Cупрацоўнікам ДАІ падзякавалі за неабыякавасць

267

Нядаўна з дапамогай электроннага звароту на сайце райвыканкама такое паведамленне прыйшло ад жыхаркі Дзяржынска Юліі Кадлубовіч. Адрасавана яна было аддзяленню ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама:

«Хочацца выказаць падзяку супрацоўнікам ДАІ Мядзельскага РАУС пад бартавым нумарам 870 за аказанне дапамогі пры праколе кола. Такая сітуацыя на дарозе можа здарыцца з кожным. І як добра, што такія неабыякавыя супрацоўнікі могуць аказаць максімальную дапамогу і садзейнічанне. Дзякуй за вашу добрасумленную працу».

Як аказалася, падзяка гэта прызначаецца інспектарам ДПС Дзмітрыю Вярбіцкаму і Вадзіму Півавару. А вось што адбылося жнівеньскім днём.

— Падчас нясення службы заехалі на аўтазаправачную станцыю ў Мядзеле, — прыгадаў акалічнасці таго дня Дзмітрый. — Убачылі машыну, якая стаіць ля кампрэсара, а малады хлопец з дзяўчынай ходзяць каля кола. Мы падышлі, спыталі, што адбылося. Яны сказалі, што, магчыма, прабілі кола, але ні «запаскі», ні ключоў у іх няма. Мы дасталі свой дамкрат, ключы, знялі кола. Далей завезлі хлопца на сваёй машыне на шынамантаж, дзе зрабілі рамонт кола, і вярнуліся на АЗС. Кола ўстанавілі на месца, праверылі — і нам засталося толькі пажадаць гасцям Нарачанскага краю шчаслівай дарогі.

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц