Ваш спакой — у надзейных руках

205

Ваш спакой — у надзейных руках«БЕЛДЗЯРЖСТРАХ» — страхавая кампанія, якая амаль стагоддзе дорыць нам, беларусам, спакой, упэўненасць і абарону. Напярэдадні Дня страхавых работнікаў пагутарыў з намеснікам дырэктара прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Мядзельскім раёне Святланай ЖОЛУДЗЕВАЙ.

— Святлана Мікалаеўна, прафесійнае свята страхавых работнікаў — выдатная нагода не толькі для таго, каб успомніць, як усё пачыналася, але і адзначыць, чым характэрны дзень сённяшні.

— На рынку страхавых паслуг «Белдзяржстрах» упэўнена заняў месца бясспрэчнага лідара, годна адпавядаючы сваёй місіі. З’яўляючыся ўніверсальнай страхавой арганізацыяй, аказваем самы шырокі спектр страхавых паслуг больш чым па 70 відах абавязковага і добраахвотнага страхавання. За мінулую пяцігодку на рынак выпушчана 20 новых паслуг па добраахвотным страхаванні. Сярод іх страхаванне партатыўных прыстасаванняў, пародзістай жывёлы, грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў жывёлы і іншыя.

— Назавіце, калі ласка, вашы асноўныя паказчыкі гаспадарчай дзейнасці?

— За 11 месяцаў бягучага года план паступлення страхавых узносаў выкананы на 104,3 % з тэмпам росту — 116,5 %, у тым ліку па добраахвотных відах страхавання — на 103,9 % з тэмпам росту ў параўнанне з аналагічным перыядам мінулага года 125,5 %. Па добраахвотным страхаванні зроблена 431 выплата страхавога пакрыцця на суму 541701620 рублёў.

— Часта кажуць, што формула поспеху — сплаў маладосці і вопыту. Ці так гэта?

— Безумоўна, за гэтымі паказчыкамі стаіць напружаная і карпатлівая праца ўсяго нашага калектыву — дружнай, згуртаванай каманды прафесіяналаў, якія любяць сваю справу і заўсёды працуюць на сумленне. Арыентуючыся на самыя высокія паказчыкі работы, нашы спецыялісты заўсёды знаходзяць паразуменне як з грамадзянамі, так і з юрыдычнымі асобамі. Будуем надзейныя доўгатэрміновыя адносіны са сваімі партнёрамі.

Сёння ў прадстаўніцтве «Белдзяржстраху» па Мядзельскім раёне працуе 27 чалавек. Калектыў складаецца з добрасумленных, ініцыятыўных людзей. Па-іншаму тут і нельга.

Сярод страхавых агентаў хачу адзначыць маладую работніцу Святлану Радзевіч. Яна хутка асвоілася ў калектыве, паспяхова спраўляецца са службовымі абавязкамі, мае перспектыву прафесійнага росту. Нельга не назваць прозвішчы страхавых агентаў, якія дасягнулі значных вынікаў у рабоце, наладзілі надзейныя кантакты з насельніцтвам і арганізацыямі на абслугоўваемых тэрыторыях. Гэта Яніна Семяновіч, Надзея Дземяшкевіч, Галіна Казлоўская, Людміла Грышкевіч, Валянціна Дземяшкевіч і іншыя.

Ганарымся і ветэранамі — страхавымі агентамі з 10-, 20-гадовым стажам работы. Сярод іх Ірына Рагоўская, Лілія Яцкевіч, Людміла Качарго, Сяргей Грышкевіч. Сваёй руплівасцю заслужылі павагу страхагенты Ганна Цывілька, Таццяна Хацяновіч, Ганна Івашкова, спецыяліст Надзея Салбукова, стаж работы якіх у галіне страхавых паслуг складае 25-30 гадоў.

— Святлана Мікалаеўна, у страхавым партфелі значную ўдзельную вагу займае добраахвотнае страхаванне маёмасных інтарэсаў юрыдычных асоб. Раскажыце пра гэта.

— Юрыдычныя асобы таксама схільныя да разнастайных рызык. Але, калі за іх спіной стаіць страхавая кампанія, фінансавыя страты можна звесці да мінімуму. Таму, апроч традыцыйных, развіваюцца і новыя віды паслуг па страхаванні.

Асноўныя ці абаротныя фонды ў нас можна застрахаваць на выпадак іх пашкоджання, згубы ці страты з-за пажару, выбуху, стыхійнага бедства, неправамернага дзеяння трэціх асоб. Добраахвотнае страхаванне маёмасці юрыдычных асоб, транспартных сродкаў, сельгастэхнікі забяспечыць іх ахову пры выкарыстанні ў вытворчым працэсе. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў могуць застрахаваць жывёлу (на выпадак паморку, вымушанага забою ў выніку няшчасных выпадкаў, пажараў, стыхійных бедстваў, інфекцыйных і інвазійных захворванняў, а таксама страты жывёлы ў выніку крадзяжу), пасевы.

У рытме сучаснага жыцця часам проста няма калі думаць пра здароўе. Сёння медыцынскае страхаванне з’яўляецца адным з найбольш перспектыўных. Таму прапануем даволі шырокі пералік варыянтаў асабістага страхавання для юрыдычных і фізічных асоб, дзе ўлічаны інтарэсы ўсіх катэгорый грамадзян.

Клопат кіраўнікоў пра сваіх работнікаў — адзін з паказчыкаў высокага ўзроўню карпаратыўнай культуры. Для такіх кліентаў прапануем праграмы медыцынскага страхавання супрацоўнікаў, якім прадастаўляюцца ўсе віды медыцынскай дапамогі — амбулаторна-паліклінічная, стаматалагічная, стацыянарная. Гэтыя медыцынскія паслугі можна атрымаць у розных установах аховы здароўя. Страхавы поліс новага віду страхавання — «Добраахвотнае страхаванне медыцынскіх выдаткаў» — прадугледжвае арганізацыю і аплату медыцынскага абслугоўвання ў адпаведнасці з абранай страхавой медыцынскай праграмай, а ўзносы па ім уключаюцца ў выдаткі па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі (работы, паслуг).

— Сёння шматлікіх аўтаўладальнікаў цікавіць пытанне пра страхаванне транспартных сродкаў. Чым выгадна добраахвотнае страхаванне аўтамабіля «Аўтакаска»?

— Поліс абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці вадзіцеля транспартнага сродку не абараняе аўтамабіль ад мноства рызык: такіх як угон, крадзеж, пажар, сутыкненні з людзьмі, жывёлай, веласіпедамі, гужавымі павозкамі і шматлікімі іншымі перашкодамі. Страхавая кампанія не бу¬дзе пакрываць па гэтым полісе кошт пабітага каменем шкла і не стане рабіць ніякіх выплат вадзіцелю, які вінаваты ў ДТЗ. Самы эфектыўны спосаб захаваць аўтамабіль — поліс добраахвотнага страхавання «Аўтакаска». Пры дадзеным відзе страхавання ступень віны вадзіцеля і акалічнасці, якія сталі прычынай пашкоджання, не ўлічваюцца. Па сутнасці, купляючы гэты поліс, вадзіцелі набываюць у «Белдзяржстраху» «рамень бяспекі», які надзейна ахоўвае іх ад нечаканасцей у дарозе. Падрабязна і прафесійна пра гэты від страхавання можа расказаць вядучы ацэншчык транспартных сродкаў Генадзій Навіцкі. Гэта высокакваліфікаваны спецыяліст, сапраўдны майстар сваёй справы.

— Прыярытэтным накірункам дзейнасці прадстаўніцтва ўсё ж застаецца, напэўна, страхаванне фізічных асоб…

— Так. Страхаванне будынкаў і маёмасці, кватэр, жывёлы вельмі запатрабавана сярод фізічных асоб. Нашы кліенты павінны ведаць, што па ўсіх відах страхавання праводзім аптымальную тарыфную палітыку — максімальную страхавую абарону прапануем па нізкіх і даступных тарыфах. Акрамя таго, прадастаўляюцца скідкі: за самастойны зварот, іншыя добраахвотныя віды, кожны год страхавання. Скідкі складаюць да 50 працэнтаў.

Таксама хачу адзначыць, што любая фізічная асоба можа добраахвотна застрахаваць буйную рагатую жывёлу, свіней, коней, авечак і коз, сем’і пчол і інш. Страхавое пакрыццё выплачваецца па ўсіх відах страхавых рызык, акрамя выпадкаў ялавасці. Гэты від страхавых паслуг курыруе вядучы спецыяліст Ігар Струкачоў.

— Ці цяжка папулярызаваць страхаванне сярод суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва раёна?

— Самым лепшым спосабам агітацыі з’яўляецца не слова, а справа. Калі адбыўся страхавы выпадак, наша прадстаўніцтва дзейнічае ў інтарэсах сваіх кліентаў і прымае ўсе меры для хутчэйшага вырашэння пытанняў, звязаных з выплатай страхавога пакрыцця. Кліенты «Белдзяржстраху» — гэта наша асноўная каштоўнасць, таму што менавіта іх лаяльнасць забяспечвае ўстойлівасць кампаніі.

— Якія задачы стаяць перад калектывам на бліжэйшы час?

— Галоўная задача — далейшае паляпшэнне, удасканаленне форм і метадаў працы са страхавальнікамі, актывізацыя работы з насельніцтвам і арганізацыямі раёна, улічваючы іх запатрабаванні і праблемы ў гэты момант. Мы павінны ўкараняць новыя віды страхавання, каб прадугледзець усе магчымасці страхавой абароны дзейнасці людзей і арганізацый, не спыняцца на дасягнутым.

— Святлана Мікалаеўна, з нагоды Дня страхавых работнікаў, што вы хочаце пажадаць калегам і ветэранам прадстаўніцтва, сваім партнёрам і кліентам?

— У першую чаргу, выказваю ўсім супрацоўнікам падзяку за шчырую, добрасумленную працу. Партнёрам хачу пажадаць моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у справах і фінансавай стабільнасці, а таксама падзякаваць за цеснае супрацоўніцтва з намі. А ўсіх нашых кліентаў хачу запэўніць, што мы і надалей будзем прытрымлівацца дэвізу: «Атрымлівайце асалоду ад спакою». Хачу падзякаваць усім: дырэктарам прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам і жыхарам Мядзельшчыны — тым людзям, якія разумеюць важнасць і неабходнасць страхавання.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: страхавы агент Людміла Качарго і вядучы спецыяліст Надзея Салбукова.

Фота Георгія Прысмакова.