Жаночы падыход у нежаночай справе

125

Жаночы падыход у нежаночай справеЖАНЧЫН са зброяй, у прыватнасці, з пісталетам, часцей даводзіцца бачыць па тэлевізары. Смелыя, прыгожыя, з яркімі рысамі твару, яны спрытна ўпраўляюцца з “Макаравым”, прымушаючы злачынцаў здацца. Лейтэнант міліцыі Надзея Сідаровіч на сустрэчу да мяне зазірнула таксама з пісталетам. Не ведаю, наколькі дасканала яна ім валодае (але ж зброю непадрыхтаваным не даюць!), у астатнім жа дзяўчына цалкам адпавядае вобразу з кінастужкі: прыгожая бландзінка, сур’ёзная і мэтанакіраваная.
— Ці даводзілася выкарыстоўваць зброю па прызначэнні? — цікаўлюся.
— Дзякуй Богу, не, — адказвае Надзея і дадае: — Няхай і надалей не здараецца такіх сітуацый, дзе яна спатрэбіцца.
— А фільмы з сюжэтамі, дзе ловяць злачынцаў, падабаюцца?
— Асабліва няма часу іх глядзець, але калі выпадае свабодны вечар, то магу зацікавіцца і тэлевізійнай крымінальнай гісторыяй, параўнаць яе з рэальнай. Дарэчы, прывабны вобраз міліцыянера склаўся ў мяне яшчэ ў дзяцінстве якраз па кінастужках, што і паўплывала ў значнай меры на выбар прафесіі. І сярод родных міліцыянер быў — стрыечны дзядуля, на жаль, ён загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.
— Гэта вас не спыніла?
— Не. Мне падабалася справа, якой ён займаўся. Толькі вось мой шлях у праваахоўныя органы не быў простым. У Акадэмію МУС пасля школы паступіць не ўдалося, таму пайшла ў гандлёва-эканамічны каледж на юрыста. Пасля яго заканчэння ўладкавалася ў сацыяльна-педагагічны цэнтр у Мядзеле, дзе адпрацавала два гады. Па прафесійных абавязках даводзілася мець справу з аддзелам унутраных спраў. А калі ў інспекцыі па справах непаўналетніх вызвалілася пасада, пайшла туды. Спачатку працавала грамадзянскім работнікам, а праз паўгода прайшла атэстацыю і стала ўчастковым інспектарам інспекцыі.
— З чым даводзіцца сутыкацца на службе?
— У асноўным гэта неблаганадзейныя сем’і, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзе бацькі злоўжываюць спіртнымі напоямі, а таксама цяжкія падлеткі, якія ўчыняюць правапарушэнні.
— Чым часцей за ўсё “грашаць” дзеці?
— Біч нашых падлеткаў — п’янства.
— Вы амаль пяць гадоў у прафесіі. Напэўна, бачылі рознае. Гэта прытупляе эмоцыі?
— Спачатку было складана. Адна з першых сітуацый, калі забіралі дзіця з неблаганадзейнай сям’і, і цяпер стаіць перад вачамі: бацька кідаўся на нас з нажамі, бензапілой. Было нават страшна. Таму мяне ўжо мала што можа здзівіць. Але сказаць, што гляджу на ўсё раўнадушна, таксама нельга. Прыходжу дадому і пракручваю сітуацыі па некалькі разоў, ды і тэлефон не змаўкае ні днём, ні ноччу. Усё ж такі праца — эмацыянальна складаная.
— Часцей даводзіцца шкадаваць дзяцей ці наадварот?
— Розныя бываюць сітуацыі. Нехта па глупстве трапляе ў поле зроку міліцыі — такіх шкада. Сустракаюцца і тыя, хто паводзіць сябе з выклікам і нахабна. Але да адказнасці прыцягваем усіх.
— Ці шмат у вас “падапечных”?
— 70 выхаванцаў Крывіцкага спецвучылішча закрытага тыпу, якія стаяць у мяне на ўліку, і пяцёра мясцовых. Таксама ў мой участак уваходзяць тэрыторыі Сваткаўскага, Княгінінскага, Крывіцкага, Будслаўскага і Слабадскога сельсаветаў.
— Што б параілі дзяўчатам, якія мараць насіць форму міліцыянера?
— Калі з’явілася мара, трэба яе дасягаць. Я не шкадую пра свой выбар. Так, часам цяжка, служыць даводзіцца на роўных з мужчынамі, заўсёды трэба быць на сувязі, начныя выклікі здараюцца. Але, разам з тым, праца цікавая.
Дарэчы, мара Надзеі Сідаровіч паступіць у Акадэмію МУС таксама ажыццявілася. Зараз яна вучыцца завочна на трэцім курсе навучальнай установы. Таму пра “ставіць мэты і дасягаць іх” Надзея кажа з веданнем справы.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.