Аляксей КУПРЭВІЧ: Служыць Закону — наша галоўная задача

169

Старшым памочнікам пракурора раёна працуе Аляксей КУПРЭВІЧ. Прапанаваная з ім размова — пра будні і задачы па папярэджанні злачыннасці і правапарушэнняў, ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

— Аляксей Аляксандравіч, з вамі ў Мядзеле многія знаёмы. Аднак знойдуцца і тыя, хто не ведае альбо чуў толькі прозвішча. Таму раскажыце пра сябе.

— Практычна ўсё маё жыццё звязана з Мядзелам. Тут правёў дзяцінства, цяпер жыву, працую. Пасля заканчэння дзевяці класаў Мядзельскай СШ №2 разам з адна­класнікам Яўгенам Палонікам паступіў у Беларускі тэхнікум бізнесу і права на спецыяльнасць “правазнаўства”. Дыпламаваным спецыялістам вярнуўся на радзіму. Першае месца працы — Мядзельская цэнтральная раённая бальніца, дзе быў юрысконсультам. Завочна закончыў Беларускі інстытут правазнаўства. Праз чатыры гады запрасілі на працу ў райвыканкам. Пасады займаў розныя — вядучага спецыяліста аддзела арганізацыйна-кадравай работы, галоўнага спецыяліста юрыдычнага сектара, галоўнага спецыяліста сектара ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, загадчыка юрыдычнага сектара. Некаторы час працаваў кіраўніком спраў Нарацкага сельвыканкама. А з сакавіка 2019-га — старшы памочнік пракурора раёна.

— Чым адрозніваецца праца юрыста ў арганізацыях ад службы ў органах?

— У цывільным жыцці яна ў асноўным кабінетная, з дакументацыяй. А ў пракуратуры — больш жывая, з людзьмі, што і прываблівае. Часта бываю ў працоўных калектывах арганізацый, прадпрыемстваў, ва ўстановах адукацыі, выступаю перад дарослымі, дзецьмі. Удзельнічаю ў праверках па выкананні заканадаўства дзяржаўнымі органамі, суб’ектамі гаспадарання розных форм уласнасці, па адпаведнасці дарог, месцаў масавага адпачынку людзей патрабаванням бяспекі, па рабоце са зваротамі грама­дзян і гэтак далей. Акрамя таго, выступаю на судовых працэсах у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы, прымаю ўдзел у разглядзе некаторых грама­дзянскіх спраў. А гэта і цікава, і разам з тым вельмі адказна. Удзячны лёсу, што мяне запрасілі ў пракуратуру. Служыць Закону — наша галоўная задача. Прычым надзейна, у інтарэсах дзяржавы і канкрэтнага чалавека. Яна няпростая, складаная, але важная і патрэбная.

— Наколькі ведаю, вы сёлета сталі пераможцам абласнога конкурсу на лепшую прамову дзяржаўнага абвінаваўцы. Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве, ад атрыманай перамогі.

— Конкурс арганізоўваецца з мэтай ацэнкі ўзроўню падрыхтоўкі дзяржаўных абвінаваўцаў да судовага працэсу, праверкі іх ведаў у галіне права, прафесійных якасцей. Кожны павінен быў падрыхтаваць прамову па справе, па якой падтрымлівалася абвінавачванне ў судзе. Неабходна было, грунтуючыся на канкрэтных фактах, артыкулах і нормах прававога заканадаўства, не толькі данесці неабходную інфармацыю, але і выклікаць уражанне ва ўдзельнікаў судовага працэсу. Прамова павінна быць не сухой, а канкрэтнай, дакладнай і разам з тым пераканаўчай. Вядома ж, прыемна, што ў ліку пераможцаў конкурсу і я.

— А якія судовыя працэсы найбольш запомніліся?

— Рознымі справамі даво­дзіцца займацца. І звязанымі з крадзяжамі маёмасці, і з неплацельшчыкамі аліментаў… Асабіста мяне вельмі абурае той факт, што ёсць бацькі, якія не клапоцяцца пра сваіх дзяцей, не ўдзельнічаюць у іх выхаванні, утрыманні. Хочацца, каб гора-бацькі, сярод якіх пераважаюць таты, памянялі свае адносіны да сыноў, дачок. Каб зразумелі, што мала даць жыццё, дзіця трэба яшчэ і выхаваць, вывесці ў людзі… Запомнілася грамадзянская справа па спагнанні ўрону, учыненага прыродзе. Падчас правядзення адной прыватнай асобай будаўнічых работ было знішчана жывое наглебавае покрыва лесу і тым самым нанесена навакольнаму асяроддзю шкода. Страты склалі больш за 139 тысяч рублёў. Парушальнік прыродаахоўнага заканадаўства іх не кампенсаваў. Таму ў інтарэсах дзяржавы давялося звяртацца ў суд. Дарэчы, патрабаванні пракуратуры там былі задаволены.

— У кампетэнцыі пракуратуры многія пытанні. У тым ліку накіраваныя на прадухіленне гібелі людзей на пажарах, вадаёмах, на ахову жыцця і здароўя чалавека.

— Гібель людзей на пажарах, падчас аварый, атрыманне траўм рознай ступені цяжкасці — на пастаянным кантролі ў пракуратуры раёна. У рамках ажыццяўлення нагляднай дзейнасці цесна супрацоўнічаем з суб’ектамі прафілактыкі, зацікаўленымі службамі па прадухіленні такіх сітуацый. Гінуць на пажарах пераважна нецвярозыя людзі з цыгарэтай у руках. Тут сапраўды ёсць пра што задумацца ўсім. У полі зроку пракуратуры — абследаванне ўсіх магчымых аб’ектаў, якія ствараюць рэальную пагрозу жыццю і здароўю чалавека, а таксама вадаёмаў, пляжаў, іншых месцаў адпачынку, праверка выканання правіл аховы працы ў арганізацыях, на прадпрыемствах… Пры выяўленні парушэнняў па кожным канкрэтным выпадку прымаем меры рэагавання. Здараецца, што вінаватых прыцягваем да адказнасці.

— Мяркую, што пракуратура не абыходзіць увагай пытанні прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, п’янства і алкагалізму, насілля і сямейнай нядобрана­дзейнасці, карупцыйных праяў…

— Прафілактычная работа сапраўды дае плён, калі праводзіцца не дзеля птушачкі, а на самай справе. Лічу, што цеснае ўзаемадзеянне права­ахоўных органаў з райвыканкамам, іншымі арганізацыямі станоўча адбіваецца на стане крымінагеннай сітуацыі ў рэгіёне. Напрыклад, колькасць зарэгістраваных злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, знізілася з 8-мі ў 2020-м да аднаго ў 2021-м годзе. Сёлета з пачатку года ў раёне не зарэгістравана ніводнага злачынства, учыненага падлеткамі. Аднак заспакойвацца не варта. Бо адміністрацыйныя правапарушэнні непаўналет­німі па-ранейшаму здзяйсняюцца. У тым ліку па прычыне неналежнай арганізацыі адпачынку дзяцей, пакідання іх дарослымі без нагляду. На гэта і раю звярнуць увагу бацькам і педагогам падчас правядзення сёлетняй аздараўленчай кампаніі.

— Зваротам грамадзян ва ўсіх арганізацыях удзяляецца вялікая ўвага. Вамі, напэўна, таксама?

— Летась асабіста мной было разгледжана 20 зваротаў грама­дзян, а з пачатку гэтага года — 17. Лічбы сведчаць аб даверы насельніцтва работнікам пракуратуры. Узнятыя пытанні розныя. Хтосьці не згодны з вынесенай адміністрацыйнай адказнасцю. Нехта — з дзеяннямі кіраўніцтва арганізацый, прадпрыемстваў. Ёсць выпадкі, калі грамадзяне звяртаюцца, зыходзячы з інтарэсаў блізкіх, якія самі за сябе не могуць пастаяць…

— Здаўна лічыцца, што справы на службе ладзяцца тады, калі ёсць надзейны тыл. А ў вас, Аляксей Аляксандравіч, як з гэтым?

— Усё ў парадку. Хутка бу­дзе 10 год, як з жонкай Наталіяй разам крочым па жыцці. Хоць яна і карэнная мінчанка, але знайшла сябе на маёй малой радзіме. Працуе эканамістам у цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. У нас тры дачушкі. Старэйшая Лізавета закончыла першы клас у Мя­дзельскім ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. Гэту ж установу наведваюць і дашкольніцы-двайняткі Вікторыя і Вераніка. Дапамагаюць нам і бацькі, а таксама мая бабуля. Калі ўсё добра — і на працы ла­дзяцца справы, і дадому хочацца спяшацца.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.