавання ў рэдакцыю.

ПЫТАННІ нашай чытачкі адрасуем намесніку начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Руслану Скварцову.

У міліцыю пайшоў бы. Хто мяне навучыць?— Міліцэйская служба сапраўды няпростая і часам небяспечная, — кажа Руслан Яўгенавіч, — бо даводзіцца мець справу з правапарушальнікамі, а то і з узброенымі злачынцамі. Заканамерна, што і патрабаванні да тых, хто хоча служыць у органах МУС, высокія. Патрэбна адпаведная адукацыя, не павінна быць абмежаванняў да службы па стане здароўя. Узрост да 27-мі год. Кандыдата на службу абавязкова правяраем на прадмет інфармацыі, якая кампраметуе яго і яго блізкіх сваякоў. Гэта апраўдана, бо міліцыянер будзе абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян.

Але варта памятаць не толькі пра высокія патрабаванні і складанасць службы. Быць міліцыянерам пачэсна. Для супрацоўнікаў дзяржава прадугледзела сацыяльна-прававыя гарантыі. Гэта абавязковае дзяржаўнае страхаванне; забеспячэнне бясплатным абмундзіраваннем; магчымасць бясплатнага атрымання вышэйшай адукацыі ў навучальных установах сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь; штогадовы аплачаны водпуск ад 30-ці да 45-ці сутак у залежнасці ад стажу службы; магчымасць звальнення з органаў унутраных спраў пры дасягненні 48-гадовага ўзросту з правам на пенсіённае забеспячэнне. Супрацоўнікі міліцыі маюць права на льготны крэдыт на будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё жылых памяшканняў. Выдаткі па найме або паднайме жылых памяшканняў кампенсуюцца ім ва ўстаноўленых заканадаўствам памерах. Супрацоўнікі і члены іх сем’яў (жонка і дзеці да 18-ці год) маюць права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. А яшчэ служба ў міліцыі адкрывае вялікія магчымасці для кар’ернага росту і павышэння прафесійнага майстэрства.

Што да паступлення ў Акадэмію МУС… Прымаюць туды пераважна юнакоў ва ўзросце 17-25 год з агульнай сярэдняй адукацыяй, а таксама супрацоўнікаў міліцыі радавога і малодшага начальніцкага складу і ваеннаслужачых ўнутраных войскаў (акрамя тых, што праходзяць тэрміновую ваенную службу) ва ўзросце да 30 год па стане на 1 верасня ў год паступлення. Спатрэбяцца сертыфікаты цэнтралізаваных экзаменаў або цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай ці рускай мове, грамадазнаўстве і замежнай мове. Падрабязна з умовамі прыёму можна пазнаёміцца на сайце акадэміі. Патэнцыяльным абітурыентам спачатку трэба звярнуцца ў аддзел унутраных спраў райвыканкама (Мядзел, вул. Круп­скай, 4, кабінет 14). І лепш паспяшацца, бо да 15 красавіка трэба будзе сабраць неабходныя дакументы і прайсці ваенна-медыцынскую камісію. Ну а пра тое, наколькі цяжка быць курсантам, лепш спытайце ў тых, хто вучыцца цяпер.

 

 

* * *

У міліцыю пайшоў бы. Хто мяне навучыць?Паспяхова здаў першую сесію і зараз знаходзіцца ў водпуску ў Мядзеле курсант
І курса факультэта міліцыі грамадскай бяспекі Акадэміі МУС Дзяніс Сыракваша. Падзяліўся ўражаннямі:

— Вучыцца цікава, бо не даводзіцца завучваць на памяць шмат сухой тэорыі, прадугледжана многа практыкі. Ёсць магчымасці ўдасканальвацца ў спорце, у тым ліку наведваць секцыі. Усё знаходзіцца побач: вучэбны корпус, распалажэнне, сталоўка — не даводзіцца, як студэнтам некаторых ВНУ, ездзіць праз увесь горад на заняткі.

Можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Выпускнік акадэміі ў 21 год атрымае не толькі вышэйшую адукацыю, але і лейтэнанцкія пагоны. Відавочны плюс навучання тут — поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. Добра таксама, што падтрымліваецца дысцыпліна, жывём па рэжыме. Вядома, у адносінах да курсантаў дзейнічаюць некаторыя абмежаванні, якіх няма ў цывільных ВНУ. Напрыклад, не можам у любы дзень паехаць дадому. Аднак у нядзелю заўсёды арганізуюць наведванне музея ці тэатра або экскурсію (напрыклад, у Трасцянец, Брэсцкую крэпасць).

Наталля ЛІСІЦКАЯ.