Забяспечваючы iнтарэсы людзей

209

Забяспечваючы iнтарэсы людзейНАПЯРЭДАДНІ сустрэўся з начальнікам Мядзельскага цэха прыроднага і звадкаванага газу І. С. НОВІКАВЫМ і папрасіў расказаць, з якімі працоўнымі здабыткамі сустракае калектыў сваё прафесійнае свята, пра бліжэйшыя перспектывы ў гэтай сферы.

— Іван Сямёнавіч, пачніце, як водзіцца, з лічбаў і фактаў.

— Практычны ўсе задачы, пастаўленыя перад намі, вырашаны. У прыватнасці, паспяхова выканалі заданне па энергазберажэнні, якое складала за 7 месяцаў мінус 2,5 працэнта. Перавялі на газ 80 кватэр пры плане 22. Забяспечана стопрацэнтная аплата за блакітнае паліва, будаўніча-мантажныя работы выкананы на суму 349,2 мільёна рублёў пры плане 151,6 мільёна.— Як вядома, за гэтымі паказчыкамі стаяць людзі. Каго можаце адзначыць з тых, хто ўнёс найбольшы ўклад у агульны поспех?

— Калектыў у нас малады, згуртаваны, літаральна кожны работнік знаходзіцца, як кажуць, на сваім месцы, добрасумленна выконвае даручаныя заданні. Тым не менш, ёсць і свае лідары. У дзень прафесійнага свята слесар аварыйнаўзнаўленчых работ Васіль Аркадзьевіч Цімановіч атрымае Ганаровую грамату “Мінскаблгазу”, а вадзіцель 1-га класа Алег Леанідавіч Берняковіч — падзяку. Дадаткова будуць адзначаны работнікі загадам вытворчага ўпраўлення “Маладзечнаміжрайгаз”. Грамату атрымае Генрых Генрыхавіч Крулікоўскі — вадзіцель па развозцы балоннага газу насельніцтву, а падзяку — слесар аварыйна-дыспетчарскай службы Іван Іванавіч Васілевіч.

— Раскажыце крыху пра перспектывы развіцця газіфікацыі ў раёне.

— Яны даволі шырокія. Цяпер вось распрацоўваецца праект па газіфікацыі пасёлка Свір. Там практычна ўжо створаны кааператыў. Як толькі будзе гатова праектна-каштарысная дакументацыя, пачнецца будаўніцтва газаправоду высокага ціску. Гэта пераходны аб’ект на 2014 год. Плануецца таксама ў бліжэйшы час газіфікаваць гарадскі пасёлак Крывічы (праектна-каштарысная дакументацыя павінна быць гатова да канца наступнага года). А затым надыдзе чарга аграгарадка Будслаў, вёскі Сваткі. У 2014-ым годзе атрымаюць блакітнае паліва вёскі Лук’янавічы, Азаркі-Дворышча, Трыданы. У дадзеным напрамку і працуем, імкнучыся максімальна забяспечваць інтарэсы і запыты насельніцтва. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць калектыў цэха прыроднага і звадкаванага газу з надыходзячым святам, а таксама ветэранаў, якія адпрацавалі ў нас не адзін дзясятак год. І пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту!

Гутарыў

Аляксандр БЫКАЎ.