Прафесія чыгуначніка аб’яднала руплівых і адказных

208

Размова наша напярэдадні прафесійнага свята на чыгуначнай станцыі Княгінін — пра працоўныя будні, а таксама пра прафесію, якая аб’яднала руплівых і адказных.

Маім суразмоўцам стаў дарожны майстар 10-га акалодка Маладзечанскай дыстанцыі пуці Валерый Сяліцкі. Па меркаванні Валерыя Іосі­фавіча, цягнік — самы надзейны і найбольш танны на сёння від транспарту. Да таго ж менш аварыйны, чым наземны, і амаль ніколі не спазняецца.

— Калі праходзіць міма цягнік, проста дух захоплівае, — кажа мой суразмоўца. — Такая махіна рухаецца, ды яшчэ на высокай хуткасці. І ехаць на цягніку — задавальненне. Мяркую, не аднаму мне гэта падабаецца, а вельмі многім. А калі ўсведамляеш, што і сам маеш самыя непасрэдныя адносіны да гэтага віду транспарту, такі гонар ахоп­лівае!

— Наколькі разумею, ад вашай работы і работы вашых падначаленых залежыць бяспечны рух цягнікоў?

— Гэта сапраўды так. Каб цягнік не сышоў з рэек і без перашкод дайшоў да свайго пункта прызначэння, стараецца шмат людзей. У двух словах пра гэта не раскажаш. Ды і нікому не патрэбны такія падрабязнасці. Калі коратка, пастаянна кантралюецца стан чыгуначных пуцей, праводзяцца прафілактычныя тэхнічныя, а пры неабходнасці рамонтныя работы. Плануецца і капітальны рамонт на асобных участках, дзе пуці ўмацоўваюцца, замяняюцца на новыя. Такія работы патрабуюць значных фінансавых выдаткаў і без падтрымкі дзяржавы мы б з імі не справіліся. Што датычыць зоны абслугоўвання, то яна ў нас даволі вялікая — практычна ад Крывічэй да Куранца.

— Раскажыце, калі ласка, пра людзей, з якімі працуеце.

— Калектыў падабраўся дружны, згуртаваны. Работа патрабуе дысцыплінаванасці, адказнасці, таму гультаям у нас не месца. На 10-ым акалодку Маладзечанскай дыстанцыі пуці працуюць тры брыгады, а гэта 15 чалавек. Многія са значным вопытам работы. З добрага боку хачу адзначыць брыгадзіра пуці Анатолія Антановіча. Анатолій Браніслававіч на чыгунцы ўжо 26 год. Пачынаў манцёрам. На пасадзе брыгадзіра пуці — 20 год. Адказны, мэтанакіраваны, патрабавальны да сябе і падначаленых. У нас кожны стараецца. Інакш на чыгунцы проста нельга. У ліку найбольш актыўных, руплівых — манцёры пуці Яўген Колесень, Віталій Валковіч, Віктар Туровіч, Анатолій Вапручкоў. Хачу назваць і Аляксандра Бладыку, які зараз выконвае абавязкі брыгадзіра пуці.

Прафесія чыгуначніка аб'яднала руплівых і адказных

— Што скажаце калегам напярэдадні прафесійнага свята?

— Хачу павіншаваць з гэтай нагоды сваіх калег і ўсіх чыгуначнікаў Беларусі. Пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы і жыцці, мірнага неба над галавой. І каб наша галоўная задача — забеспячэнне бяспечнага руху цягнікоў — і надалей выконвалася якасна і ў поўным аб’ёме.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Целиком материал читайте в газете "Нарачанская зара" за 6 жніўня