Звязаны адным лёсам

571

ПРАЦОЎНЫЯ ДЫНАСТЫІ ПЕДАГОГАЎ: сумесны праект «Нарачанскай зары» і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі

ДРЭВА моцнае каранямі, а чалавек — родам, сям’ёй, традыцыямі. І як важна, каб дзеці, унукі паважалі бясцэнны вопыт бацькоў і дзядоў, бераглі, прымнажалі і ўзбагачалі. Тады і з’яўляюцца працоўныя дынастыі. У ліку такіх Барысевічы — Жарскія з Занарачы.

А ПАЧАЛОСЯ ЎСЁ З ПЯТРА
Звязаны адным лёсам Дынастыя Барысевічаў — Жарскіх пачынае адлік з даваеннага часу. З 1940 года, калі малады і ініцыятыўны настаўнік Пётр Барысевіч атрымаў накіраванне на працу ў Гарадзілаўскую сямігодку ў Маладзечанскім раёне. З запалам, уласцівым юнацтву, узяўся за справу. Яму здавалася, можа горы звярнуць. Але планы змяніла Вялікая Айчынная вайна. Пётр змагаўся з фашыстамі ў партызанскім атрадзе імя Кутузава брыгады імя Варашылава. Быў разведчыкам, удзельнічаў у засадах, у разгромах варожых гарнізонаў, у дыверсіях на чыгунцы. Пазней успамінаў: “Асабліва запомніўся бой з немцамі на рацэ Нарачанка, каля хутара Марусін Пасёлак. Бой скончыўся паспяхова: больш за 60 ворагаў засталося ляжаць на зямлі. Былі страты і сярод партызан. У баі загінулі разведчыкі Андрэй Хвалько — беларус, Сямён Дончанка — украінец…”

Пасля вызвалення Беларусі Пётр Барысевіч вярнуўся ў прафесію. Закончыў Мінскі педінстытут імя Горкага і ўзяўся за працу. Адразу ўзначальваў Краснянскую пачатковую школу, потым — Гулеўскую, Навагабскую. Пасада загадчыка была няпростай. Патрабаваліся самаадданасць і арганізатарскія здольнасці, бо справу адукацыі пасля вайны трэба было пачынаць з нуля. Не хапала падручнікаў, сшыткаў, алоўкаў, мэблі. За парты селі пераросткі, якія доўгі час не вучыліся. Але дзякуючы самаахвярнай працы настаўнікаў праблемы паступова вырашаліся.
37 год жыцця прысвяціў Пётр Пятровіч сістэме адукацыі Мядзельшчыны. З іх 26 — Занарацкай школе, у якую прыйшоў у 1955 годзе, калі яна была яшчэ сямігодкай. Выкладаў беларускую і рускую мовы, літаратуру, быў дырэктарам. Былыя вучні ўспамінаюць адказнага і прынцыповага педагога, які свае сілы і запал сэрца аддаваў любімай справе.

НАДЗЕЙНАЯ СПАДАРОЖНІЦА ЖЫЦЦЯ
Звязаны адным лёсамЗ Пятром Пятровічам дзяліла жыццёвы і прафесійны лёс жонка і аднадумца Фаіна Аляксандраўна. Закончыла яна спачатку Мінскі педінстытут імя Горкага па спецыяльнасці “прыродазнаўства і геаграфія”, потым — Віцебскі дзяржаўны педінстытут імя Кірава па спецыяльнасці “прыродазнаўства”. У пасляваенныя гады распаўсюджаны былі пачатковыя школы і сямігодкі. Фаіна Аляксандраўна напачатку працавала загадчыцай Навасельскай пачатковай школы, потым перайшла настаўніцай у Навагабскую. У 1955 годзе — у Занарацкую сямігодку, дзе выкладала хімію і біялогію. Добразычлівая і ўважлівая, выклікала павагу, карысталася аўтарытэтам.

ДОБРЫ ПРЫКЛАД БАЦЬКОЎ
У Занарачы і навакольных вёсках усе добра ведалі і паважалі Барысевічаў. Яны былі сціплыя і патрабавальныя да сябе, адданыя любімай справе, тактоўныя. Такой выхавалі і дачку Алену, якая стала прадаўжальніцай роду педагогаў, да такога ж выбару падштурхнулі ўнучку Нэллі.
Алена ўспамінае: “Вырасла ў настаўніцкай сям’і. Прадоўжыла справу таты з мамай не таму, што яны схілялі да гэтага. Выбар зрабіла асэнсавана. Прыклад бацькоў у многім гэтаму садзейнічаў. Мае назіранні, іх вопыт, пастаянныя размовы — пра школу, вучняў, мерапрыемствы. Тата з мамай заўсёды раіліся, як лепш, цікавей правесці ўрок, педсавет ці бацькоўскі сход. У кожным з вучняў бачылі асобу. Школа была часткай іх жыцця, вельмі значнай. Бацькі былі адказнымі, прыстойнымі, сумленнымі і вельмі інтэлігентнымі. Адносінамі між сабой, з іншымі штодзённа паказвалі прыклад і мне, і ўсім, хто іх ведаў”.

ПРЫЗВАННЕ ДАЧКІ — ТАКСАМА ПЕДАГОГІКА
Алена Жарская больш за 40 год прысвяціла працы ў школах азёрнага краю. Найбольш — у Занарацкай, дзе была настаўнікам гісторыі, намеснікам дырэктара — адразу па вучэбна-выхаваўчай, а пасля па вучэбнай рабоце.
Як успамінаюць калегі, вызначалася адказнасцю, прынцыповасцю, пастаянным жаданнем самаўдасканальвацца, дасягаць новых вышынь. Узнагароджвалася Ганаровымі граматамі Міністэрства народнай адукацыі, упраўлення адукацыі аблвыканкама, аддзела адукацыі райвыканкама.
— Нават у думках не было змяніць прафесію, пакінуць родныя мясціны, — кажа. — Уражанні пра працу ў Занарачы самыя цудоўныя — пра калег, вучняў, творчыя справы і цікавыя мерапрыемствы. Пашчасціла працаваць побач са сваімі бацькамі. Вучыцца ў іх, пераймаць вопыт. Калі была завучам, працавала і са сваёй дачкой. Не патурала, ставілася строга і вельмі прынцыпова. З Нэллі атрымаўся нядрэнны настаўнік. У яе светлы погляд на падзеі, цемнаты амаль не бачыць. І працаваць з ёй лёгка.
— Сталі педагогам толькі пад уплывам бацькоў? — цікаўлюся.
— Прыклад таты з мамай даў шмат. Але я выпускніца не толькі Занарацкай, але і Мядзельскай школы. З удзячнасцю ўспамінаю і настаўнікаў з райцэнтра. Асабліва Таісу Андрэеўну Жук — яна выкладала рускую мову і літаратуру. Былі думкі звязаць лёс з гэтымі прадметамі. Але стала гісторыкам і не шкадую.
Алена Пятроўна не парывае сувязей са школай, дзе пакінула часцінку душы. Ёй прыемна, што запрашаюць туды на святы, віншуюць з Днём настаўніка, іншымі датамі. Радасна, што яе справу працягваюць вучні. Сярод іх дачка — Нэллі Аляксандраўна, а таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Мікалаеўна Стома (дачка вышэй узгаданай Таісы Андрэеўны Жук), настаўніца пачатковых класаў Аксана Мікалаеўна Кажура, настаўніца гісторыі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Антонаўна Роліч.
— Цешуся з новага будынка школы — прыгожага, светлага, з сучаснымі кабінетамі, сталовай. Працаваць у такіх цудоўных умовах — сапраўднае шчасце. Цяпер гляджу на школу вачыма ўнукаў. Іх у мяне трое: Арына — закончыла сем, Паліна — пяць класаў. А Максім летась стаў першакласнікам. Вадзіла яго ў школу, забірала. Імпануе, што ва ўнукаў і большасці іх равеснікаў погляд на школу светлы, цікаўны, добразычлівы, аптымістычны. Вядома, шмат ад настаўнікаў залежыць. У Занарачы касцяк калектыву дружны, надзейны. Яго дапаўняюць маладыя, уносяць свежыя ідэі. Прафесія настаўніка нялёгкая, часам спрэчная, неспакойная, але, калі выбраў яе, трэба ісці да канца, быць верным ёй. Ну і ў поўным сэнсе слова ёй адпавядаць.

Звязаны адным лёсам
Нэллі і Алена Жарскія

ПРАЦЯГВАЕ СПРАВУ ЎНУЧКА НЭЛЛІ
Дачка Алены Пятроўны Жарскай — Нэллі — прызнаецца: культ прафесіі настаўніка і павага да яе фарміраваліся з маленства. Інакш і быць не магло, калі перад вачамі самаадданая праца матулі, успаміны пра школу бабулі і дзядулі. Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка Нэллі Аляксандраўна вярнулася ў Занарацкую СШ.
— Адказна і пачэсна апынуцца там, дзе твае родныя плённа працавалі, карысталіся павагай, а тваімі калегамі з’яўляюцца іх вучні, — кажа. — Хочацца трымаць марку, прадоўжыць традыцыі. Школа — сэнс майго жыцця. З маленства бачыла, з якім замілаваннем, любоўю ставіліся да яе мае блізкія, асабліва мама. Прыклад і сёння перад вачыма. Як і любоў да роднай мовы. Выбрала гэты прадмет для выкладання ў школе. Кнігамі на беларускай мове, якія засталіся ад дзядулі з бабуляй, карыстаюся і сёння.
Педагогамі не нараджаюцца, імі становяцца.
— Асабіста мне, — апавядае Нэллі Аляксандраўна, — вельмі шмат далі родныя — людзі паважаныя, адказныя, шчырыя, добразычлівыя і разам з тым прынцыповыя. Асабліва гэта датычыць матулі, з якой давялося разам працаваць, калі яна была завучам. Да мяне яна ставілася нават больш строга, чым да астатніх. Не крыўдавала на яе, бо разумела, што інакш яна сябе не магла паводзіць. Больш за тое, я старалася ва ўсім быць да яе падобнай.
— Як лічыце, вы самі адбыліся ў прафесіі? — цікаўлюся.
— Пра гэта няхай мяркуе кіраўніцтва, калегі. Мне прыносіць радасць праца з дзецьмі, правядзенне ўрокаў, мерапрыемстваў. Асабліва прыемна, калі бачу, што вучні слухаюць мае словы, адгукаюцца на іх. Калі дзеці разумеюць настаўніка — гэта так каштоўна! Цяпер беларуская мова знаходзіцца ў дастаткова складаным стане. Але ёсць дзеці, якія цікавяцца ёй, размаўляюць па-беларуску. Нашы школьнікі нядрэнныя вынікі па гэтым прадмеце паказваюць на алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Спадзяюся, што павага да роднай мовы застанецца ў маіх вучняў, што і дома яны будуць размаўляць па-беларуску і сваіх дзяцей навучаць.

А ХТО Ж НАСТУПНЫ?
— У вас трое дзяцей, усе — школьнікі. Як лічыце, — цікаўлюся ў Нэллі Аляксандраўны, — ці прадоўжыць хто з іх настаўніцкую дынастыю?
— Чамусьці здаецца, што педагогам будзе сярэдняя дачка Паліна. Назіраю за ёй дома, на ўроках (у яе класе выкладаю беларускую мову і літаратуру). Прыемна бачыць яе неабыякавасць, цікавасць да школы і да працы настаўніка ўвогуле. Яе дапытлівыя вочы сочаць за мной падчас заняткаў. Яны цікуюць за мной і дома, калі рыхтуюся да ўрокаў. Зрэдку Паліна і пытанні задае пра мае ўражанні ад заняткаў, ад мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў школе. Буду самым шчаслівым чалавекам, калі наша настаўніцкая дынастыя прадоўжыцца. Прафесію педагога лічу годнай і вельмі важнай. А яшчэ вечнай: дзяцей заўсёды вучыць патрэбна.
* * *
Стужкай віецца жыццёвая дарога. Годна крочаць па ёй пакаленні настаўнікаў, якія сеюць у душах вучняў разумнае, добрае, вечнае. А калі ў сем’ях педагогаў вырастаюць дзеці, якія з павагай і любоўю працягваюць справу сваіх дзядоў, бацькоў, гэта прыемна ўдвая. І сем’і Барысевічаў — Жарскіх таму яскравы прыклад.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота з сямейнага альбома герояў публікацыі.