Здабыткі сямейнага экіпажа

81

Здабыткі сямейнага экіпажаПАДЧАС жніва на палетках УП “Княгінін-Агра” не раз даводзілася сустракацца з сямейным экіпажам Колбунаў. Не першы год працуюць поруч на камбайне “КЗС-10” Аляксандр і Таццяна. І атрымліваюць нядрэнныя вынікі. Вось і сёлета папрацавалі шчыра, з поўнай аддачай. На працягу сезона знаходзіліся ў лідэрах і па выніках жніва патрапілі ў прызёры раённага спаборніцтва камбайнераў. 755 тон намалоту (у разліку на ўмоўны камбайн) на рахунку гэтага сямейнага экіпажа.

— Такі ўдалы сезон для нас ужо не першы, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч.

— Неаднаразова дасягалі поспехаў у хлебаробскім саперніцтве. Сёлета, праўда, ураджайнасць у гаспадарцы не вельмі парадавала. Паўплывалі ў многім аб’ектыўныя прычыны: азімыя не выйшлі як след з зімы. Тым не менш, давялося папрацаваць у полі як след, каб у тэрмін і без страт убраць збажыну. “КЗС-10” хоць і не новы, вытрымаў напружаны рытм жніва. Ды яно ж вядома: як падрыхтуеш тэхніку, так і паедзеш!І мой верны спадарожнік па жыцці і працы Таццяна Казіміраўна была побач, дапамагала несці, вобразна кажучы, нялёгкі груз уборкі. Дарэчы, працуе яна заўсёды на жніве ў час свайго водпуску. Сезон, можна сказаць завершаны. Праўда, тры нашы камбайны паспелі папрацаваць на палетках акцыянернага таварыства “Мядзелаграсэрвіс”. У тым ліку і я на сваім “КЗР-10”. Але і цяпер адпачываць няма калі. Яшчэ ў полі чакае грэчка, дзесьці гектараў 30. Але там упраўлюся ўжо без сваёй гаспадыні. Для жанчыны, як вядома, і дома клопатаў хоць адбаўляй. Ды і на “афіцыйную” працу хадзіць трэба.

За А. М. Колбунам замацаваны таксама трактар “МТЗ-82”. Таксама не новы, дзесяць год ужо эксплуатуецца. На ім у міжсезонне выконвае самыя розныя работы ў гаспадарцы. А прыйдзе вясна — зноў шчыруе з плугам ці сеялкай.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: сямейны экіпаж УП “Княгінін-Агра”ў складзе Аляксандра і Таццяны Калбун — прызёр раённага спаборніцтва камбайнераў.

Фота Аляксандра Высоцкага.