Што рабіць, каб не згубіцца ў лесе

88

За мінулы месяц у нашым раёне зніклі — 10 чэрвеня мужчына 1942 года нараджэння,  22 чэрвеня — жанчына 1939 года нараджэння, а 30 чэрвеня — жанчына 1976 г. н. (яна знайшлася 1 ліпеня).

Вядуцца пошукі людзей, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі розных службаў.

А цяпер пачалі і дары лесу збіраць. Каб людзі не губляліся, а калі такое здарылася, хутка знаходзіліся, парады дае першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі Дзмітрый Антановіч:

У лес варта не хадзіць па адным, а лепш са знаёмымі. Напярэдадні раскажыце блізкім і знаёмым пра тое, у якую мясцовасць збіраецеся пайсці.

Зарадзіце мабільны тэлефон, папоўніце яго баланс. Улічыце, што не ўсюды ў лесе працуе сотавая сувязь: прыхапіце яшчэ і свісток. Калі пастаянна карыстаецеся лекамі, вазьміце патрэбныя. Не забудзьце пра бінт з ёдам, запалкі (лепш — у воданепранікальнай упакоўцы). Адзенне выбірайце яркіх адценняў: у камуфляжы вас будзе цяжка знайсці.

У лесе звярніце ўвагу на арыенціры, якія знаходзяцца непадалёку (дарога, возера, лінія электраперадач і гэтак далей). Па шляху старайцеся запомніць незвычайныя дрэвы, камяні… Так вы самі лепш зможаце арыентавацца, і людзям будзе лягчэй вас знайсці.

Калі заблудзіліся, не варта панікаваць. Спыніцеся і падумайце, адкуль прыйшлі. Паслухайце, ці ні чуваць шуму машын, крыкаў, брэху сабак. Успомніце шлях, па якім ішлі, паспрабуйце адшукаць знаёмыя арыенціры. Па мабільніку паведаміце ў міліцыю. Далей абмяжуйце званкі, але тэлефон не выключайце.

Калі вырашылі выходзіць з лесу, старайцеся не пятляць, арыентуйцеся па сонцы. Шукайце любую сцяжынку, прасеку, газаправод, раку, лінію электраперадач… Знайшлі арыенцір — трымайцеся яго і нікуды не збочвайце. Не пераходзьце вадаём, балота.

Пры магчымасці забяспечце пажылых сваякоў GPS-трэкерам. Калі чалавек не вярнуўся дамоў у вызначаны час, без прамаруджвання паведамляйце ў міліцыю ці райддзел па надзвычайных сітуацыях. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.