Жыццё па прынцыпу веры

95

Жыццё па прынцыпу верыШТО толькі чалавек не робіць ў пошуках шчасця: мяняе работу, сям’ю, месца жыхарства… Здаецца — вось, нарэшце гэта тое, чаго хацелася! Але праходзіць час, і задавальненне ператвараецца ў чарговае расчараванне.

Мой суразмоўца — благачынны цэркваў Мядзельскай акругі, протаіерэй Ігар Шалуха сваё шчасце ўжо даўно знайшоў. Для яго гэта — служэнне Богу і людзям. І вось ужо чатырнаццаты год, як ён святар. А пачалося ўсё з ўзвя¬дзення храма ў Вілейцы. Як расказвае айцец Ігар, прыйшла думка: трэба пабудаваць царкву ў горадзе. Тады ён займаўся бізнэсам, грошы нейкія былі і вырашыў: хто, калі не я? За тры гады ўдалося ўзвесці царкву. Трэба сказаць, што гэта быў час, калі грымнула інфляцыя. Грошай не хапала, даводзілася звяртацца да сяброў, знаёмых, ездзіць збіраць ахвяры па вёсках. Але справу трэба было давесці да канца, і віляйчане ўрэшце дачакаліся дня, калі над горадам зазвінелі званы новага храма. У выніку прадпрымальнік Ігар Шалуха ад Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Алексія ІІ атрымаў ордэн прэпадобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені. А ў хуткім часе Мітрапаліт Філарэт прапанаваў яму рукапалажэнне ў сан святара.

Родныя, блізкія знаёмыя моцна і не здзівіліся, калі даведаліся пра згоду Ігара Шалухі стаць святаром. Дзіўным гэта было для іншых. Мяркуйце самі. Пасля школы айцец Ігар паступіў у Белдзяржуніверсітэт на фізфак. Там пайшоў на ваенную кафедру і пасля два гады ў званні афіцэра служыў у дэсантна-штурмавой брыгадзе. Вярнуўшыся дадому, стаў працаваць у Вілейскім РАУС, дзе адслужыў шэсць год капітанам. Была перспектыва кар’ернага росту, але вырашыў займацца сваёй справай і адкрыў бізнэс. Напэўна, людзі думаюць, што святарамі становяцца не так. Але для айца Ігара ўсё было лагічным. Паломніцтвы разам з жонкай і дзецьмі па манастырах, цікавасць да духоўнай літаратуры, думка пра царкву і яе будаўніцтва — гэта фарміравала і ўмацоўвала жаданне будаваць сваё жыццё па прынцыпу хрысціянскай веры. “Гэта ўсё воля Божая”, — кажа святар.

Першым месцам службы айца Ігара стаў прыход у вёсцы Любань, што на Вілейшчыне. Пачынаць давялося зноў з будаўніцтва храма, які быў асвечаны праз тры гады — у 2003. Паралельна з будаўніцтвам арганізаваў падсобную сельскую гаспадарку. Ідэя яе стварэння прыйшла пасля таго, як пачалі звяртацца за дапамогай беспрацоўныя, людзі пасля гадоў зняволення. Каб даваць не проста грошы, а магчымасць зарабіць, задуму рэалізавалі наступным чынам: папрасілі ў мясцовай улады 9 гектараў зямлі, а самі ўжо пабудавалі некалькі цяпліц, набылі чатырох кароў, каня…

Улічваючы арганізатарскія здольнасці, вопыт у будаўніцтве, уменне працаваць з людзьмі, айца Ігара назначылі Благачынным цэркваў Мядзельскай акругі і далі Свята-Троіцкі прыход у Мядзеле. Гараджане ведаюць, што на той час пасля смерці айца Адама (Ліпскага) прыход застаўся без святара, а на Баклаёўскай гары ўзвышаліся сцены недабудаванай царквы.

Першыя два гады айцец Ігар працаваў на два прыходы і ездзіў сюды з Любані. Але потым, вырашыўшы жыллёвае пытанне, пераехаў у Мядзел. Царква была дабудавана. Сюды ж перанёс і вопыт сельскагаспадарчай дзейнасці. Прыход заснаваў прыватнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “ДарАгра”, займеў 14 гектараў зямлі каля Брусоў, дзе вырошчваецца бульба, капуста, морква. Прадукцыя добра рэалізоўваецца. Больш за тое, ёсць магчымасць аказваць дабрачынную дапамогу тым, каму гэта патрэбна.

Дзейнасць святара была адзначана на самым высокім узроўні. У 2006 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Урачысты момант, калі Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароду, быў прыемным і радасным. Гэта сведчанне таго, што дзяржава ўдзяляе ўвагу Царкве і гэтым падтрымлівае яе. У гэтым жа годзе адбылася яшчэ адна значная падзея — айцец Ігар быў узведзены ў сан протаіерэя.

Для святара ўсе справы важныя: і пастырскае служэнне, і гаспадарчыя клопаты. Як з усім спраўляцца? Айцец Ігар разважае так: “Трэба глядзець, як Бог накіроўвае. Паставіў Бог будаваць — будуй. Не ладзіцца будоўля — займайся людзьмі. Даў Бог хваробу — ляжы, хварэй. Прыйшоў чалавек з патрэбай — дапамажы”. А яшчэ прытрымліваецца ісціны, што чалавек павінен у поце твару здабываць хлеб штодзённы, і таму імкнецца свой хлеб не есці дарма.

На думку айца Ігара, зараз вельмі спрыяльны час для Царквы, для духоўнага жыцця. Няма ганенняў, прыцясненняў, вайны, голаду. Але многія людзі ў секулярызаваным свеце свабоду ўспрымаюць як уседазволенасць. У пошуках задавальнення сваіх матэрыяльных патрэб чалавек аддаляецца ад спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцей: будучы пахрышчаным (а такіх у нас большасць), не нясе на сабе аніякай адказнасці за гэта. Самае каштоўнае для чалавека — сям’я — перастае такім быць. А на самай справе дзіця можа быць шчаслівым толькі ў сям’і, гэтак жа, як і стары. Ніякія грошы, прызнанне і слава не заменяць любоў і цяпло блізкіх і родных. Найперш гэтаму трэба вучыць з маленства: як быць добрым сем’янінам. Усё астатняе — потым. Гэта першарадная праблема, якую бачыць святар у сваёй дзейнасці. Каб не было, напрыклад, наступнай нелагічнасці: дзяржава ўкладвае значныя сродкі на бальніцы, перынатальныя цэнтры, і ў той жа час аборты ў нас узаконеныя і робяцца за дзяржаўныя грошы.

Адказваючы на духоўныя запатрабаванні часу, для прывіцця і распаўсюджвання хрысціянскіх каштоўнасцей у 2007 годзе пры прыходзе айцец Ігар з падтрымкай райвыканкама адкрыў духоўна-асветніцкі цэнтр “Гармонія”. Пры ім працуе бібліятэка, у якой сабрана шмат кніг, відэафільмаў на любы густ для дзяцей і дарослых. Марыць айцец Ігар і пра тое, каб у школах выкладаўся прадмет “Сям’я”, а пакуль прымае запрашэнні настаўнікаў і з задавальненнем прыходзіць на класныя гадзіны, на бацькоўскія сходы.

Немагчыма даць чалавеку веру, але веды пра яе трэба даць абавязкова. Рана ці позна кожны хрысціянін пераступіць парог храма, і лепш, каб гэта было не ад гора, а ад радасці і ўдзячнасці.

Іна ЯРЧАК.