Амаль 30 год адданай службы ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях у Віктара Булыгі

145

НЯЗВЫКЛА бачыць выратавальніка не з брандспойтам, а ля камп’ютара? Не здзіўляйцеся: каб не падво­дзіла спецыялізаваная тэхніка, а асабовы склад меў добрыя ўмовы для нясення службы і адпачынку, нехта павінен узяць на сябе вырашэнне пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання.

Гаспадарка ж у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях немалая: шэсць падраздзяленняў і адміністрацыйны будынак у райцэнтры. Вялікі парк аўтамабіляў, спецыяльнае абсталяванне… Усё гэта вымагае пастаяннай увагі. Летась, напрыклад, рамонт пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Мядзела з далучэннем былой службовай кватэры правялі сіламі асабовага складу. Атрымалася годна. Нездарма ў сераду пры падвядзенні вынікаў дзейнасці абласнога ўпраўлення за паўгоддзе міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі паставіў у прыклад начальніка гэтай часці Аляксандра Купрэвіча. Зараз, напрыклад, рамонты з прыцягненнем падрадных арганізацый вядуцца ў Нарацкім і Свірскім падраздзяленнях, неў­забаве пачнуцца ў Крывіцкім. А значыць, праводзяцца тэндары, шмат працы з дакументацыяй. Усё гэта і шэраг іншых важных спраў — зона адказнасці начальніка службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання РАНС маёра ўнутранай службы Віктара Булыгі.

Дакладней, было зонай адказнасці яшчэ ў пятніцу — з суботы Віктар Анатольевіч на пенсіі.

За яго плячыма больш за 29 год адданай службы ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. На розных пасадах: быў начальнікам каравула ў Мядзельскай і Нарацкай часцях, намеснікам начальніка райаддзела па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грама­дзянскай абароне (потым гэту пасаду скарацілі), начальнікам Мядзельскай часці…

— Задаволены, што ўсю сваю службовую дзейнасць звязаў з МНС. Цікавая і вельмі патрэбная справа, добрае кіраўніцтва, калегі, падначаленыя. Наша служба прэстыжная і перспектыўная, ёсць умовы для самаразвіцця і прафесійнага росту. Смела магу рэкамендаваць прыходзіць сюды моладзі, абы толькі здароўе дазволіла, — гаворыць Віктар Анатольевіч. І захоплена расказвае пра маладых калег, пра якіх, на яго думку, варта напісаць у газету.

Абавязкова напішам, Віктар Анатольевіч!

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.