Адбылося пасяджэнне Мядзельскага гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку

99

Запрашаліся асобы, якія стаяць на розных прафілактычных уліках. Усе яны жывуць у Мядзеле.

З кожным члены гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку правялі гутарку наконт выканання правіл паводзін дома і ў грамадскіх месцах, аб забеспячэнні нармальнай жыцця­дзейнасці асоб, якія знаходзяцца з імі побач.

Увагу непрацуючых старшыня названага грамадскага фарміравання — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслаў Клімовіч — звярнуў на прадмет працаўладкавання. І нават асобным канкрэтныя прапановы даў у гэтай сувязі. Толькі, на жаль, чамусьці на іх ніхто не адрэагаваў.

З абавязанымі асобамі адбылася размова аб строгім выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18. Напрыклад, цікавіліся члены камісіі ў адной матулі, ці збіраецца яна вяртаць з прыёмнай сям’і сваё малое дзіця і якія захады для гэтага робіць.

Вядома, не проста ўздзейнічаць на таго, каго задавальняе сітуацыя, у якой апынуўся, хто не жадае наогул змяняць штосьці ў сваім жыцці. Але спрабаваць дастукацца ўсё ж і да іх трэба. Магчыма, атрымаецца гэта не адразу, а з часам. Гарадскі савет грамадскага пункта аховы правапарадку якраз гэтым і займаецца. Бо галоўная задача грамадскага фарміравання — работа на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.