Падушачкі небяспекі — шкодна ці не?

23

ЗА апошнія пяць гадоў колькасць нарказлачынстваў у Беларусі скарацілася ў паўтара раза. Аднак праблема застаецца вострай. Па афіцыйных даных каля 88 тысяч беларусаў маюць наркатычную залежнасць. Гэта лічба практычна суадносная з насельніцтвам, напрыклад, Маладзечна.

Ніхто з бацькоў не хацеў бы для свайго сына ці дачкі лёсу наркамана. Калі не браць пад увагу моцныя наркотыкі, то залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў выявіць напачатку складана. Прывыканне звычайна адбываецца на працягу шасці месяцаў. За гэты час уважлівыя родныя ўжо змогуць заўважыць першыя прыкметы залежнасці і паспрабуюць выратаваць блізкага чалавека ад яе.

Бацькоў павінны насцярожыць рэзкая змена настрою, апетыту, сну без бачных прычын і ўвогуле збой звыклага рытму жыцця непаўналетняга.

Падчас узнікнення залежнасці падлетак часта адмаўляецца ад старых сяброў, заводзіць новых, з якімі размаўляе ціха, туманнымі выразамі. Можа імкнуцца да адзіноты, зачыняцца ў пакоі, падоўгу не бываць дома, позна вяртацца. Часта непаўналетнія пачынаюць цікавіцца тым, што ёсць у хатняй аптэчцы, нават чытаюць кнігі ці артыкулы па фармакалогіі. І далей па нарастаючай: перапады настрою, агрэсія, павышаная ўзбуджальнасць, потым поўная абыякавасць, дрэнная каардынацыя рухаў. І, канечне ж, павялічваецца патрэба ў грашах. Падлеткі адразу просяць, потым патрабуюць іх у бацькоў, далей — з дому могуць знікаць каштоўныя рэчы, бытавая тэхніка.

Здараецца, што дзіця ўвогуле губляе пачуццё асцярожнасці, і родныя знаходзяць іголкі ад шпрыцаў, фольгу, свечкі, запальнічкі, цыгарэты, закурадымленыя лыжкі. У сына ці дачкі могуць назірацца скачкі артэрыяльнага ціску, кішэчныя расстройствы. Рэзкі, непрыемны пах з роту, як і пляма ў форме матылька каля носа і на шчоках, — частая прыкмета курэння анашы. У тых, хто ўжывае гераін, могуць быць кашаль і насмарк. Скура ў наркамана бледная, нават зямлістая, валасы блёклыя і ломкія. Адзенне становіцца неахайным. Наркаманы, каб схаваць сляды ад уколаў, імкнуцца нават у спёку насіць світары ці кашулі з доўгімі рукавамі.

Акрамя класічных наркотыкаў, якія ва ўсіх на слыху, небяспеку нясе і табака для жавання, так званы “снюс”. Пагроза новай эпідэміі навісла над беларускімі падлеткамі. На расійскія школы гэта праблема лавінай навалілася значна раней. Хачу запытаць у бацькоў: “Вы ведаеце, што такое “снюс”? Калі і чулі пра “падушачкі небяспекі”, паверце, вы ведаеце пра гэта рэчыва далёка не ўсё”.

Снюс — гэта адзін з відаў бяздымнай табакі. Вырабляецца з увільготненай ці здробненай табакі, якая апрацавана растворам солі і соды з дабаўленнем араматычных смакавых дабавак. Ужываючы яго, чалавек атрымлівае пэўную дозу нікаціну без дыму.

Асноўная шкода снюса ў тым, што нікаціну ў ім у некалькі разоў больш, чым у звычайнай цыгарэце. А значыць, прывыканне наступае хутчэй, імкліва развіваецца негатыўнае наступства — сардэчна-сасудзістыя захворванні. У адной школе падлетак атруціўся пасля “дэгустацыі” снюсу. Рэчыва прынёс у школу яго сябар. Аказалася, што набыў яго у мясцовай краме.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз упаўнаважаны даваць заключэнне аб прыродзе канфіскаванага рэчыва, яго аднясенні да спіса наркатычных сродкаў, псіхатропаў, забароненых да свабоднага абароту ў краіне.

За 9 месяцаў падраздзяленнямі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз вобласці больш за 1000 разоў праводзілася даследаванне выяўленых і канфіскаваных рэчываў, якія аказаліся наркотыкамі ці псіхатропамі. На жаль, ад іх уздзеяння зафіксаваны выпадкі смерці.

Сярод рэчываў, якія даследавалі эксперты, былі як разавыя дозы, так і буйныя партыі (найбольшая — вагой 1,5 кілаграма мефедрону). Іх допуск на чорны рынак прынёс бы неверагодныя праблемы людзям.

У Беларусі ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі закона ўжо нельга курыць на прыпынках, дзіцячых пляцоўках і ў іншых грамадскіх месцах. Аднак, самае галоўнае, што да звычайных цыгарэт прыраўнялі і электронныя (вейпы).

Руслан НАВАЖЫЛАЎ, начальнік райаддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, падпалкоўнік юстыцыі.