Андрэй МІНІЧ: Лепшы міліцыянер — не той, які больш пратаколаў склаў, а якому ўдзячны людзі

244

МОЙ суразмоўца — начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама палкоўнік міліцыі Андрэй МІНІЧ.

— Андрэй Іванавіч, нагадайце, ці даўно вы на пасадзе і дзе служылі раней.

— На цяперашняй пасадзе з 2016 года. Да гэтага быў намеснікам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Фрунзенскага раёна горада Мінска.

— Ці адрозніваецца служба ў нашым курортна-сельскагаспадарчым раёне і ў Мінску? І ці ёсць рэгіянальныя асаблівасці ў злачыннасці?

— Ёсць. Напрыклад, крадзяжы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, асабліва падчас пасяўной і жніва — у Мінску, зразумела, гэтага няма. Яшчэ адна асаблівасць — улетку колькасць правапарушэнняў і злачынстваў на Мядзельшчыне расце. Гэта звязана з вялікай колькасцю людзей, якія прыязджаюць на адпачынак.
Што да асаблівасцей службы. У вялікім горадзе кампактна размешчаны жылыя дамы, да любога можна дабрацца за лічаныя хвіліны. Скажам, участковы інспектар на тралейбусе можа пад ехаць. А Мядзельшчына з захаду на ўсход — 75 кіламетраў, шмат населеных пунктаў. Трэба арганізаваць працу міліцэйскіх нарадаў так, каб забяспечыць своечасовую дапамогу насельніцтву. Важна, каб было дастаткова службовага транспарту. Тут вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна. Напрыклад, сёлета падчас падвядзення вынікаў года арганізацыі-спонсары падаравалі службовы аўтамабіль для лепшага ўчастковага.

— 4 сакавіка — ваша прафесійнае свята. Напярэдадні прынята гаварыць пра дасягненні. Ці ёсць яны?

— Ёсць. Магу меркаваць пра той перыяд, што служу на Мядзельшчыне: узровень злачыннасці штогод зніжаецца. Напрыклад, у 2021-м — на 20% у параўнанне з 2020-м. Ёсць такі паказчык — удзельная вага злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва. Па ім мы другія знізу ў вобласці — саступаем толькі Нясвіжскаму раёну.
Нехта скажа, усё адбываецца само па сабе. Не магу пагадзіцца. Вядома, дэмаграфічныя і эканамічныя фактары ёсць, але і прафілактычныя захады спрацоўваюць. Напрыклад, у 2021 годзе істотна знізілася колькасць кіберзлачынстваў: людзі ўжо не так часта паведамляюць махлярам даныя сваіх банкаўскіх картак. Відавочна: дае вынік тлумачальная работа, у тым ліку праз СМІ.

— З якімі новымі выклікамі, акрамя кіберзлачыннасці, даводзіцца сутыкацца?

— Часцей выяўляецца гвалт (у тым ліку сексуальны) у дачыненні да непаўналетніх. Гаворка не аб нападах, а аб прыхаваным разбэшчванні. Не магу сцвярджаць, што такіх выпадкаў паболела — магчыма, мы проста сталі іх часцей выяўляць дзякуючы ўзаемадзеянню з іншымі службамі. З установамі адукацыі, напрыклад.

— На вашу думку, якога міліцыянера можна лічыць лепшым? Таго, што склаў больш пратаколаў?

— Не — таго, каму ўдзячны людзі. Станоўчае рэагаванне насельніцтва, саветаў прафілактыкі, сельвыканкамаў — куды больш важны крытэрый, чым колькасць складзеных пратаколаў.

— Што з нагоды прафесійнага свята пажадаеце міліцыянерам — тым, хто служыць цяпер, і ветэранам?

— Ветэранам — найперш здароўя. Ну а тым, хто служыць цяпер — сумленна выконваць абавязак перад Радзімай. Новых ведаў, вопыту, прасоўвання па службе.

Наталля ЛІСІЦКАЯ