Жыццё ў працы, у згодзе і ладзе

193

p1170134

НЕ думалі і не гадалі Ляшкевічы, што жыццёвая сцяжынка прывядзе іх на Мя­дзельшчыну, што Нарачанская зямля стане для іх роднай. Але так склаліся абставіны, што Вольга Фёдараўна і Ула­дзі­мір Васільевіч вымушаны былі пакінуць свой Чачэрск і шукаць новае месца жыхарства. Галоўная прычына таму — аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

— У Чачэрску ў нас застаўся вялікі і прасторны дом, — кажа гаспадыня. — Вось паглядзіце фотаздымкі. Шкада яго. Але і тут мы ўжо прывыклі. Тым больш, што ўсё зроблена сваімі рукамі. Ула­дзімір у мяне вельмі гаспадарлівы. У яго залатыя рукі — усё ўмее рабіць…

— А як трапілі менавіта на Мядзельшчыну?

— Тут, у Занарачы, жыла мая старэйшая сястра Таіса Хільман. Мы прыяз­джалі да яе ў госці. Мясцовасць гэта нам спадабалася: побач лес, возера. І калі пакідалі Чачэрск, вырашылі ехаць сюды, — расказвае Уладзімір Васільевіч. — Праўда, не ўсё гладка атрымлівалася.  Мы былі пенсійнага ўзросту. Звярнуўся да тагачаснага старшыні мясцовай гаспадаркі Антона Аляксеевіча Стомы, маўляў, згодны працаваць у калгасе, але каб жыллё якое-небудзь. На жаль, свабоднага дома не было. Але старшыня па­раіў: будуйцеся, будзем дапамагаць. Нам выдзелілі ўчастак пад забудову. Мясцовыя людзі гаварылі, што тут зямля кепская, нічога расці не будзе. Але мы разважалі так: калі прыкласці рукі і душу, то ўсё вырасце. Вось бачыце, і сад вырас, і агарод маем.

З далейшай размовы даведаўся, што купілі Ляшкевічы ў вёсцы Памошша хату, перавезлі ў Занарач і распачалі будоўлю.

— Самі жылі ў палатцы. Было добра і зручна. Ці раней распачаць справы, ці пазней затрымацца — будоўля побач. Так у 1992 годзе сталі жыхарамі Занарачы, — уступае ў размову Вольга Фёдараўна. — Амаль усё Уладзімір зрабіў сваімі рукамі. Ён і муляр, і цясляр, сталяр і слесар.

— Адкуль такія навыкі, дзе набылі веды? — цікаўлюся.

— Мой тата быў майстар на ўсе рукі. Таму, напэўна, гэта спадчыннае. А вось разьбу па дрэве асвоіў самастойна. Раней усё рабіў уручную. Потым набыў электралобзік. Значна лягчэй упраўляцца стала, — адказвае У. В. Ляшкевіч.

Глядзіш на дом і дзіву даешся, колькі ўмення і старання патрэбна было прыкласці, каб зараз усё выглядала так прыгожа і захапляюча. Распісныя аканіцы, ветраніцы, ганак, брама і веснічкі. А ўзяць звычайную паветку, лазню ці хлеў. Гэтыя пабудовы таксама ўпрыгожаны клапатлівымі рукамі гаспадара. Шмат цікавых рэчаў зроблена і з пластыкавых бутэлек. А вось напярэдадні Новага года пабудаваў гаспадар альтанку.

— Няхай будзе. Добра вось прысесці, адпачыць, — усміхаецца ён.

— Хто вы па спецыяльнасці, дзе працавалі? — цікаўлюся ва Уладзіміра Ва­сільевіча.

— Так склалася, што ў жыцці асвоіў шмат прафесій. Нарадзіўся і вырас у вёсцы непадалёку ад Чачэрска. Службу праходзіў на Чарнаморскім флоце ў Севастопалі. Потым працаваў участковым інспектарам у міліцыі. Але гэта служба не па мне. Звольніўся. Уладкаваўся на пасаду загадчыка гаспадаркі Чачэрскай раённай бальніцы. З часам перайшоў у ваенізаваную пажарную ахову. Даслужыўся да пасады начальніка каравула, — гаворыць У. В. Ляшкевіч. — А пераехалі ў Занарач — таксама без справы не застаўся. Спачатку хапала клопатаў на будоўлі. А потым тагачасны старшыня Занарацкага сельвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Жыхар папрасіў па­працаваць малаказборшчыкам. Дзе тут адмовіш, калі людзі просяць. Тым больш, што за мной замацавалі каня. Ён у вёсцы вельмі патрэбны, калі трымаеш уласную гаспадарку. А яна ў нас была ладная: тры каровы, свінні, куры. Гэта зараз толькі козы — няма сілы трымаць кароў, як ні кажыце, больш васьмідзесяці гадоў маю. Ёсць свой трактарчык, плугі, бароны, касілка, прычэп. Дванаццаць гадоў адпрацаваў вартаўніком у Занарацкай школе…

— А гаспадыня кім завіхалася?

— У мяне працоўнага стажу таксама многа, — усміхаецца Вольга Фёдараўна. — Лічыце самі: дваццаць з палавінай гадоў была краўцом, сямнаццаць — працавала ў дзіцячым садку,  сем — тэхнічкай у школе і вось ужо чатыры гады прыбіральшчыца ў сельвыканкаме. Без працы не магу ні я, ні ён. Калі чалавек працуе, штосьці робіць карыснае, то і жыве ён шчаслівей і даўжэй.

Паважаюць Ляшкевічаў у Занарачы за іх душэўнасць і адкрытасць, працавітасць і дабрыню. Яны гатовы ў любую мінуту прыйсці на дапамогу іншым.

— Так, тут прыгожая прырода. А што яшчэ вас зачаравала ў Занарачы?

— Шчырыя, добразычлівыя людзі. Мы, як кажуць, наезджыя. Але ніхто нас гэтым не папракнуў, наадварот, многія гатовы падста­віць сваё плячо. Так Бог даў, што ў нас цудоўныя суседзі: Віктар і Аксана Грыбоўскія, Валерый і Ала Кот, — адказвае гаспадыня.

— І ўвогуле ў Занарачы жыве шмат добрых, працавітых людзей. Таму мы не адчуваем сябе тут чужымі, — дадае гаспадар.

— Ці многа гадоў вы крочыце поплеч жыццёвай сцяжынкай? — цікаўлюся.

— 3 студзеня 1959 года распісаліся, а 19 — на Вадохрышча, згулялі вяселле. Вось і лічыце — 53 гады. Калі Бог дасць, можа дацягнем да 60. Не маладыя мы: ён з 1930 года, я з 1937, — адказвае Вольга Фёдараўна.

— Падзяліцеся сакрэтам сямейнага доўгажыхарства.

— Сям’ю стваралі, моцна пакахаўшы адзін аднаго. І заўсёды разам. Патрэбна ўмець слухаць і чуць адзін аднаго, саступаць адзін аднаму. У нас усё папалам. Ён радуецца — і ў мяне на душы светла, ён сумуе — мне таксама маркотна. Галоўнае, цаніць і паважаць сваю палавінку, а астатняе ўсё прыкладзецца, — адказвае В. Ф. Ляшкевіч.

— У цэлым жыццё наша прайшло недарэмна. Вырасцілі двух сыноў і дзвюх дачок. Яны атрымалі неабходную адукацыю, маюць свае сем’і. Старэйшы сын Віктар — інжынер-механік на заводзе ў Брэсце, дачка Лена жыве ў Мінску і працуе на заводзе, Уладзімір — інжынер-механік у тралейбусным парку ў Брэсце, самая малодшая Галіна таксама жыве ў Брэсце і працуе цырульнікам у салоне прыгажосці. Маем пяць унучак і двух унукаў. Адна ўнучка летась выйшла замуж. Калі Бог дасць, то дачакаемся і праўнукаў, — дадае Уладзімір Васільевіч. — Гэта працяг нашага роду.

Летам, калі да бацькаў прыязджаюць дзеці з унукамі, хата Ляшкевічаў напаўняецца радасцю, гоманам, шчаслівым смехам. Радуюцца за іх і вяскоўцы, маўляў, паглядзіце, якая дружная і вялікая сям’я.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: Уладзімір Васільевіч і Вольга Фёдараўна Ляшкевічы.

Фота Таццяны Несцярэнка.