Зваротам грамадзян — асаблівую ўвагу

75

Зваротам грамадзян -- асаблівую ўвагуРАБОТА са зваротамі грамадзян па-ранейшаму застаецца адным з галоўных накірункаў нашай дзейнасці. За 9 месяцаў бягучага года атрымалі 1849 зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб. Большасць іх была звязана з вырашэннем камунальна-бытавых праблем, значная колькасць тычылася жыллёвых пытанняў, паступалі скаргі на работу органаў выканаўчай улады, дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, закраналіся і працоўныя адносіны, выплата заработнай платы.

Разам з тым, па-ранейшаму вялікая колькасць паўторных зваротаў (каля 14 працэнтаў). Што з’яўляецца вынікам недахопаў і ўпушчэнняў з боку органаў улады, а ў асобных выпадках — фармальнага падыходу да патрэб грамадзян. Сярод асноўных прычын таксама і нязгода грамадзян з раней прынятымі рашэннямі па іх праблемах.

Сёлета ў верасні Камітэтам разгледжаны паўторны калектыўны зварот жыхароў вёскі Рудня Слуцкага раёна па пытанні будаўніцтва аб’екта па аказанні паслуг “Зона адпачынку з арганізацыяй платнага рыбалоўства каля вадасховішча “Руднянскае”.Вяскоўцы выказвалі незадавальненне агароджай арэндаванага зямельнага ўчастка і варотамі, якія не дазвалялі без перашкоды карыстацца дарогай і самім вадасховішчам. Па выніку разгляду скаргі прынята рашэнне аб дэмантажы ўязных і выязных варот на тэрыторыі зоны адпачынку. З мэтай выключэння ў далейшым канфліктных сітуацый Слуцкаму райвыканкаму прапанавана разгледзець у межах кампетэнцыі пытанне аб змяненні лінейных межаў участка, выдзеленага для будаўніцтва вышэй названага аб’екта з выключэннем з яго плошчы зямель, занятых пад дарогай.

У жніўні-верасні 2013 года з выездам на месца разгледжаны калектыўны зварот жыхароў вёскі Галімцы Валожынскага раёна па пытаннях парушэння заканадаўства фермерскай гаспадаркай па вырошчванні свіней. Выяўлена, што на ўчастку, дзе размяшчалася былая ферма, утрымлівалася каля 100 галоў жывёлы. На момант наведвання тэрыторыя па перыметры не была агароджана, там знаходзілася некалькі пашкоджаных , аварыйна-небяспечных будынкаў вытворчага прызначэння. Падвальнае памяшканне былога сховішча (яно бліжэй усяго да жылых дамоў) уяўляла сабой звалку бытавога смецця і непасрэдна пагражала людзям па прычыне моцнага пашкоджання пліт перакрыццяў і сцен. Выдаленне гною і брудных сцёкаў не праводзілася. У сувязі з неадпаведнасцю свінагадоўчай фермы санітарным нормам ветэрынарнай службай раёна пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні асабліва небяспечных хвароб жывёлы, група адкорму ў колькасці 70 галоў была ліквідавана.

З мэтай вырашэння канфліктнай сітуацыі, якая склалася ў гэтым населеным пункце, Камітэт прапанаваў Мінскаму аблвыканкаму выканаць работы па неадкладнай утылізацыі рэшткаў будынкаў і канструкцый былой свінафермы, зрабіць яе тэрыторыю прыдатнай для землекарыстання.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на жорсткія патрабаванні да парадку разгляду зваротаў грамадзян, у вобласці назіраецца негатыўная тэндэнцыя да павелічэння колькасці парушэнняў. Камітэтам дзяржкантролю за парушэнне тэрмінаў разгляду зваротаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты генеральны дырэктар аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”, намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама і старшыня праўлення гаражна-будаўнічага спажывецкага кааператыва ў Мінскім раёне. Усяго за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян за 9 месяцаў гэтага года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 22 службовыя асобы на агульную суму 22,1 мільёна рублёў і да дысцыплінарнай — 20 асоб.

Нагадаем, што сёння штраф за дадзеныя парушэнні не такі і маленькі — ад 520 тысяч да 1,3 мільёна рублёў.

Дарэчы, у Камітэт дзяржкантролю грамадзяне могуць звярнуцца не толькі пісьмова, але і праз “гарачую лінію” па нумары тэлефона 331-64-59 (з 9.00 да 18.00 у бу¬дзённыя дні). Акрамя гэтага, звароты можна высылаць на электронны адрас: kgkminobl.belpak.by

Упраўленне экспертна-прававой работы і зваротаў грамадзян Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.