Заахвочванне — па выніках

274

Заахвочванне — па вынікахНАПЯРЭДАДНІ прафесійнага свята працаўнікі АСП “Вузлянка” дружна сабраліся ў Доме вольнага часу на цэнтральнай вуліцы Пузыроў. На ўрачыстасць таксама завіталі генеральны дырэктар Мінскага Камароўскага рынку Мікалай Хмяльніцкі, яго намеснікі Пётр Калеснік і Людміла Тамашэвіч. Гэта сталічнае ўнітарнае прадпрыемства гадоў з восем таму ўзяло пад сваё крыло гаспадарку, аказвае вяскоўцам істотную дапамогу. Вось і цяпер госці прыехалі павіншаваць хлебаробаў і жывёлаводаў з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі, уручыць лепшым з іх Ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. Першым да трыбуны падышоў Мікалай Міхайлавіч. Як адзначыў ён, становішча спраў у аграрным сектары напрамую закранае інтарэсы практычна кожнага чалавека, вызначае харчовую бяспеку краіны. І таму зусім не выпадкова адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі з’яўляецца маштабная Дзяржаўная праграма адраджэння вёскі.— У святы, — звярнуўся Мікалай Хмяльніцкі да прысутных, — прынята падводзіць вынікі, ганарыцца поспехамі і дасягненнямі, аналізаваць памылкі і неда¬працоўкі, ставіць новыя задачы, акрэсліваць асноўныя шляхі далейшага развіцця галін сельскагаспадарчай вытворчасці. Адыходзячы год адзначаны пэўнымі набыткамі ў раслінаводстве. Намалочана 240 тон насення рапсу, што на 78 тон больш у параўнанне з леташнім. Істотная прыбаўка забяспечана таксама пры назапашванні на стойлавы перыяд для грамадскага статка сенажу і сіласу. Уборачны экіпаж на жніве-2013 у складзе старшага камбайнера Андрэя Грышкевіча і яго памочніка Міхаіла Апанасевіча намалаціў 495,5 тоны збожжавых і 63,9 — рапсу. Такі вынік дазволіў яму выйсці на першае месца ў спаборніцтве сярод маладых хлебаробаў Мядзельшчыны. Гэта не можа не радаваць!

Заахвочванне — па выніках— На жаль, — працягнуў Мікалай Міхайлавіч, — мы здалі пазіцыі ў жывёлагадоўлі. Таму наша задача на бліжэйшую перспектыву — захаваўшы ранейшыя каштоўныя напрацоўкі, рухацца наперад у справе павелічэння аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса… Тым больш, што для гэтага ствараецца грунтоўны падмурак. Вось-вось на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ўвядуць у эксплуатацыю новую ферму з сучаснай даільнай залай, на яе будаўніцтва мы ўжо выдаткавалі два дзясяткі мільярдаў рублёў.

— Сапраўды, — дадаў намеснік генеральнага дырэктара Мінскага Камароўскага рынку па сельскай гаспадарцы Пётр Калеснік, — вытворчыя паказчыкі “Вузлянкі” не вельмі ўражваюць. Аднак у нас ёсць усё неабходнае, каб яны былі на дастойным узроўні. Бо дапамога з боку галаўнога прадпрыемства аказваецца сапраўды адчувальная. Выдзяляюцца грашовыя сродкі на набыццё паліва, запчастак, элітнага насення… Сёлета фінансавыя ўліванні ўжо набліжаюцца да пяці мільярдаў рублёў. Калектыў гаспадаркі невялікі — 86 чалавек, аднак гэтага цалкам дастаткова для арганізацыі эфектыўнай і выніковай работы на палях і фермах, у мехмайстэрні. Неабходна толькі, каб кожны работнік, пачынаючы ад кіраўніка і заканчваючы вартаўніком, добрасумленна і адказна выконваў даручаную справу. Тады і канчатковыя вынікі парадуюць, заробкі вяскоўцаў стануць прывабнымі, а заахвочванні лепшых працаўнікоў на святы — больш маштабнымі.

А затым надыходзіць самы прыемны момант урачыстасці — уручэнне ўзнагарод перадавым работнікам гаспадаркі. Першым на сцэну запрашаецца руплівы механізатар Вячаслаў Леановіч, які з душой працуе на энерганасычаным трактары “Беларус-3022”. Пад шчырыя апладысменты залы галоўны рэдактар газеты “Нарачанская зара” Павел Жукаў уручыў Вячаславу Валянцінавічу Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта Ільі Шацько і адпаведную грашовую прэмію. Заахвоціў аднаго з лепшых хлебаробаў “Вузлянкі” і Мікалай Хмяльніцкі — Ганаровай граматай, каштоўным падарункам і прэміяй. І не толькі Вячаслава Леановіча. Такія ж узнагароды за плённую працу на вытворчасці, згодна з загадам па ўнітарнаму прадпрыемству “Мінскі Камароўскі рынак”, з якім удзельнікаў урачыстасці пазнаёміла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Тамашэвіч, атрымалі старшы камбайнер Андрэй Грышкевіч, брыгадзір фермы “Вераб’і” Віктар Будзько, лепшы вадзіцель на адвозцы збожжа ад камбайнаў на жніве Леанід Роўда.

У слаўнай кагорце лепшых, ушанаваных і заахвочаных на свяце, таксама адмысловы трактарыст-машыніст Віктар Грышкевіч, на рахунку якога 1820 гектараў пасеваў, апрацаваных ядахімікатамі, тата Андрэя Грышкевіча — Леанід Грышкевіч, які на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур выйшаў па гаспадарцы на другое месца, аператар машыннага даення фермы “Пузыры” Наталья Косцевіч. Тут дарэчы дадаць, што надой малака ад каровы па групе Наталлі Яўгенаўны за дзесяць месяцаў склаў 4546 кілаграмаў. Значыць, па году гарантавана будзе больш за пяць тон. Канечне, у маштабах раёна гэта далёка не рэкорд. Аднак важкі вынік стараннай жывёлаводкі яскрава сведчыць: пры належнай арганізацыі працы і на сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Вузлянка” можна даіць ад каровы 5 тысяч кілаграмаў малака. Тым больш, што з запускам у работу ўзводзімай сучаснай фермы рэальна выйсці на якасна новы ўзровень вытворчасці прадукцыі.

З Ганаровымі граматамі, грашовымі прэміямі вярталіся ў залу на свае месцы і запрошаныя на сцэну дбайныя аператары па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы з фермы “Вераб’і” Наталля Апанасевіч і Алена Гурло, машыннага даення кароў фермы “Пузыры” Вольга Гарошка, галоўны заатэхнік Валянціна Хвалько, трактарыст-машыніст Ігар Садоўскі. Меў слова на свяце і дырэктар АСП “Вузлянка” Пётр Жарыкаў. Пётр Міхайлавіч таксама павіншаваў прысутных з надыходзячым прафесійным святам і праінфармаваў, што і ўсе астатнія работнікі прадпрыемства, якія не маюць парушэнняў працоўнай дысцыпліны, атрымаюць грашовыя прэміі. Хацелася б толькі, каб праведзенае ў Пузырах карыснае мерапрыемства стала своеасаблівай кропкай адліку для карэннага паляпшэння вытворчых спраў як у жывёлагадоўлі, так і раслінаводстве гаспадаркі.

Наш кар.

На здымках: 1. Генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Мінскі Камароўскі рынак” Мікалай Хмяльніцкі (у цэнтры) з групай перадавікоў АСП “Вузлянка” (злева направа) механізатары Вячаслаў Леановіч, Андрэй Грышкевіч, Ігар Садоўскі, Леанід Грышкевіч, Віктар Грышкевіч і вадзіцель Леанід Роўда; 2. У жывёлагадоўлі гаспадаркі прыклад у працы дэманструюць (злева направа) аператар машыннага даення кароў Наталля Косцевіч, брыгадзір фермы “Вераб’і” Віктар Будзько, галоўны заатэхнік Валянціна Хвалько, аператар машыннага даення кароў фермы “Пузыры” Вольга Гарошка, аператары па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы фермы “Вераб’і” Наталля Апанасевіч і Алена Гурло. У цэнтры з лепшымі работнікамі — намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы Мінскага Камароўскага рынку Пётр Калеснік.