Жыхара Мядзельшчыны пазбавілі волі на 11 месяцаў

358

АДКРЫТАЕ судовае пасяджэнне адбылося ў Княгініне. Падсудны — 49-гадовы ўраджэнец і жыхар вёскі Гарадзішча. Нідзе не працуе, халасцяк. Неаднаразова быў асуджаны, у тым ліку двойчы (на 8 і 13 гадоў) — за наўмыснае забойства.

Гэтым разам мужчыну судзілі за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Такі нагляд у адносінах да яго на тэрмін 6 месяцаў напрыканцы мінулага года быў устаноўлены судом. Што прадугледжвала пэўныя абмежаванні: паведамляць у міліцыю пра перамену месца жыхарства; не пакідаць жыллё з 19:00 да 6:00 наступнага дня (акрамя як па працы); выязджаць за межы раёна па службовых і асабістых справах толькі са згоды міліцыі; не выязджаць за межы Беларусі; для рэгістрацыі з’яўляцца ў аддзел унутраных спраў райвыканкама раз на месяц — у першы рабочы панядзелак, з 9:00 да 17:30; не наведваць аб’екты гандлю і грамадскага харчавання з мэтай набыцця спіртнога.

Прэвентыўны нагляд быў устаноўлены 31 снежня мінулага года, а ўжо праз тры дні зафіксавана яго парушэнне: у першы рабочы панядзелак студзеня мужчына не з’явіўся ў міліцыю для рэгістрацыі. Казаў, што забыўся. Тады яму прызначылі трое сутак адміні­страцыйнага арышту.

 

 

15 студзеня — новае парушэнне. Жыхар Гарадзішча неадэкватна паводзіў сябе на ферме “Сваткі”: крычаў, мацюгаўся, пашкодзіў чужы
аўтамабіль. Да таго ж, здарылася гэта прыкладна ў 20:30 — у час, калі павінен быў знаходзіцца дома. Гэта засведчыў супрацоўнік мілі­цыі, які выбываў на выклік. Так што да дробнага хуліганства дадалося яшчэ і невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

7 лютага (першы панядзелак месяца) жыхар Гарадзішча зноў не з’явіўся ў міліцыю для рэгістрацыі. Прычына? Паводле слоў яго самога, забыўся. Гэтым разам мужчыну прызначылі сем сутак адміністрацыйнага арышту. І папярэдзілі: варта яшчэ раз “забыцца” — і наступіць крымінальная адказнасць.

Але што б вы думалі? У першы рабочы панядзелак сака­віка ў райаддзеле ўнутраных спраў райвыканкама жыхара Гарадзішча таксама і не дачакаліся. Такім чынам, за тры месяцы ён не з’явіўся ні на адну абавязковую рэгістрацыю. Вынік — прыцягненне да крымінальнай адказнасці і суд.

Падсудны пацвердзіў, што неаднаразова папярэджаны пра адказнасць за невыкананне патрабаванняў прэвен­тыўнага нагляду. Каяўся, што іх парушыў. Казаў, што не меў аб’ектыўных прычын не з’явіцца на рэгістрацыю. Чаму ж зноў так здарылася? “Забыўся”, — быў адказ.

Па месцы жыхарства падсудны характарызаваўся адмоўна, спроб працаўладкавацца не рабіў. Паводле заключэння эксперта, ён хворы на алкагалізм. Суд улічыў і тое, што мужчына не аднойчы здзяйсняў злачынствы, і тое, што раскайваецца. У выніку прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 11 месяцаў з накіраваннем у папраўчую калонію строгага рэжыму. Там мужчыну будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Паводле матэрыялаў пракуратуры раёна падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com