Лепшым па прафесіі па выніках мінулага года прызнаны Дзяніс Канопскі

189

ЛЕПШЫМ па прафесіі з занясеннем на раённую Дошку гонару прызнаны па выніках мінулага года старшы вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Мядзела Дзяніс КАНОПСКІ.

У службе выратавання ён з 2007 года. Дзевяць год быў пажарным, потым крыху — ва­дзіцелем. Апошнія гады — старшы вадзіцель, цяпер у яго абавязках кантроль за запаўненнем пуцёвак, тэхагляды, справаздачы па расходванні паліва… Працоўны графік як у большасці з нас: з 8:00 да 17:00, субота-нядзеля — выхадныя. А дзяжурствы суткі праз двое цяпер здараюцца, толькі калі нехта ідзе ў водпуск ці на бальнічны.

Так было не заўсёды. Цяжка падлічыць, у ліквідацыі колькіх пажараў Дзяніс удзель­нічаў за гады службы. Але ёсць і самыя памятныя. “Першы выезд — на пажар у Вузле, — прыгадвае. — Ноччу гарэў хлеў. Ну а з гібеллю людзей упершыню сутыкнуўся, калі праслужыў месяцаў сем. Тады ў Нарачы згарэлі жанчына, дзіця і бабуля. Вядома, было маральна цяжка”.

Канечне, зазначае Дзяніс Канопскі, з гадамі губляецца вастрыня перажыванняў, якая была адразу. Але, як уключаецца сігналізацыя на выезд, хваляванне прыходзіць заўсёды. Нават калі гэта нескладаны выпадак, дзе размовы няма пра ратаванне людзей.

А ратаваць даводзілася не аднойчы.

— Здарыўся пажар у інтэрнаце, — расказвае мужчына. — Чалавек у дыме не зарыентаваўся, не да выхаду пайшоў, а пад стол забіўся. Уратавалі, ён нават не атруціўся прадуктамі гарэння. Ці яшчэ. Дзяжурства блізілася да завяршэння, ужо змена прыйшла. А тут тэлефануюць рыбакі: убачылі чалавека без прыкмет жыцця на лёдзе возера Баторына, метраў за 400 ад берага. Мы паехалі. 18 градусаў марозу, а чалавек у красоўках. На дошку паклалі яго, накрылі. На бераг на саначках прыцягнулі, “хуткая” прыехала. Што цікава, ён нават не абмарозіўся. А пасля абеду, казалі, нават уцёк з бальніцы.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 23.07