Згодна з каляндарным планам

117

Згодна з каляндарным планамЗ кожным днём  набліжаецца да нас дата выбараў  дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання.  Як вядзецца на Мядзельшчыне падрыхтоўка да гэтай важнай палітычнай кампаніі? Якія этапы выбарчага марафону ўжо пройдзены? Пра гэта — прапанаваная ніжэй гутарка з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццянай ХАЦЯНОВІЧ:

— Уся работа, якая датычыць выбарчай кампаніі, вядзецца ў раёне ў адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання, зацверджаным Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 15 лістапада 2017 года № 32.
— Што канкрэтна ўжо зроблена?
— З 22 лістапада мінулага года працуюць Мядзельская раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ў складзе 13 чалавек, 9 сельскіх выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання (63 чалавекі). А з 6 снежня 2017 года — акружная выбарчая камісія Мядзельскай выбарчай акругі №1 па выбарах дэпутата ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. У яе складзе — 11 чалавек. Да 14 снежня 2017 года ўключна ў выбарчыя камісіі прадстаўляліся дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Усяго зарэгістравана 110 ініцыятыўных груп. У тым ліку па вылучэнні кандыдатаў у Мінскі абласны Савет дэпутатаў — 2, у раённы Савет дэпутатаў — 16, і ў сельскія Саветы дэпутатаў — 92. З 10 снежня 2017 па 8 студзеня бягучага года праводзілася вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў.
— Колькі кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана?
— У сельскія Саветы дэпутатаў зарэгістравана 109 кандыдатаў, у Мядзельскі раённы Савет дэпутатаў — 28 і па 2 у Мінскі абласны Савет дэпутатаў: па Мядзельскай выбарчай акрузе №1 і па Вілейскай сельскай выбарчай акрузе №2.
— Наколькі ведаю, ужо створаны ўчасткі для галасавання, працуюць і ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.
— Так. Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 15 снежня 2017 года № 1290 у раёне створана 25 участкаў для галасавання. У пачатку студзеня было сфарміравана адпаведна 25 участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання. Дарэчы, пачынаючы з 2 лютага гэтага года, наладжана дзяжурства членаў участковых выбарчых камісій: з панядзелка па пятніцу — з 17 да 19 гадзін, а ў суботу — з 12 да 14 гадзін. Выбаршчыкі, якія жадаюць удакладніць, ці ўнесены яны ў спісы для галасавання, могуць гэта зрабіць у вызначаны для работы камісій час.
— Напэўна, выбарчымі камісіямі ўжо праводзіцца акрэдытацыя назіральнікаў, якія будуць ажыццяўляць кантроль за ходам выбарчай кампаніі ў раёне?
— Па стане на 5 лютага выбарчымі камісіямі акрэдытавана 85 назіральнікаў. У тым ліку 11 — ад грамадзян шляхам падачы заявы, астатнія — ад раённых арганізацыйных структур: 70 — ад грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў, 4 — ад Камуністычнай партыі Беларусі.
— Якія чарговыя этапы выбарчай кампаніі чакаюць нас у бліжэйшы час?
— Цяпер і да 17 лютага ўключна праводзіцца перадвыбарная агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты. А з 13 лютага пачынаецца датэрміновае галасаванне, якое прадоўжыцца па 17 лютага ўключна. Участковыя выбарчыя камісіі ў гэты перыяд будуць працаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Згодна з дзеючым заканадаўствам выкарыстаць такое права могуць усе жадаючыя, якія ў дзень выбараў пазбаўлены магчымасці прыйсці на ўчастак для галасавання. Прычым пацвярджаць прычыны гэтага не патрабуецца. Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць усіх выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі для галасавання ці датэрмінова, ці ў дзень выбараў — 18 лютага, каб зрабіць выбар.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.