Цярпенне і ўважлівасць, ветлівасць і тактычнасць

216

Цярпенне і ўважлівасць, ветлівасць і тактычнасцьРАБОТУ энергетыкаў мы ў штодзённым жыцці не заўважаем. Прывычна гараць лямпачкі ў дамах і кватэрах, асвятляюцца вуліцы, працуюць халадзільнікі і тэлевізары… А прывычка выпрацавалася ў нас, дзякуючы надзейнай, добрасумленнай працы тых, хто забяспечвае жыллё людзей, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, установы і арганізацыі бесперапыннай падачай электрычнай энергіі. У раёне гэтай справай займаецца РЭС.

Першая электрастанцыя на Мядзельшчыне ўступіла ў строй у сакавіку 1948 года. Яна была пабудавана ў вёсцы Вузла на рацэ Вузлянка і давала ток у радыусе 8-10 кіламетраў. У кастрычніку 1949 года здалі ў эксплуатацыю электрастанцыю ў Крывічах, а ў кастрычніку 1953 — у Будславе.Зараз працягласць ліній электраперадач ВЛ-10кВ складае 926 кіламетраў, ВЛ-0,4 кВ — 736 кіламетраў. Дзейнічаюць 623 трансфарматарныя і 11 сілкуючых падстанцый. У эксплуатацыі знаходзіцца 80 кіламетраў электракабельных ліній 10 кВ і 67 кіламетраў — 0,4 кВ. Абслугоўваюць гэту складаную і немалую гаспадарку 74 чалавекі і 18 адзінак тэхнікі рознага прызначэння.

Пастаянная работа з машынамі і механізмамі, у дзеючых электраўстаноўках патрабуе высокай кваліфікацыі персаналу. Таму працуюць тут адказныя, добрасумленныя спецыялісты, якія маюць адпаведную адукацыю. Дастойны заробак выключае бягучасць кадраў. Кожны член калектыву даражыць сваім рабочым месцам.

Як расказаў выконваючы абавязкі начальніка РЭС Андрэй Сергеенка, у арганізацыі надаецца вялікая ўвага тэхніцы бяспекі. Супрацоўнікі рэгулярна праходзяць інструктажы, здаюць залікі, бо ім даводзіцца працаваць пад напружаннем, выконваць работы на вышыні, падымаць з дапамогай тэхнікі грузы. Таму строгае захаванне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны тут стала паўсядзённай нормай для кожнага работніка.

— З якімі вытворча-эканамічнымі паказчыкамі сустракаюць прафесійнае свята энергетыкі раёна? — пацікавіўся ў Андрэя Мікалаевіча.

— Пры плане 119 кіламетраў капітальна адрамантавана 129 кіламетраў электраліній напружаннем 10 кВ. Выкананы запланаваны аб’ём работ па рамонце электраліній напружаннем 0,4 кВ, — чую ў адказ. — Акрамя гэтага, праведзена рэканструкцыя электрасеткі напружаннем 0,4 кВ працягласцю 1,6 кіламетра. Рэканструявана 2,3 кіламетра электралініі напружаннем 10 кВ. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 2 трансфарматарныя падстанцыі ля новых жыллёва-будаўнічых кааператываў, пракладзены 2 кіламетры кабельнай электралініі напружаннем 10 кВ.

Дыспетчарская служба — злучаючае звяно паміж спажыўцамі электраэнергіі і выканаўцамі работ. Узначальвае яе Дзмітрый КамароЦярпенне і ўважлівасць, ветлівасць і тактычнасцьў. Дыспетчары нясуць кругласутачнае дзяжурства. Сюды сцякаецца ўся інфармацыя пра аварыі, непаладкі і адключэнні электрычнасці. Многім жыхарам раёна, напэўна, даводзілася звяртацца па тэлефоне 55-3-47, калі ў кватэры раптам патухала святло.

Званкоў-зваротаў у дыспетчарскую РЭСа за змену можа быць вельмі многа. Усіх патрэбна выслухаць, заспакоіць… Таму праца дыспетчара асаблівая. Людзі, якія не прывыклі паважаць іншых, тут працаваць не будуць. Цярпенне і ўважлівасць, ветлівасць і тактычнасць — вось галоўныя якасці работнікаў дыспетчарскай службы. Імі валодаюць Леакадзія Серафімовіч, Валянціна Куцкевіч, Сяргей Будзько.

Дыспетчары ажыццяўляюць аператыўныя пераключэнні, абясточваючы тыя альбо іншыя ўчасткі электрасеткі, на якіх неабходна выканаць рамонтныя работы. Таксама гэта служба выконвае адключэнне і падключэнне электраэнергіі па заяўках арганізацый і насельніцтва. Патрэбна камунальнікам, напрыклад, абрэзаць сукі ці спілаваць старое дрэва непадалёку ад лініі электраперадач, яны звяртаюцца ў РЭС.

Замена бетонных апор электраліній па правілах павінна праводзіцца праз 33 гады. Але часта апоры «не дажываюць» да гэтага тэрміну: збіваюцца аўтатранспартам, пашкоджваюцца падаючымі дрэвамі і г. д. Праз 25 гадоў мяняюцца драўляныя апоры. На Мядзельшчыне яны ў асноўным заменены на бетонныя. Электраправады таксама бясконца не эксплуатуюцца. З часам яны губляюць сваю трываласць. Тэрмін іх службы, як і бетонных апор, 33 гады.

Займаюцца манцёры рамонтных брыгад і больш дробнымі, але не менш важнымі справамі: заменай ізалятараў, абрэзкай сукоў, валкай небяспечных дрэў на прасеках і г. д. Разам з дыспетчарскай службай працуюць над выкананнем галоўнай задачы РЭСа — надзейнага і бесперапыннага забеспячэння спажыўцоў электраэнергіяй.

На будучае энергетыкі плануюць праводзіць далейшую рэканструкцыю ліній электраперадач і падстанцый. Усё часцей яны выкарыстоўваюць ізаляваныя электраправады і кабель. Гэта гарантуе высокую ступень бяспекі для насельніцтва і высокую надзейнасць у эксплуатацыі. Такія правады не сутыкаюцца, «не баяцца» галін дрэў, стойкія да ўтварэння лёду, а значыць, не будуць рвацца.

Выгадныя і зручныя ў эксплуатацыі сучасныя падстанцыі. Яны патрабуюць мінімальных выдаткаў на рамонт і абслугоўванне. У якасці ізалюючага асяроддзя ў іх выкарыстоўваецца вакуум ці элегаз. Такое абсталяванне ўстанаўліваецца ў першую чаргу на сілкуючых падстанцыях 100/35/10 кВ.

За ўсімі вытворчымі паказчыкамі стаіць штодзённая напружаная праца людзей. Таму не без гонару Андрэй Сергеенка назваў прозвішчы лепшых работнікаў, якія ўнеслі найбольшы асабісты ўклад у агульныя набыткі. Гэта старшыя майстры Нарацкага аператыўна-эксплуатацыйнага пункта Уладзімір Шаранговіч, Крывіцкага — Васіль Гунько, Свірскага — Юрый Марчанка, Мядзельскага — Іван Варановіч.

Стараннем і руплівасцю вызначаюцца майстар Мікалай Федаркевіч, электраманцёр па рамонце электраабсталявання і выканаўца работ Яўген Трубач, электраманцёр Яўген Сапяжынскі, вадзіцель Уладзімір Варанец і іншыя.

Зразумела, прозвішчы руплівых работнікаў можна было называць і называць. А таму Андрэй Сергеенка сціпла сказаў:

— Шчыра віншую ўсіх работнікаў РЭСа, а таксама калег з Энергазбыту і Энерганагляду з прафе¬сійным святам. Няхай не падводзіць здароўе, няхай лад і згода пануюць у сем’ях. А яшчэ, карыстаючыся выпадкам, ад чыстага сэрца віншую ўсіх жыхароў Мядзельшчыны з надыходзячымі Калядамі і Новым годам. Няхай Новы год прынясе ў кожную сям’ю шчасце, дабрабыт і плён у працы, больш будзе радасці і менш засмучэнняў у штодзённым жыцці.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Брыгада па рамонце і эксплуатацыі электраліній (злева направа) электраманцёр Яўген Трубач, вадзіцель Валерый Варанец, электраманцёры Сцяпан Куцкевіч, Юрый Гірын, майстар Мікалай Федаркевіч; 2. Дыспетчар Леакадзія Серафімовіч.

Фота Георгія Прысмакова.