Рэсурс зямлі — у руках людзей (да Дня меліяратара)

163

НАПЯРЭДАДНІ прафесійнага свята сустрэлася з намеснікам дырэктара па рамонтна-эксплуатацыйных работах Мядзельскага ПМС Сяргеем БАБКЕВІЧАМ. І размова наша — пераважна пра людзей, якія займаюцца рэканструкцыяй аб’ектаў, абслугоўваннем гідратэхнічных збудаванняў і ўвогуле ўсёй меліярацыйнай сеткі раёна.

З майстрам Аляксандрам Звяругам і тэхнікам па кадастры Вольгай Колб пазнаёмілася ў канторы прадпрыемства. Хлопец расказаў, што летась закончыў Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж і прыехаў на працу ў Мядзел, дзе нарадзіўся. З абавязкамі спраўляецца. З людзьмі, з якімі мае справу па працы, без праблем знаходзіць паразуменне. Яго не палохае, што на аб’екты, на якіх трэба бываць, без гумовых ботаў не патрапіш. Што там камары і шмат часу трэба праводзіць на нагах, пераадольваючы за дзень немалыя адлегласці. З цікавасцю расказвае пра сваю працу, падначаленых. З добрага боку называе машыніста экскаватара Віктара Пуню, машыніста бульдозера Алега Баслыка, вальшчыка Юрыя Капралюса. Захапляецца іх адказнасцю, руплівасцю.

— Зараз Аляксандр вывучае праектную дакументацыю па аб’екце “Вузлянка”, што знаходзіцца на тэрыторыі ААТ “Сваткі”. Будзе непасрэдна займацца там рэканструкцыяй меліярацыйнай сістэмы, — апавядае Сяргей Бабкевіч. — Работы пачнуцца ўжо ў чэрвені і будуць весціся на плошчы 68 гектараў, якія да канца года трэба здаць у севазварот. Асвоіць неабходна 220 тысяч рублёў. Аб’ект сур’ёзны, але лічу, што Аляксандр справіцца і практычнага вопыту набярэцца каласальнага.
Вольга Колб родам з Пін­скага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыла найстарэйшую навучальную ўстанову краіны па падрыхтоўцы кадраў для меліярацыі — Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова. Па размеркаванні трапіла на Мядзельшчыну.

— Было нязвыкла адразу, — прызнаецца дзяўчына. — Адна, далёка ад дому. Ды і работу добра не ведала. Але на дапамогу прый­шлі намеснік дырэктара Сяргей Валяр’янавіч і мая папярэдніца Тамара Іосіфаўна Гладкова. Менавіта яе я змяніла на пасадзе тэхніка па кадастры.

— А чым займаецеся?

— У мае абавязкі ўваходзіць вядзенне ўліку мелі­ярацыйнай сістэмы раёна. Усе змяненні, якія там адбываюцца, уношу ў кадастр. Цяпер, напрыклад, займаюся афармленнем дакументацыі па перадачы земляў ад гаспадарак нам. Мая работа важная, карпатлівая. Патрабуе ўседлівасці, уважлівасці, акуратнасці. Стараюся ва ўсё паглыбіцца, дасканала разабрацца.

Другі год працуе на прадпрыемстве яшчэ адзін малады спецыяліст — Сяргей Альгамец. Ён займае пасаду майстра. За плячыма Сяргея Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія — гідрамеліярацыйны факультэт.

— Хлопец талковы. Па ўсім бачна, добры з яго спецыяліст атрымаецца, — кажа Сяргей Бабкевіч. — Даручаны яму вельмі адказны ўчастак — рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Станавы роў” у ААТ “Занарачанскі” на плошчы 144 гектары. Вялікі аб’ём работ ужо выкананы. Толькі кустоўя выкарчавана на плошчы 45 гектараў, пакладзена 15 кіламетраў дрэнажу, вывезена пад 300 кубаметраў дроў. Вядзецца апрацоўка пласта глебы. А ў ліпені запланавана здача аб’екта ў эксплуатацыю.

Шмат добрага пачула ад намесніка кіраўніка прадпрыемства і пра іншых за­дзейнічаных на рэканструкцыі “Станавога рова”. А гэта пра машыністаў экскаватараў Андрэя Валюка, Дзміт­рыя Чантарыцкага, Аляксандра Хацяновіча, рабочых па ўкладцы дрэнажу Ігара Ісакава і Аляксея Дразда. Вызначаюцца руплівасцю трактарысты Ігар Паўлоўскі, Генадзій Качарго. Першы з іх ходзіць з плугамі, другі — з дыскамі.
Па меркаванні Сяргея Бабкевіча, незаменная фігура ў меліярацыі — машыністы экскаватараў. З павагай гаворыць пра вопытных Валерыя Кавальчука, Андрэя Казлова, Аляксандра Дуброўскага. Пра трактарыстаў, якія працуюць з касілкамі, — Сяргея Юндзеля і Пятра Мацко. Не забывае загадчыка майстэрняў Алега Дзікага, дзякуючы намаганням якога няспраўная тэхніка хутка вяртаецца ў строй. А таксама спецыяліста па рабоце з кліентамі Любоў Седлюкоўскую. Па сутнасці ўсё жыццё Любові Аляксееўны звязана з прадпрыемствам. Неабыякавы, кампетэнтны, камунікабельны спецыяліст працавала на розных адказных пасадах. Доўгі час узначальвала планава-вытворчы аддзел.

Значная ўвага надаецца ў ПМС тэхнічнаму догляду гідрамеліярацыйных збудаванняў, якія патрабуюць пастаяннай ачысткі, абкошвання, фарбавання. Гэтай адказнай справай займаюцца рабочыя Валерый Катковіч, Генадзій Грышкевіч, Ігар Вярцінскі, Пётр Ракецкі, а таксама ва­дзіцель Андрэй Акуневіч, які не толькі прывозіць мужчын на аб’ект, але і на працягу дня ім дапамагае.

Рэсурс зямлі — у руках людзей (да Дня меліяратара) Рэсурс зямлі — у руках людзей (да Дня меліяратара)

Хочацца некалькі слоў сказаць і пра самога Сяргея Бабкевіча, які ў меліярацыі з 1987 года. Быў і майстрам, і прарабам, і нават крыху паспрабаваў сябе ў крэсле кіраўніка. Аднак месца намесніка больш па душы Сяргею Валяр’янавічу. Прыгадвае, як прыйшоў сюды маладым хлопцам, як набіраўся вопыту і ведаў у старэйшых. З павагай успамінае былых начальнікаў Івана Круковіча, Віктара Жанеўскага, галоўнага інжынера Валерыя Комара, іншых работнікаў, з якімі разам займаліся меліярацыяй не толькі ў раёне, але і за яго межамі, шчырасцю і адказнасцю прымнажалі славу прадпрыемства. Па яго словах, шмат зрабіў па ўзнаўленні меліярацыйных аб’ектаў, якія прыходзілі ў заняпад, і Анатолій Вайнілка, які таксама ўзначальваў ПМС.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.