Вікторыя МАЛЬКО, урач-тэрапеўт тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы:
— 2022 год памятны і ў асабістым жыцці, і ў прафесійным: выйшла замуж, атрымала першасную падрыхтоўку па кваліфікацыі “тэрапія” (да гэтага была ўрачом агульнай практыкі). Ад гэтага года чакаю толькі добрага і светлага. Таго ж, а таксама моцнага здароўя, жадаю і ўсім жыхарам Мядзельшчыны.
Яўген АЛЬХОВЫ, навучэнец ІІІ курса Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа:
— У 2022 годзе ўпершыню ўладкаваўся на працу: быў памочнікам у свайго дзядулі-камбайнера ў ААТ “Зані”. Справа досыць цікавая, калі любіш тэхніку. Цяжкавата, вядома, але вытрымаць можна. Сваім першым заробкам задаволены, выдаткаваў яго на навучанне ў аўташколе. Чаго чакаю ад гэтага года? У чэрвені атрымаю дыплом па спецыяльнасці “правазнаўства”, планую ўладкавацца на працу ў Дэпартамент аховы. Усім жыхарам Мядзельшчыны жадаю шчасця, поспехаў, добрага настрою і грошай.
Інэса ЛЁТКА, дырэктар Крывіцкай сярэдняй школы:
— Напрыканцы жніўня мяне прызначылі дырэктарам. Пагадзіцца было няпроста: думала, сумнявалася. Новая пасада — гэта не вельмі лёгка, але стараюся. А калі было лёгка? Пачынала педагогам-арганізатарам у Крывіцкай спецшколе, потым працавала там выхавальнікам, настаўнікам-дэфектолагам. А як спецшколу закрылі, была настаўнікам-дэфектолагам ужо ў агульнаадукацыйнай школе, у тым ліку пяць год на веласіпедзе ездзіла ў Задубенне вучыць дзіця надомна. Пасля працавала толькі непасрэдна ў школе — дэфектолагам, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры (у мяне два дыпломы аб вышэйшай адукацыі), класным кіраўніком. Апошнія сем год была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У жыцці ўвогуле не бывае лёгкіх шляхоў. Усюды трэба працаваць, укладваць душу ў кожную справу — тады і будзе вынік. Гэты год для мяне хвалюючы яшчэ і таму, што пасля ВНУ пачала працаваць настаўніцай у Нарацкай СШ №2 малодшая дачка. Ад 2023-га чакаю, каб быў лепшы за папярэдні. Ну а ўсім жыхарам Мядзельшчыны жадаю мірнага неба над галавой, здароўя, верыць у сваю мару, не сумаваць і ў любой сітуацыі заставацца людзьмі.
Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара і забяспечана ўдзельнікамі апытання.